Ніва № 47 (2376), 25 лістапада 2001 г.

Паверыць у мішказубра

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Плавала калісьці па марах ды акіянах такое судна — „Беластоцкая зямля”. Хоць Беласточчына няшмат мае супольнага з морам, веданне гісторыі ды шляхоў, якія прамервала гэтае судна, мела быць для беластоцкай моладзі ўрокам патрыятызму. Калісь у маёй школе на ўроку грамадзянскай адукацыі паявіўся нават пан марак з „Беластоцкай зямлі”. Дарэчы, гэта было колькі дзён пасля спаткання з афіцэрам народнага войска, які пераконваў нас у неабходнасці ўвядзення ў нашай краіне ваеннага становішча. Амаль нічога з гэтага спаткання я не запамятаў, апроч уражання, якое павінна было, здаецца, быць выклікана, што Польшча — моцная дзяржава, у якой Беласточчына — арганічная частка Польшчы ад Балтыкі па Татры. Тая Польшча была краінай, у якой паасобныя рэгіёны мо адрознівала толькі рэгіянальнае народнае адзенне і галіны гаспадаркі. Былі, вось, шахцёры з пёркамі на шапках, маракі, падтупваюча-падспеўваючыя дзеўкі і кавалеры з Мазовіі ды Сілезіі, гарнякі з тапаркамі. Да таго — Каралеўскі замак і Вавель. Беласток асацыяваўся, здаецца, толькі з палацам Браніцкіх і „следзікаваннем”. На фоне іншых рэгіёнаў такі ён бледны быў! Бы не меў уласных традыцыяў. Тая схема настолькі моцна ўспрымалася, што, калі я, юнаком быўшы, вандраваў па Жывецкім Бескідзе, дык адзін баца дарам частаваў мяне авечымі сыркамі-ашчыпкамі. Меў я гэтае цуда завезці ў горад, у якім па вуліцах прахаджваюцца мядзведзі, значыць — у наш Беласток (пэўна, памыліліся бацу тыя мішкі з табунамі шпацыруючых тутака зуброў!).

Хтосьці даў шанц выплысці Беласточчыне на шырокія воды і ахрысціў назвай гэтае зямлі мараплаўнае судно, і такім чынам быццам бы „спалучыў” наш рэгіён з Польшчай ад Балтыкі да Татраў. Быў гэта, мабыць, адзін са спосабаў на лячэнне комплексаў правінцыі, асабліва ў маладых людзей. Вось давалі нам пачуццё польскай супольнасці, вялікасці і моцы Айчыны. Лакальны патрыятызм будаваны быў праз прызму сацыялістычнага патрыятызму, нацыянальна адналітага. Дзеля яго ўзмацнення наша настаўніца па грамадзянскай адукацыі загадала апошнія старонкі сшытка заклеіць партрэтамі Эдварда Герка, Пятра Ярашэвіча і Генрыка Яблонскага, пільна выразанымі з „Трыбуны люду”.

Не было тут месца на навучанне лакальнага патрыятызму, з навучаннем жыцця ў разнароднасці і з правам на разнароднасць.

Усенька мне тое прыгадалася, калі пачуў я пра ідэю стварэння ў Гайнаўцы філіяла Акадэміі марскога выхавання і выратавання — суполкі з абмежаванай адказнасцю. Гэтая вучэльня мела б выхоўваць моладзь у духу — не нейкім там каляпушчанскім! — а вось марскім. Нават знайшлося месца на вучэнні — Семяноўка. Зразумела, кожная ідэя дзеля давучвання маладых людзей — добрая, асабліва ў раёнах, якія так моцна кранае беспрацоўе (практычна ўва ўсёй краіне, але больш у Гайнаўскім павеце, чым, напрыклад, у паветах паморскіх). Аднак, нашто ствараць мядзведзезубра? На чорт адукаваць маладых людзей у адарванні ад малых айчын, іх патрэб, арганічна вынікаючых з іх натуральных каштоўнасцей? Мабыць, я перабольшваю. Акадэмія марскога выхавання і выратавання гэта „суполка з а/а”. Асабліва пры спрыяльным калясамаўрадавым клімаце (а так, кажуць, ёсць у Гайнаўцы ў выпадку гэтае школы) — можа разгортваць сваю дзейнасць усюды і даказваць, што мішказубёр існуе ў прыродзе, а хто не хоча, хай не верыць (не плаціць за навучанне). Я ў мішказубра не веру, але штудзіраваў у дзвюх вышэйшых школах, а, вось, займаюся чымсьці зусім іншым.