Ніва № 51 (2380), 23 снежня 2001 г.

Беларуская дзяржаўнасць і гістарыяграфія

Яўген МІРАНОВІЧ

Пабываючы ў канцы лістапада ў Магілёве на канферэнцыі, прысвечанай перыядызацыі гісторыі Беларусі, у выступленнях большасці калег з Рэспублікі Беларусь пачуў я тэзіс, што да падзелаў Рэчы Паспалітай беларусы жылі ў сваёй дзяржаве. Паўстанне Касцюшкі, лістападаўскае і студзеньскае паўстанні ўлічвалі яны да беларускай ваеннай традыцыі. Раней савецкая гістарыяграфія даказвала, што працоўны люд Беларусі гадамі чакаў вызвалення Расіяй ад польска-каталіцкага прыгнёту. У канцы XVIII стагоддзя прыйшла расійская армія і прынесла доўгачаканую свабоду.

Яшчэ больш песімістычна выглядае мінуўшчына Беларусі ў школьных падручніках, на якіх выхоўваліся пакаленні беларусаў. Палітычная гісторыя ў іх звычайна пачынаецца раздзеламі: „Древнерусское государство”, „Старажытная Русь” ці як, напрыклад, у падручніку ад 1998 г. пад рэдакцыяй Яўгенія Новікава і Генадзя Марцуля: „Старажытная дзяржава (Кіеўская Русь) — агульнафеадальная дзяржава ўсходніх славян”. Ад гэтай гістарычнай літаратуры ў маладога чалавека можа скласціся ўражанне, што на тэрыторыі Беларусі ў раннім сярэднявеччы не ўзнікла свая дзяржаўная традыцыя, а Полацкая дзяржава была толькі адной з састаўных частак ўсходнеславянскай супольнасці пад назвай Кіеўскай Русі.

З вялікай колькасці атрыкулаў у перыядычных выданнях як беларускіх, так і расійскіх гісторыкаў можна зарыентавацца, што прынамсі частка аўтараў свядомая таго, што ніколі не было дзяржавы, якая называлася „Кіеўская Русь”. Быў толькі Рускі каганат. Кіеўскія князі, пераняўшы дзяржаўныя традыцыі ад цюркскіх хазараў, прысвоілі сабе таксама іх званне — каганаў. Полацкая дзяржава нават у час найбольшай магутнасці Каганату, пры панаванні Яраслава Мудрага, не была яго часткай. У Полацку існавала свая дынастыя, што ў сярэднявечнай Еўропе было галоўным паказчыкам незалежнасці краіны. Дык невядома чаму некаторыя беларускія гісторыкі з мазахістычнай упартасцю пішуць пра супольную дзяржаву ўсіх усходніх славян. Раней, зразумела, патрабавалі гэтага ўлады для апраўдання палітычных інтарэсаў Савецкага Саюза, цяпер мінуўшчыну хочуць так бачыць розныя інтэгратары. Дзе тут праўда?

Тыя калегі, якім не падабаецца савецкая традыцыя, ахвотна ўцякаюць у міфалогію беларускасці Вялікага княства Літоўскага. Хаця гэтая дзяржава ўзнікла на базе беларускай эканомікі, культуры і заканадаўства, стала яна ўласнасцю літоўскай дынастыі. Беларуская феадальная эліта, якая ўдзельнічала ў палітычным жыцці ВКЛ, адыгрывала другарадную ролю. Княства вяло згодную з інтарэсамі літоўскага этнасу палітыку. Літоўцы адмовіліся хрысціцца ў „рускай веры”, бо гэта пагражала б ім заняпадам уласнай культурнай адметнасці. Літоўскія князі прынялі каталіцызм і заключылі саюз з Польшчай, абяцалі палякам вызначаць на дзяржаўныя пасты толькі католікаў. Свядома супрацьставілі яны інтарэсы каталіцка-літоўскай феадальнай меншасці інтарэсам беларуска-праваслаўнай феадальнай большасці, так шырока адкрылі вароты для экспансіі каталіцызму і польскай культуры, што неўзабаве самі патрацілі сваю культурную адметнасць. Дамінуючая ў Вялікім княстве Літоўскім беларуская культура ад ХVI стагоддзя пастаянна спіхалася ў напрамку фальклору, яе месца займала лацінска-польская культура.

Пасля Люблінскай уніі і ўтварэння Рэчы Паспалітай працэс асіміляцыі беларускіх элітаў у польскай культуры пайшоў надта хутка. За два стагоддзі беларускія феадалы сталі патрыятычна настроенай шляхтай Рэчы Паспалітай, людзьмі польскай культуры і найчасцей каталіцкага веравызнання. Думалі яны амаль такімі ж катэгорыямі як мазавецкая і малапольская шляхта. У час напалеонаўскай вайны 1812 г. шляхта, каб сабраць запасы харчоў для саюзнай арміі, з такім энтузіязмам рушыла рабаваць сваіх сялян, што палова іх падданых памерла ад голаду. Пасля вайны з дазволу цара Аляксандра І віленскі куратар Адам Чартарыскі на працягу некалькіх гадоў стварыў у Беларусі так дасканалую асветную польскую сістэму, якой ніколі не бывала на этнічных польскіх землях. Без падтрымкі мясцовай шляхты рэалізацыя палітыкі Чартарыскага была б зусім немагчымай. Няма ніякіх прадпасылак, каб аспрэчваць факт, што Рэч Паспалітая так у палітычным, як і культурным сэнсе была польскай дзяржавай.

Шматлікія даследчыкі называюць Тадэвуша Касцюшку беларускім генералам, Станіслава Манюшку — беларускім кампазітарам, а Адама Міцкевіча — беларускім паэтам. Усе гэтыя знакамітыя людзі, хаця і былі беларускага паходжання, атаясамлівалі сябе з польскай культурай, свой талент прысвяцілі Польшчы і польскай культуры. Дзякуючы, між іншым, іх працы і творчасці сотні тысяч салдат ішло ў 1919 г. з Пілсудскім на Мінск з глыбокім перакананнем, што ідуць вызваляць польскі горад.

Шляхецкая Рэч Паспалітая асімілявала ў асноўным грамадскія эліты. Шляхту не цікавіла культура сялян, таму вёска асталася запаведнікам някранутым чужымі ўплывамі. Ідэалогія Расійскай імперыі, прапагандаваная асабліва ў другой палове ХІХ стагоддзя, вызначала месца беларусам як аднаму з трох рускіх плямёнаў. Побач велікарусаў (расіян) і маларусаў (украінцаў) рускі народ стваралі заходнерусы (беларусы). Гэтая ідэалогія была даволі прываблівай для беларусаў. Заходнерусізм неўзабаве стаў арганізаваным рухам і моцна паўплываў на мышленне шматлікіх пакаленняў, асабліва людзей праваслаўнага веравызнання. Нават у пачатку ХХІ стагоддзя ўсё яшчэ большасць беларусаў, свядомая сваёй адметнасці ад расіян, не ўяўляе існавання Беларусі без лучнасці з Расіяй. Русіфікацыя на Беларусі ахапіла не толькі эліты, але таксама плебейскія групы грамадства, што надало ёй прыкметы трываласці.

Шанц на нацыянальнае выратаванне дае беларусам толькі свая дзяржава, якая ў сапраўднасці і існуе, але пакуль што не служыць беларускаму народу. Дзяржава — гэта толькі інструмент палітыкі, якім, у выпадку Беларусі, карыстаюцца людзі з заходнерускім менталітэтам. Праўдападабенства, што гэты інструмент будзе ў руках беларусаў, пакуль невялікае, але не нулявое.