Ніва № 49 (2378), 9 снежня 2001 г.

На мяжы, у тэлебачанні і палітыцы

Яўген МІРАНОВІЧ

У сувязі з закрыццём аўтамабільнага руху на памежным пераходзе ў Кузніцы-Беластоцкай выезд з Польшчы ў Беларусь і ў адваротным напрамку значна ўскладніўся. Асталася яшчэ чыгунка, але карыстацца гэтым сродкам транспарту могуць толькі мазахісты і людзі, якія вымушаны хутка перасячы мяжу.

У невыносна брудным цягніку Кузніца — Гродна цяжка знайсці месца. Дробныя гандляры папяросамі і спіртнымі напоямі ў вельмі арганізаваны спосаб загадзя займаюць усе месцы. Не хочуць мець выпадковых сведкаў, калі будуць хаваць тавары ў найбольш сакрэтныя тайнікі. Правяраць пасажыраў палякі пачынаюць яшчэ ў Кузніцы. Ад мяжы пасажыры знаходзяцца ў распараджэнні беларускіх мытных і пагранічных службаў. Пакуль цягнік даедзе ў Гродна, мытнікі паспеюць заглянуць у сумкі, а пасажыры — запоўніць адпаведныя дэкларацыі. На вакзале ў Гродне пасажыраў цягніка, які ад’язджаў з Кузніцы 22 лістапада зараз пасля абеду, чакаў яшчэ адзін атракцыён. На пероне акружылі іх пагранічныя службы. Усё адбывалася прыблізна так, як на фільмах паказваецца карная акцыя немцаў у акупаванай Еўропе. Нават невядома чаму пасажыраў цягніка загналі ў залу, якая напамінае клетку з кратамі. Патрымалі 15 хвілін і адпусцілі. Выглядала на тое, што нейкі чэкіст праявіў фантазію і пажартаваў над сваімі грамадзянамі. Мабыць, 99 працэнтаў пасажыраў цягніка складалі жыхары Беларусі.

З Беларусі ў Беласток прыйшлося вяртацца праз памежны пераход у Баброўніках. Легкавых машын было там няшмат, але чарга вялікагрузных аўтафураў выстраілася на 11 кіламетраў з беларускага боку і амаль на столькі ж з польскага. Можна толькі здагадвацца, што думалі і аб чым гаварылі шафёры, якія мелі перад сабой перспектыву шматгадзіннага чакання ў лесе на праезд у суседнюю краіну.

Пабыўка ў Беларусі дае нагоду параўнаць інфармацыйныя сістэмы ў рэспубліцы на прыкладзе расійскіх і мясцовых тэлеканалаў. 23 лістапада ўсе навіны ў праграмах расійскага тэлебачання пачыналіся звесткамі пра падзенне цэнаў нафты. У гэтай справе выказваліся прэзідэнт Уладзімір Пуцін, пару міністраў, дэпутатаў, палітычных і эканамічных каментатараў. Па гэтай прычыне відаць было паніку найважнейшых асоб у дзяржаве. Продаж газу і нафты — галоўная крыніца гандлёвага прыбытку Расіі. Таму нізкія цэны на сусветных біржах на гэтую сыравіну абазначаюць перспектыву фінансавага крызісу. Нічога тады дзіўнага, што справай цаны нафты жылі таго дня палітычныя і эканамічныя эліты краіны. Пры нагодзе каментатары бязлітасна адкрывалі сапраўдны вобраз расійскай гаспадаркі. Грамадзянін Расіі мог пачуць, што вытворчасць яго краіны раўняецца прадукцыі невялікай Галандыі і што пры такім стане эканомікі дарма чакаць істотных уплываў у сусветнай палітыцы.

Навіны ў беларускім тэлебачанні пачаліся з інфармацыі аб сходзе Камітэта па справах спорту з удзелам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Дзесяць мінут камера паказвала заклапочаныя справамі развіцця спорту ў краіне твары лысаватых і круглагаловых дзеячаў. Лукашэнка ў позе імператара прымаў ад іх рапарты ў гэтай — найважнейшай для краіны — справе. Пасля прынятыя былі адпаведныя рашэнні, гарантуючыя — як сцвярджалася — паспяховае развіццё фізічнай культуры. У канцы навін толькі ў некалькіх словах заявілі пра цэны нафты, але ні слова пра іх уплыў на беларускую эканоміку. Палітычныя падзеі ў свеце журналістам дзяржаўнага тэлебачання каментаваць зусім нязручна. Раней пераконвалі яны грамадства, што аб’яднанне з Расіяй — гэта гарантыя абароны ад агрэсіі НАТА. Сёння, калі Расія стала сябраваць з найбольшымі натаўскімі краінамі, а нават згадваць пра магчымасць членства ў гэтай аранізацыі ў недалёкай будучыні, беларускія каментатары апынуліся ў тупіку. Таксама і дзяржаўныя ўлады зусім не ведаюць як ім ставіцца да новай сітуацыі.

Зусім іншымі праблемамі жылі ў той час польскія палітыкі і каментатары. За справай вядомага, пакуль што толькі ў краіне, скандаліста, віцэ-маршалка Сейма Анджэя Лепэра найбольш часу прысвячалася асаблівым паводзінам гэтага палітыка. Тое, што гаварыў Лепэр, магло падабацца палякам. Ён, як і Лукашэнка, знайшоў код, які адчыняе душы сфрустраванага натоўпу. Сродкі масавай інфармацыі зрабілі чарговы крок у напрамку замацавання яго палітычнай пазіцыі. Шмат што прадказвае, што палякі на чарговых выбарах могуць адрэагаваць як беларусы ў 1994 г. і аддаць уладу моцнаму чалавеку, які сам устанаўлівае законы і выконвае іх паводле сваіх патрэб.