Ніва № 49 (2378), 9 снежня 2001 г.

Узнагарода за фестываль

Аляксей МАРОЗ

Размова з Мікалаем БУШКО, дырэктарам Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы.

— Нядаўна атрымалі Вы ўзнагароду маршалка Падляшскага ваяводства за ідэю арганізацыі Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі, яе рэалізацыю і няспынную працу над развіццём і высокім мастацкім узроўнем мерапрыемства. Ці ўспрымаеце яе як чарговую ўзнагароду, ці мае яна для Вас нейкае асаблівае значэнне?

— Узнагарода гэтая мае для мяне вялікае значэнне, бо прысвоілі яе гаспадар нашага ваяводства і кампетэнтная камісія. Гэта было першае такое вылучэнне нашага фестывалю ваяводскім самаўрадам і прызнанне таго, што я раблю ўжо больш за дваццаць гадоў. У час уручэння ўзнагароды і ў кулуарных размовах маршалак Славамір Згжыва сказаў, што фестываль — гэта адно з самых выдатных мерапрыемстваў нашага ваяводства. Я ўзнагароду прымаю як вялікі жэст падтрымкі з боку ўлад нашага ваяводства для ўсёй маёй дзейнасці, для ўсяго, што я рабіў у культуры на працягу маёй звыш дваццацігадовай працы ў Гайнаўскім доме культуры.

— Як Вам удалося пераўтварыць першапачатковыя Дні царкоўнай музыкі ў Міжнародны фестываль і сабраць сродкі на арганізацыю такога вялікага мерапрыемства?

— Гэта вынік, перад усім, аграмаднай працы, якую я і мае супрацоўнікі выконвалі звыш дваццаці гадоў і выконваем надалей.

— На фестываль прыязджаюць харысты з блізкага і далёкага замежжа. Як узнікалі кантакты і як развівалася супрацоўніцтва з замежнымі хорамі?

— З хорамі ў замежжы кантактаваліся мы на ўсе магчымыя спосабы. Супрацоўніцтва наладжвалася таксама ў час маіх загранічных выездаў. Часта былі і выпадковыя кантакты. Гэта таксама заслуга самога фестывалю, пра які ведаюць ва ўсім свеце. Аднак, усё вападкова не робіцца. Наогул бачацца толькі рэзультаты арганізацыі фестывалю, але часам трэба некалькі гадоў размоў і карэспандэнцыі, каб атрымаліся станоўчыя вынікі супрацоўніцтва. Штогод на нейкі час мой дом становіцца тэлефоннай станцыяй, а я сам сплю з тэлефоннай трубкай каля подушкі.

— Арганізацыя фестывалю неразлучна звязана з дапамогай многіх людзей і ўстаноў. Як узнікала і развівалася гэтая дапамога?

— Тое, што арганізуем фестываль, гэта вынік маёй працы, маіх супрацоўнікаў, многіх людзей, якіх можна назваць па прозвішчы, і безыменных, ды ўстаноў. Раней, напрыклад, калі яшчэ не было аўтаматычных тэлефонных станцый, вельмі памагалі мне тэлефаністкі і былі яны сімвалам зычлівых фестывалю людзей. У арганізаванні фестывалю памагалі многія чыноўнікі, прадстаўнікі розных міністэрстваў, войска, паліцыі і пагранічных службаў. Памагаюць нам многія спонсары, хаця б нядаўна фінансуючы падарожжа хору з Карэі. Вельмі цаню таксама супрацоўніцтва з Праваслаўнымі цэрквамі. Я думаю, што большасць гайнавян вельмі прыхільна ставіцца да ідэі фестывалю. Мяркую, што нават тыя асобы, якія нам перашкаджалі, хацелі на свой спосаб памагчы фестывалю.

— Фестывалю споўнілася ўжо дваццаць гадоў. Ці паявіліся спробы ўвесці новае ў яго арганізацыю?

— Формула фестывалю выпрацаваная ўжо многа гадоў таму назад, але мы адкрыты на прапановы. Аднак, пры ўмове, што новаўвядзенні дадуць станоўчыя вынікі. Я супраць эксперыментавання ў арганізацыі фестывалю. Многія гады ў царкве адбываліся толькі конкурсныя выступленні хораў, а гала-канцэрты праходзілі ў Гайнаўскім доме культуры. Пасля была прапанова перанесці гала-канцэрт у царкву і ўжо некалькі гадоў мы яе выконваем. Былі прапановы арганізаваць другія гала-канцэрты ў Філармоніі ў Беластоку і мы гэта таксама рэалізуем.

— Сказалі Вы, што апошнюю ўзнагароду ўспрымаеце як жэст падтрымкі ваяводскіх улад для ўсяго таго, што робіце ў сферы культуры. У Гайнаўскім доме культуры пачалі Вы працаваць у 1979 годзе і адразу на пасадзе дырэктара. Ці змаглі Вы зрэалізаваць свае планы?

— Сапраўды, пачаў я працаваць у доме культуры на пасадзе дырэктара. Аднак аказалася, што ў сапраўднасці дома культуры проста не было і дваццаць два гады прыйшлося яго ствараць. Зараз нашая ўстанова культуры такая, якую ўдаецца нам ствараць. Існуюць у нас, напрыклад, беларускі калектыў песні, які таксама спявае фальклорныя песні з Гайнаўшчыны і польскі калектыў песні і танца, у якім танцуе наша моладзь, працуе лялечны тэатр. Арганізавалі мы беларускія фэсты, канцэрты і агляды беларускіх песень. Хацелася б рабіць у кожнай дзялянцы намнога больш. На жаль, сціплых сродкаў, якія выдзяляе нам наш бедны горад, не хапае нам на многія справы, якія хацелася б зрабіць. Ад дваццаці гадоў мы не саромеемся сваёй разнастайнасці і шматкультурнасці, а наадварот — лічым гэта справай, якой можна ганарыцца.

— Ці ў горадзе сустракаліся Вы з цяжкасцямі пры арганізаванні беларускіх мерапрыемстваў?

— Тое, што цяпер бачыцца нармальным, калісь было складаным. У пачатку маёй працы прыйшлося пераконваць, што беларускія фэсты акрамя вёсак могуць быць арганізаваны і ў гарадах. Фестываль беларускай песні, які раней адбываўся ў невялікай зале, прыйшлося перанесці ў вялікую залу дома культуры. Трэба было пераадолець складанасці пры арганізаванні аглядаў калядных калектываў, а і сам фестываль пачаткова не адпавядаў тадышняму духу.

— Зараз Вы з’яўляецеся намеснікам старшыні Рады Гайнаўскага павета і членам Камісіі па справах асветы, культуры, аховы здароўя і грамадскіх спраў. Як бачыце магчымасць рэалізаваць свае планы ў галіне культуры ў маштабе Гайнаўскага павета?

— Павет паўстаў фармальна тры гады таму назад, але ў сферы культуры існаваў ён увесь час. Культурная дзейнасць у нашым раёне неяк заўсёды гуртавалася вакол Гайнаўкі і мы ладзілі многа мерапрыемстваў, у якіх удзельнічалі калектывы і творчыя людзі з тэрыторыі сённяшняга павета. Цяпер вяртаемся да гэтых мерапрыемстваў, а павет па сіле магчымасцей памагае іх арганізаваць. Новым мерапрыемствам, арганізаваным у нас апошнім часам, з’яўляецца павятовая бяседа фальклору, якую мы ўжо другі раз ладзім з удзелам павятовых улад.

— Дзякую за размову.