Ніва № 51 (2380), 23 снежня 2001 г.

Беларусь заўтра

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

4 студзеня ў Вышэйшай журналісцкай школе імя Мельхіёра Ваньковіча ў Варшаве адбылася сустрэча лідэраў беларускіх маладзёжных арганізацый. Прысутнічалі ў ёй: Таццяна Алесіна ад Рэспубліканскай незалежнай маладзёжнай арганізацыі „Маладая Грамада”, Хрысціна Вітушка ад Задзіночання беларускіх студэнтаў, Алесь Карніенка ад Маладой аб’яднанай грамадзянскай партыі, Уладзімір Кобец ад маладзёжнага руху „Зубр” і Віктар Прастакоў ад Маладога фронту. Шматлікая аўдыторыя цесна запоўніла тамашнюю канферэнц-залу, а асабліва радавала тое, што госці і большасць слухачоў карысталіся бездакорнай беларускай літаратурнай мовай.

Сустрэча ладзілася пад лозунгам „Беларусь заўтра”, а разглядаліся на ёй перспектывы Беларусі пасля нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў. Спачатку лідэры пазнаёмілі прысутных з дзейнасцю сваіх арганізацый, асабліва ў выбарчы перыяд. Варта прывесці некаторыя расказаныя імі факты, бо ж у нашых СМІ абставіны таго часу ў Беларусі паказваліся даволі агульна.

Перад выбарамі Аляксандр Лукашэнка наведаў Полацкі універсітэт. Перад візітам працаўнікі навуковай установы атрымалі загад апрануць гальштукі, а працаўніцы — панчохі. Калі нехта спытаў, ці можна прыйсці ў калготках, пачуў у адказ, што нельга. Аляксандра Лукашэнку студэнты, выстраеныя ўздож лесвіцы, прывіталі цішынёю. Тое ж самае было і пасля ягонай прамовы. У такой сітуацыі працаўнікі тэхнічнай абслугі ўключылі фанаграму апладысментаў. Гэткая знявага дыктатару не магла астацца без паслядоўнасцей: паляцеў міністр адукацыі і шматлікія рэктары, а Задзіночанне беларускіх студэнтаў — ліквідавана. Апошняе рашэнне міністэрства юстыцыі апраўдвала „агульна прынятым звычаем”.

3 ліпеня Лукашэнка ездзіў у цэнтры Мінска на лыжах. У сумежны час маладыя людзі арганізавалі ганенні асобеняў у вусатых масках асобенямі ў белых халатах. Неўзабаве выйшаў Лукашэнкаў дэкрэт забараняючы насіць маскі...

У верасні ўсім студэнтам была створана і рэкамендавана магчымасць датэрміновага галасавання. На час выбараў студэнты былі вызвалены ад аплат за праезд па Беларусі, пражываючых у інтэрнатах асвядомлена аб пагрозе высялення, а платным абяцалі скасаваць аплату за вучобу. Такім чынам атамізавалася рашуча настроеная моладзь, а заадно і хаваліся вынікі яе датэрміновага галасавання.

Адзін з прысутных расійскамоўных гледачоў заявіў, што не трэба верыць лічбам, а розныя апытанні з’яўляюцца спробай маніпуляцыі. Гэтая заўвага кранала прыведзеныя раней даныя, што супраць Лукашэнкі галасавала за 60% выбаршчыкаў, якім менш за 25 гадоў і за 50% выбаршчыкаў узростам 26-35 гадоў, а найбольшую падтрымку атрымаў ён ад пенсіянераў і калгаснікаў. Паводле яго, за Лукашэнку прагаласавала 52% выбаршчыкаў, а ўсе апошнія лічбы з’яўляюцца фальсіфікацыяй. Далей ён абнародаваў, што Беларусь з’яўляецца месцам змагання Расіі і ЗША, а апазіцыя большую надзею ўскладае на Захад, чым на ўласны народ. Чаму, спытаў ён, апазіцыя не верыць уласнаму народу?

Лічбам не трэба верыць, рэплікавалі лідэры маладзёжных арганізацый, бо яны залежаць ад тых, хто заказвае апытанні. Былі, напрыклад, і такія прагнозы, якія давалі Лукашэнку 80% галасоў, а апазіцыі — толькі 2%. Чаму апазіцыю не слухае народ, а Лукашэнку слухае? Чаму яму вераць, што ліквідаваў крыміналістаў, а не цікавяцца, дзе прапалі Ганчар ці Захаранка? Лічбам не трэба верыць, толькі думаць пра другое. Каб пераканаць беларусаў, што апазіцыя, гэта частка народа, гэта альтэрнатыва, якая можа змяніць Беларусь і ўзяць за яе адказнасць. 9 верасня апазіцыя арганізавала ў цэнтры Мінска мітынг, а на яго ніхто амаль не прыйшоў. І тут таксама ўзнікае пытанне: чаму людзі, якія прагаласавалі супраць Лукашэнкі, не прыйшлі на той мітынг? А адказ просты: людзі не паверылі, што апазіцыя кансалідавалася, што можа ўзяць адказнасць за кожнага грамадзяніна. У Мінску апазіцыя, паводле афіцыйных даных, атрымала больш за 50% падтрымкі. Падобна было і ў большых гарадах. А ў меншыя мясцовасці апазіцыя не дайшла. Не дабілася ўвагі мясцовых аўтарытэтаў, не прысвяціла ўвагі мясцовым канкрэтным праблемам. Дыялог з уладай, якая рэпрэсіруе сваё грамадства, з’яўляецца сёння бесперспектыўным, бо ўсе такія ранейшыя спробы правальваліся. На згаданы мітынг людзі не прыйшлі, бо яны не галасавалі за Ганчарыкам, — бо хто ён такі? — а галасавалі супраць Лукашэнкі. І ўсе былі свядомыя, што галасаванне непразрыстае, а выхад на вуліцу нічога не зменіць.

