Ніва № 48 (2377), 2 снежня 2001 г.

XIV З’езд БГКТ

Міхась ХМЯЛЕЎСКІ

Вялікую залу ў сядзібе ГП БГКТ у Беластоку запоўніла больш за 130 чалавек, якія 18 лістапада 2001 года прыбылі на XIV З’езд Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. У гэты дзень спаткаліся людзі з усіх канцоў Беласточчыны, з Варшавы, Гданьска і прадстаўнікі ўлад Польшчы і Рэспублікі Беларусь. З’езд пачаўся дзяржаўным гімнам Польшчы і беларускім гімнам „Магутны Божа” ў выкананні Данчыка.

У З’ездзе ўдзельнічала 79 дэлегатаў на 90 выбраных на павятовых канферэнцыях у Беластоку, Бельску-Падляшскім, Гайнаўцы, Саколцы, Сямятычах, Варшаве і Гданьску. З’езд адкрыў старшыня ГП БГКТ Ян Сычэўскі, сардэчна вітаючы дастойных гасцей: амбасадара Беларусі ў Польшчы Мікалая Крэчку, генеральнага консула РБ у Беластоку Леаніда Каравайку, генеральнага консула РБ у Гданьску Міхася Аляксейчыка, а таксама нашых парламентарыяў і прадстаўнікоў цэнтральных і ваяводскіх улад. Затым прысутныя хвілінай цішыні ўшанавалі памерлых у гэтай кадэнцыі дзеячоў БГКТ: Ніну Мушынскую, Міколу Гайдука, Юрку Налівайку, Аркадзя Суліму і Васіля Целушэцкага. Пасля доўга працягвалася цырымонія ўручання дыпломаў і сувеніраў ад амбасады і генеральных консульстваў РБ у Беластоку і Гданьску вузкаму кругу дзеячоў, якім прыпала нават па тры і чатыры ўзнагароды. Не хапала толькі дыпломаў ГП БГКТ з нагоды 45 гадавіны заснавання нашай беларускай арганізацыі.

Самую высокую ўзнагароду, самую прэстыжную — Памятны знак 2000 год хрысціянства — ад імя прэм’ера РБ Уладзіміра Ярмошына ўручыў віцэ-міністр культуры Валеры Гедройц старшыні Яну Сычэўскаму, сакратару Валянціне Ласкевіч і члену прэзідыума Тамары Русачык.

Пасля Ян Сычэўскі зачытаў пажаданні З’езду ад многіх асоб. Віншавальныя лісты прыслалі Яго блажэнства Сава — мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Урал Латыпаў, міністр замежных спраў Польшчы Уладзімір Цімашэвіч, міністр культуры Польшчы Анджэй Цэлінскі, міністр культуры РБ Леанід Гуляка, міністр адукацыі РБ Пётр Брыгадзін, Падляшскі ваявода Марк Стшалінскі, маршалак Падляшскага ваяводства Славамір Згжыва і іншыя. Закончылі частку пажаданняў З’езду навучэнцы беларускага ліцэя з Бельска-Падляшскага, якія зачыталі віншаванні і ўручылі кветкі старшыні ГП.

