Ніва № 49 (2378), 9 снежня 2001 г.

Які фестываль?

Аляксей МАРОЗ

Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава 28 лістапада 2001 года стварыў камітэт, які з 22 па 26 мая 2002 года мае арганізаваць Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі. Прэс-сакратар Варшаўскай епархіі а. Генрык Папроцкі паведаміў, што мерапрыемства заменіць Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі.

Дырэктар Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі Мікалай Бушко заявіў, што разам з арганізатарамі фестывалю будзе намагацца, каб мерапрыемства адбылося ў формуле выпрацаванай на працягу дваццаці гадоў і не бачыць перашкод, каб адбылося яшчэ адно мерапрыемства, на якім будзе выконвацца царкоўная музыка.

— Няма сэнсу арганізаваць двух фестываляў, — заявіў стараста Гайнаўскага павета Уладзімір Пятрочук, які з’яўляецца намеснікам старшыні новастворанага аргкамітэта. — Веру, што адбудзецца адно мерапрыемства, арганізаванае пры дапамозе Гайнаўскага дома культуры. Такую пазіцыю буду прэзентаваць на пасяджэнні аргкамітэта Гайнаўскіх дзён царкоўнай музыкі і буду прыхільнікам кампрамісных вырашэнняў.

Бурмістр Анатоль Ахрыцюк паінфармаваў, што становішча Управы горада Гайнаўкі ў справе новай формулы фестывалю будзе вядомае ў першай дэкадзе снежня.