Ніва № 51 (2380), 23 снежня 2001 г.

Каму патрэбны закон?

Віталь ЛУБА

27 лістапада г.г. сеймавая Камісія нацыянальных і этнічных меншасцей вырашыла накіраваць у Сейм праект закону аб нацыянальных меншасцях. Гэты дакумент распрацоўваўся ўжо не раз, але ў папярэдніх парламентаў не хапіла палітычнай волі, каб яго ўхваліць. Ці такая воля будзе ў Сейме ІV склікання — невядома, бо ўжо па старце праект выклікаў многа эмоцый, нават сярод членаў нацменскай камісіі.

Крытычна да праекта закону паставіўся намеснік старшыні Камісіі нацыянальных і этнічных меншасцей Ежы Чарвінскі (пасол ад Лігі польскіх сем’яў), які быў госцем семінара па пытаннях правоў нацыянальных меншасцей у еўрапейскім заканадаўстве, арганізаваным 7-8 снежня г.г. Домам польска-нямецкага супрацоўніцтва ў Глівіцах. Паводле яго, закон патрэбны перш за ўсё функцыйным дзеячам меншасных арганізацый, а толькі потым большасці і гэта выключна дзеля таго, каб не абвінавачвалі яе ў парушэнні правоў нацыянальных меншасцей. Ежы Чарвінскі рашуча адкінуў тры прапановы: увядзенне мовы нацыянальнай меншасці як дапаможнай у працы мясцовай адміністрацыі, двухмоўныя надпісы мясцовасцей на дарожных указальніках і стварэнне на ўрадавым узроўні спецустановы па справах нацыянальных меншасцей. На думку пасла Ежы Чарвінскага, увядзенне дапаможнай мовы і двухмоўных надпісаў стане крыніцай канфліктаў у паасобных рэгіёнах. Адзначыў ён яшчэ, што праект закона змяшчае выключна правы, таму абавязкова трэба яго папоўніць пералікам абавязкаў нацыянальных меншасцей у адносінах да дзяржавы, падаючы ў якасці прыкладу выпадкі пазбягання ваеннай службы немцамі.

Выказванне намесніка старшыні Камісіі нацыянальных меншасцей Ежы Чарвінскага сустрэлася з рашучым адпорам члена гэтай жа камісіі, дэпутата Генрыка Кроля, які ў Сейме прадстаўляе нямецкую меншасць. „Я цаню вашу палітычную групоўку за антыкамунізм, — сказаў ён Чарвінскаму, — але ненавіджу за тое, што паўтараеце антынямецкія стэрэатыпы, прыдуманыя камуністычнай прапагандай”.

Закон аб нацыянальных меншасцях патрэбны ўсім — не толькі дзеячам і чыноўнікам. З’явіўся шанц, што Сейм гэтага склікання можа давесці да яго прыняцця. Палітычную волю ў гэтым напрамку схільны праявіць СЛД, Грамадзянская платформа і, мабыць, частка ПСЛ. Важны таксама стан грамадскай свядомасці, які будзе спадарожнічаць працэдуры ўхвалення закону.