Урэшце распачалася істотная праца З’езда. Дэлегаты выбралі Тамару Русачык і Яўгена Валкавыцкага, каб старшынствавалі З’езду. Аказалася ў канцы, што 2 асобы непатрэбныя на гэтыя функцыі. Тамара Русачык добра справілася з задачамі ўзложанымі на яе. Спярша дэлегаты зацвердзілі правілы З’езда. Затым старшыня ГП Ян Сычэўскі прачытаў справаздачны даклад з дзейнасці БГКТ за мінулыя 4 гады. У дакладзе многа ўвагі прысвечана дзейнасці беларускіх аматарскіх калектываў. У супрацоўніцтве і часта пры выдатнай дапамозе Беларускага таварыства вядуць сваю дзейнасць на Беласточчыне больш сарака мастацкіх калектываў. Невялікая частка з іх карыстаецца прафесійнай дапамогай музычных мясцовых інструктараў (Сяргей Лукашук у Бельску-Падляшскім, Ала Каменская ў Беластоку і Козліках, Сцяпан Копа ў Гарадку, Барбара Козуб-Самасюк у Чаромсе, Бажэна Ляўчук у Гайнаўцы, Аліна Негярэвіч у Кнарыдах, Пятро Скепка ў Нараўцы і Дубінах, Юрка Астапчук у Гарадку), а некаторыя працуюць пад кіраўніцтвам інструктараў з Рэспублікі Беларусь (Міхась Аўхіменя ў Чыжах, Анна Стрыха ў Гайнаўскім доме культуры, Мікалай Мяжэнны ў Старым Ляўкове і Бельску-Падляшскім, Віктар Маланчык у Беластоку, Мікалай Фадзін у Орлі). Амаль кожны год высылаюцца ў Мінск на курсы дасканалення кваліфікацый па некалькі музычных інструктараў, працуючых з калектывамі. Пры прыхільнасці Міністэрства культуры РБ, — гаворыцца далей у дакладзе, — стараемся дапамагаць нашым калектывам выкананнем на Беларусі касцюмаў і пакупкай музычных інструментаў. З Беларусі на Беласточчыну прыязджае па запрашэнні БГКТ многа мастацкіх калектываў. На працягу мінулай кадэнцыі ў розных мерапрыемствах удзельнічала больш за 50 калектываў. Разам з аддзеламі БГКТ, самаўправамі і спонсарамі было арганізавана на Беласточчыне каля 300 рознага тыпу мерапрыемстваў, а ўдзел у іх прыняло каля 6 тысяч выканаўцаў і каля 250 тысяч публікі. Маюцца тут на ўвазе народныя фэсты БГКТ: Свята беларускай культуры, Купалле і іншыя мерапрыемствы, аб якіх прыходзілася таксама мне неаднойчы пісаць.

Фестываль польскай і беларускай песні „Беласток-Гродна” і міжнародная канферэнцыя „Шлях да ўзаемнасці”, арганізаваная разам з Саюзам палякаў на Беларусі, з кожным годам павышаюць свой ранг і значэнне. Увайшоў ад нядаўна ў каляндар ГП удзел аматарскіх беларускіх мастацкіх калектываў у Агульнапольскай прэзентацыі культуры нацыянальных меншасцей „Музычныя дыялогі над Бугам” і мерапрыемствах „Сяброўская бяседа ў Гарадку” ды „Звязда і каляда”, на якія ёсць невялікае дафінансаванне з Міністэрства культуры РП.

Другой дзялянкай дзейнасці ГП у мінулай кадэнцыі, якой прысвячаецца ў дакладзе многа ўвагі, з’яўляецца беларуская асвета. „Беларускую мову, як дадатковы прадмет у школах на Беласточчыне вывучаюць усяго 3539 вучняў, у тым ліку 1780 вучняў у 26 падставовых школах, 646 у адзінаццаці гімназіях і 1113 вучняў у двух агульнаадукацыйных ліцэях у Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы. Апрача таго, заняткі па беларускай мове вядуцца для 34 дзяцей у Прадшколлі н-р 14 у Беластоку. Найбольшая колькасць вучняў знаходзіцца ў Бельскім і Гайнаўскім паветах”.

„Непакояць нас, — гаворыцца ў дакладзе, — моцныя працэсы асіміляцыі беларускага насельніцтва, асабліва ў гарадскіх асяроддзях і амаль поўная адсутнасць навучання беларускай мовы ў горадзе Беластоку, Беластоцкім, Сямятыцкім і Сакольскім паветах. Малая колькасць навучэнцаў беларускай мовы на працягу апошніх дзесяцігоддзяў выклікана дэмаграфічнай дэпрэсіяй, асабліва ў вясковых асяроддзях, нізкай нацыянальнай свядомасцю беларусаў Беласточчыны і некарыснымі юрыдычнымі вырашэннямі. Агульная атмасфера міжнацыянальных адносін у Падляшскім ваяводстве, таксама далёкая ад нармальнасці, а адносіны да беларускай меншасці яшчэ больш складаныя, паколькі вынікаюць з агульных адносін польскай дзяржавы да Рэспублікі Беларусь. Уся гэтая недэмакратычная атмасфера мае непасрэдны ўплыў на паводзіны беларускага насельніцтва на Беласточчыне ў кантэксце нацыянальных і адукацыйных праблем дзяцей і моладзі”.

