Ніва № 49 (2378), 9 снежня 2001 г.

Еўропа меншасцям, меншасці Еўропе

Паўліна ШАФРАН

У днях 22-25 лістапада 2001 года ў Бельску-Падляшскім праходзіў агульнапольскі семінар, прысвечаны нацыянальным меншасцям у Польшчы.

Галоўным арганізатарам спаткання было Беларускае аб’яднанне студэнтаў, якое ўзначальвае Андрэй Карчэўскі. Суарганізатарамі семінара выступілі Падляшскі рэгіён таварыства „Малады цэнтр”, Студэнцкае кола еўрапейскіх навук у Беластоку і Рускае культурна-асветнае таварыства.

Мэтай семінара было паказанне ролі нацыянальных меншасцей Польшчы ў развіцці Еўропы, пераказанне практычных ведаў па здабыванні грантаў ад еўрапейскіх фондаў для недзяржаўных арганізацый. Семінарыстамі былі маладыя дзеячы арганізацый нацыянальных меншасцей

Чацвер, 22 лістапада, пачаўся сустрэчай удзельнікаў семінара з прадстаўнікамі адміністрацыйных улад, якія займаюцца пытаннямі меншасцей. Вядучым спатканне быў старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь Марцін Рэмбач. Сярод гасцей семінара былі: д-р Славамір Лодзінскі — сацыёлаг з Бюро аналіз Сейма РП, Дабяслаў Жамянеўскі — начальнік аддзялення па справах нацыянальных меншасцей Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, прадстаўнікі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны — Івона Гродзка і Гжэгаж Рэер. У ходзе дыскусіі на тэму „Еўропа меншасцей? Роля нацыянальных меншасцей у Польшчы — шанцы і пагрозы для меншасцей у выніку інтэграцыі Польшчы з Еўрасаюзам” прымалі ўдзел прадстаўнікі меншасных асяроддзяў і ўстаноў, займаючыхся тэмай еўрапейскай інтэграцыі.

Дыскусія засяродзілася вакол гарантый асноўных правоў меншасцей, фінансавання культуры і адукацыі нацыянальных, этнічных і канфесійных меншасцей у краінах Еўрасаюза і Польшчы. Напярэдадні інтэграцыі з ЕС сярод меншасцей паўстае пытанне, ці ўсходняя мяжа РП будзе новай жалезнай заслонай, якая давядзе да спынення культурнага абмену, а ў выніку — затармажэння развіцця меншасцей.

Пятніца была днём вучобы. Удзельнікі семінара, падзелены на дзве групы, прымалі ўдзел у занятках, якія вялі трэнеры Фонду развіцця адкрытага грамадства з Варшавы. Першая група семінарыстаў займалася пошукамі крыніц фінансавання арганізацый нацыянальных меншасцей. Другая група засвойвала веды пра тое, як паспяхова прэзентаваць сваю арганізацыю. Апрача тэорыі і практычных умеласцей удзельнікі развівалі і правяралі новазасвоеныя веды ў розных гульнях. Атрымаўшы дыдактычныя матэрыялы, семінарысты пазнавалі фінансавыя праграмы Еўрапейскага Саюза: PHARE, SAPARD, ISPA, якімі арганізацыі могуць карыстацца ў форме датацый.

Цікавасць удзельнікаў выклікаў спосаб вядзення заняткаў. Вядучыя, Бажэна Вуйцік, Кацярына Садло і Радаслаў Марчынскі, пераказвалі свае веды з вялікім заангажаваннем і дзякуючы таму ўдзельнікі ахвотна выконвалі прызначаныя ім заданні. Засвоеныя веды напэўна прынясуць карысць, бо прымяняцца будуць у штодзённым жыцці арганізацый.

Заканчэнне дня адбылося ў Бельскім доме культуры, дзе семінарысты пры ўкраінскай музыцы гурту „Горпына” гулялі на фолкавых запустах. Большасць з іх першы раз мела магчымасць паслухаць такую музыку, аднак, не разумеючы слоў, добра адчувалі рытм і з часам самі паўтаралі словы рэфрэна. Вячэрнія танцы назвалі яны адным словам „Супер!”

Шляхам нацыянальных меншасцей паўднёвай Беласточчыны паехалі ўдзельнікі семінара ў суботу. Наведалі яны Бельск-Падляшскі, Гайнаўку, дзе прыемнае спалучылі з карысным — пабывалі ў Музеі беларускай культуры, саборы Св. Тройцы і ў славутым бары „У Валодзі”. Найбольшае ўражанне зрабіла Св. Гара Грабарка. Некаторыя з семінарыстаў не думалі нават, што праваслаўе з’яўляецца такім моцным веравызнаннем. Адна з жыхарак Памор’я, едучы на семінар, спадзявалася пабачыць рускія шыльды і ўказальнікі і была здзіўлена тым, што пабачыла. Святая Гара дазволіла некаторым лепш зразумець шматкультурнасць нашага рэгіёна. Ева Жакевіч з Вроцлава пасля візіту на Грабарцы падвяла суботні дзень у такі спосаб: „Падарожжа па Беласточчыне паказала мне важнасць гэтага месца на этнічнай карце нашай краіны. Святая Гара Грабарка, з маленькай царквой, драўлянымі крыжамі і высокімі соснамі робіць вялікае ўражанне на веручай асобе. Нягледзячы на канфесію, чалавек адчувае там божую сілу і прысутнасць Усявышняга”. Таксама карыснымі былі спатканні ўдзельнікаў семінара з прадстаўнікамі Праваслаўнай царквы ў іканапіснай школе ў Бельску і Свята-Троіцкім саборы ў Гайнаўцы.

Нядзеля была днём падвядзення вынікаў. Семінарысты супольна дайшлі да вываду, што такія сустрэчы трэба арганізаваць часцей. Падпісана была супольная заява пад назвай „Падляшскае паразуменне”, у якой семінарысты абавязаліся дбаць пра тое, каб напярэдадні ўваходу Польшчы ў Еўрасаюз меншасці карысталіся сваімі правамі і каб ніхто іх не парушаў. Мілае здзіўленне выклікаў у мяне спосаб арганізацыі семінара. Маладыя людзі сумелі сабрацца, дагаварыцца і супольна наладзіць цікавае, павучальнае мерапрыемства. Пераадольваючы ўсе праблемы — і фінансавыя, і звычайную людскую абыякавасць, і зайздрасць давялі яны да спаткання амаль усіх нацыянальных меншасцей Польшчы. Няма чаму дзівавацца, бо асоба Андрэя Карчэўскага, вядомага здаўна не толькі ў беларускіх колах арганізатара, прыцягвае ўвагу, і грошы. Як сцвердзіла Івона Гродзка з Міністэрства культуры, такіх людзей як старшыня БАСу замала. Гэта дзякуючы яму адбылося многа цікавых мерапрыемстваў, дзякуючы яму многія арганізацыі знайшлі фінансы на сваю дзейнасць, а доказам гэтаму з’яўляецца семінар „Еўропа меншасцей, меншасці Еўропе”.