Два тыдні пасля выбараў у Гомелі ў амаль тысячамеснай зале адбыўся маладзёжны мітынг. Удзельнікі пачулі матыў вядомай казкі пра рэпку: дзедка за рэпку, бабка за дзедку... А хто за Лукашэнку? Адказам было дзесяць мінут авацый!

За паўтара года Беларусь чакаюць выбары ў мясцовыя саветы. Досвед іншых краін паказвае, што яны могуць быць важным штуршком грамадскай актыўнасці. Напрыклад у Сербіі самаўрадавыя выбары спарадзілі рух пратэсту супраць тамашняга рэжыму. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі больш за 700 наменклатуршчыкаў, нягледзячы на падтрымку Лукашэнку пры падліку галасоў, закранулі ягоныя санкцыі. І гэта сярод іх таксама выклікае паніку, што калі яны так будуць яму дапамагаць, ён іх зараз пасадзіць. Той расклад галасоў беларускага грамадства, які выявіўся ў верасні, нікуды не дзеўся. Сярод маладых людзей рэйтынг Лукашэнкі блізкі нулю, а іх лік сярод выбаршчыкаў расце; 18 гадоў таму ў Беларусі быў пік нараджальнасці.

Важнае пытанне ў Беларусі складаюць адносіны маладога пакалення да айчыннай гісторыі і мовы. Гэта складаная праблема, бо ў людзей галоўнае — каб з’есці, апрануцца і перадаць думкі на сумесі або матам. У школах беларуская мова або не навучаецца зусім, або так навучаецца, каб яе саромецца або і не ведаць. Каб нармальна размаўляць на роднай мове, трэба самому навучыцца, трэба прыкласці нейкія намаганні. А людзям уласцівая лянота. Лукашэнка сказаў, што беларускую мову людзі не зразумеюць. Значыць, трэба звяртацца так, каб усе разумелі — матам з рускімі словамі. Калі чалавек не хоча нічога мяняць, найпрасцей вінаваціць ва ўсім мову. Калі ў Беларусі хто загаворыць па-беларуску, яму зараз крычаць, што там двухмоўе і трэба гаварыць па-руску! З вузаў былі выкінуты выкладчыкі, якія карысталіся беларускай мовай.

200 гадоў таму Беларусь папала пад расійскую імперыю. Была забаронена мова, насаджана царква, зачынены Віленскі універсітэт. Царыца Кацярына сказала, што тое, чаго не зрабіла руская зброя, зробіць руская школа. За той час беларуская мова была выключана з грамадскага жыцця; захавалася яна яшчэ толькі на вёсцы.

Цяпер многія маладзёжныя дзеячы карыстаюцца рускай мовай дзеля палітычнага маркетынгу, але ў іх планах — мода на беларускую мову.

Было таксама пытанне, адкуль маладая апазіцыя бярэ грошы на сваю дзейнасць. Можна сказаць, што грошы апазіцыянерам даюць беларускія патрыёты, якія просяць, каб пра гэтыя факты нікому не гаварыць. Але гэта легенда, бо ў Беларусі такіх грошай няма і апазіцыя карыстаецца замежнай дапамогай. Гэта з’яўляецца адной з прычын складанасцей у працы апазіцыі, бо людзі ставяць закіды, што апазіцыянеры купленыя Захадам.

Якая Беларусь заўтра? Сёння старэйшае пакаленне падтрымлівае Лукашэнку, бо ён стабільна плаціць пенсіі. Да таго ж яно баіцца змен, баіцца каб не было вайны. Апазіцыя таксама гарантуе, што будуць пенсіі і не будзе вайны. Трэба толькі спадабацца выбаршчыкам, каб паверылі, што апазіцыя можа кіраваць дзяржавай. Краіна павінна рыхтавацца да рэформаў не толькі ў эканоміцы, але і ва ўсіх галінах жыцця. Трэба правесці вялікую рэформу заканадаўства дзеля ўсталявання дэмакратыі, каб стварыць ёй юрыдычную базу, якая б абмежавала розныя дыктатарскія памкненні.

Сёння, пасля 11 верасня, распадаецца падзел на Усход і Захад. Цяпер і Расія пачынае разумець, што яна не надзвычайная, але такая, як і ўсе іншыя краіны. Усё цяпер хутка пераглядаецца і ў новай прасторы няма месца Лукашэнку. У Беларусі і левых, і правых хвалюе праблема дыктатуры, ізаляванасці краіны. У іншых галінах партыі пасварацца яшчэ не раз, але за грамадскасцю мусіць быць выбар.