Далей у справаздачным дакладзе гаворыцца аб успамаганні БГКТ беларускага школьніцтва шляхам арганізавання шматлікіх конкурсаў, аб дапамозе беларускаму школьніцтву Міністэрства адукацыі РБ, аб недахопе падручнікаў і праграм навучання беларускай мовы, аб ролі і патрэбе метадычнага дарадчыка і т.д.

„Беларускае грамадска-культурнае таварыства стаяла і надалей будзе стаяць на пазіцыі супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўладамі Рэспублікі Беларусь, з грамадскімі арганізацыямі, з установамі культуры і непасрэдна з аматарскімі і прафесійнымі мастацкімі калектывамі для развіцця і ўзбагачэння беларускай асветы і беларускай культуры ў Польшчы, а элементарныя прынцыпы палітычнай культуры не павінны нам дазваляць на нахабную крытыку палітыкі і гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, а тым больш нахабны экспарт дэмакратыі, якой якраз у нашай краіне ўвесь час адчуваем вялікі недахоп”. Дакладчык закрануў таксама справу Беларускага музея ў Гайнаўцы, які як навуковая ўстанова беларускай культуры без падтрымкі дзяржавай не будзе ў стане дзейнічаць. „У сувязі з гэтым, — працягваў старшыня, — будзем ізноў разам выступаць да цэнтральных улад, ангажаваць паслоў Сейма з нашага асяроддзя, каб паводле падпісанага раней трохбаковага пагаднення, Музей быў дзяржаўнай установай культуры без права ўласнасці да яго з боку дзяржавы. Пасля заканчэння яго пабудовы ўласнасць будзе вырашана паводле пастановы Галоўнага праўлення БГКТ і Камітэта пабудовы паралельна з пастановай аб самаліквідацыі Грамадскага камітэта пабудовы”. У дакладзе гаварылася таксама аб выкананні пастаноў XIII з’езда БГКТ аб супрацоўніцтве з Праваслаўнай царквой, аб супрацоўніцтве з самаўправамі і аб пабудове помнікаў загінуўшым праваслаўным беларусам у Бельску-Падляшскім і Беластоку. Моцна акцэнтавалася справа выключна адмоўных адносін да гэтай справы з боку беластоцкага ваяводы, з боку Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, з боку сакратара Дзяржаўнай рады па пытаннях помнікаў нацыянальнай памяці, а апошнім часам з боку Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. Ніякага прагрэсу ў гэтым плане на працягу апошніх 4 гадоў мы не дасягнулі. Справу помнікаў, — сцвярджаў дакладчык, — трэба будзе больш рашуча працягваць з выкарыстаннем паслоў Сейма і сенатара ў новых палітычных абставінах, разлічваючы на больш дэмакратычныя адносіны з боку Саюза левых дэмакратаў”.

Уладзімір Юзвюк сцвярджаў, што ГП БГКТ найбольшыя дасягненні мае ў беларускім аматарскім руху, але ў галіне навучання беларускай мовы наступіў рэгрэс. Моладзь у гарадах адыходзіць ад беларускасці. Гаварыў ён аб страшэнным беспрацоўі, чаго раней ніколі не было, аб ліквідаванні тэкстыльнай і будаўнічай прамысловасці. Часта ставяцца пытанні, чаму такія дрэнныя адносіны нашай дзяржавы да Беларусі, прэзідэнта Лукашэнкі, чым ён пагражае Польшчы. Адносіны да Беларусі маюць уплыў на стаўленне да беларусаў у Польшчы.

Беларусь абвінавачваюць у тым, што не прадае свайго маёнтку загранічным фінансістам, — гаварыў Анатоль Навіцкі. — Мы не ўмеем яднацца. Паводле яго, БГКТ павінна больш увагі ўдзяляць старэйшаму пакаленню і ўсходнім ветэранам, якія вызвалілі ад гітлераўцаў нашыя мясцовасці. Варта было б іх запрашаць, напрыклад з нагоды Дня перамогі. Далей падкрэсліваў ён патрэбу ўвядзення складчын у БГКТ, хаця б па 2 зл. у месяц, ды пашырэння фэстаў. Мясцовасць Плютычы чакае фэстыну БГКТ.

Сяргей Лукашук прапанаваў, каб на Беларусь ездзіць не толькі з канцэртамі як госці, але таксама браць раўнапраўны ўдзел у песенных конкурсах на Беларусі.

Ніна Цыванюк закранула прычыну нявыбару ў парламент Яна Сычэўскага.

— Ён у Мінску куды менш сказаў аб недахопах польскай трансфармацыі, чым „Радыё Марыя”. Не было каму бараніць Сычэўскага, не баранілі яго і іншыя беларускія медыі, а толькі аплёўвалі. Трэба нам вярнуць „Ніву” да БГКТ. Ні адна нацыя сваіх людзей не паніжае. Трэба праз суд вярнуць для БГКТ „Ніву” і не трэба шукаць сярод беларусаў ані левых, ані правых. Мы ўжо 47 год як гарадоцкі хор спяваем, не падкусваючы адзін аднаго за погляды.

Антон Семянковіч даказваў, што Ян Сычэўскі карыстаецца вялікай пашанай, што яго роля ў БГКТ аграмадная.

Многа эмоцыі выклікала выступленне Хведара Галёнкі, якое датычыла Беларускага музея ў Гайнаўцы, яго ўласнасці і будовы. На гэтую тэму з вялікімі эмоцыямі гаварылі Ян Хіліманюк, Міхась Голуб і Янка Сураль. Але гэтыя спрэчкі зняў з абмяркоўкі старшыня ГП Ян Сычэўскі заяўляючы, што справа ўласнасці музея будзе вырашана пасля заканчэння дзейнасці Камітэта пабудовы.

Выступалі таксама госці з’езда — віцэ-ваявода Ежы Паўяновіч і прадстаўнікі ўлад Беларусі. Аб планах адносін да беларускіх меншасцей па-за граніцамі Рэспублікі Беларусь расказаў намеснік міністра культуры РБ Валеры Гедройц. Амбасадар Мікалай Крэчка выказваў, між іншымі, шчырую падзяку ўсяму актыву БГКТ за ўтрымоўванне беларускасці.

— Дзякую за тое, што вы ёсць, дзякую за тое, што вы робіце.

Затым дэлегатамі былі прыняты па-праўкі да статута БГКТ і адобрана дзейнасць ГП БГКТ.

У яўным галасаванні было выбрана 35-асабовае Галоўнае праўленне БГКТ і 7-асабовая Галоўная рэвізійная камісія. Пасля адбыліся пасяджэнні выбраных органаў для сфарміравання ўлад. Прэзідыум ГП БГКТ складаюць Ян Сычэўскі — старшыня, Мікалай Мікалаюк і Тамара Русачык — намеснікі старшыні, Валянціна Ласкевіч — сакратар, члены: Яўген Валкавыцкі, Васіль Ляшчынскі, Янка Заброцкі, Сяргей Крышань, Лідзія Лук’янюк, Ніна Цыванюк, Віталіс Бонда. Рэвізійную камісію складаюць: Міхась Хмялеўскі — старшыня, Хвёдар Галёнка — намеснік старшыні, Кастусь Масальскі — сакратар. Паўторна выбраны старшыня Ян Сычэўскі падзякаваў гасцям і дэлегатам за ўдзел у працах З’езда, а па ініцыятыве Алы Каменскай сабраныя адспявалі „Многае лета” і песню „Дзе б я не нарадзіўся”.