Ніва № 47 (2376), 25 лістапада 2001 г.

Талерантнасць — наша гордасць ці няшчасце?

Сяргей ЯЦКЕВІЧ

„Талерантнасць у канцэптуальным і этнакультурным вымярэннях”, — менавіта такую назву мела 2-я міжнародная навуковая канферэнцыя, што адбылася ў кастрычніку ў Брэсце і якая была прысвечана памяці прафесара Анатоля Яцкевіча, першага на Брэстчыне доктара навук. Варта адзначыць, што праведзеная канферэнцыя, якая сабрала нямала вядомых вучоных з Беларусі і суседніх краін, з’явілася першай у Цэнтральна-Усходняй Еўропе, на якой з’ява талерантнасці стала аб’ектам спецыяльнага ўсебаковага разгляду. Такі інтарэс невыпадковы, бо, як адзначалася на канферэнцыі, талерантнасць — гэта не толькі найважнейшая з самаацэнак, якія даюць самі сабе беларусы. Гэта яшчэ і прызнанне асаблівасці беларускага нацыянальна-псіхічнага складу нашымі суседзямі. Так, падчас нядаўна праведзеных сацыёлагамі Украіны даследаванняў было ўстаноўлена, што найважнейшай нацыянальнай рысай беларусаў большасць апытаных лічыць менавіта талерантнасць (80 балаў з 100), на другое месца апытаныя паставілі працавітасць (77), а на трэцяе — гаспадарлівасць беларусаў (73 балы).

Звесткі аб цярпімасці беларусаў к іншым народам, іх рэлігіям і традыцыям знайшлі адлюстраванне ў крыніцы народнай мудрасці — фальклоры. Так, сярод соцень песень, што пазбіраны ў выдадзеным у 1867 г. „Зборніку помнікаў народнай творчасці ў Паўночна-Заходнім краю”, толькі двойчы сустракаюцца выказванні наконт яўрэяў, ды і то не ў агрэсіўна-зняважлівай, а хутчэй у жартаўлівай форме.

Вядома, праявы талерантнасці з боку беларусаў да іншых народаў нельга і абсалютызоўваць, бо ў гісторыі мелі месца з’явы частковага абмежавання правоў некаторых нацыянальных меншасцей, паасобныя факты пагромаў. і высяленні пэўных этнічных груп. Так, артыкул „Аб цыганах” Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. забараніў апошнім пражываць на яго землях і прадугледжваў штраф за іх укрывальніцтва. Можна прыгадаць і загад вялікага князя Аляксандра аб высяленні яўрэў (1495 г.). Заўважым, аднак, што падобныя загады дыктаваліся, як правіла, кан’юнктурнымі разлікамі і насілі часовы характар. Так, ужо ў 1503 г. яўрэям зноў было дазволена сяліцца на беларускіх землях, а статутныя прапановы наконт высялення цыганоў мірна ўжываліся з гарантыямі апошнім „гаспадарчай ласкі і датак”, прадугледжанымі пастановай Гродзенскага сейма 1566-67 гг.

Але ўсімі прызнаная талерантнасць беларусаў — гэта не толькі падстава для гордасці, але і няшчасце для народа. І калі з пункту гледжання суседніх народаў талерантнасць беларусаў — рыса заўсёды жаданая, бо дазваляе лёгка адаптавацца ў беларускім асяроддзі ўсякаму іншаземцу, а пры зручнай магчымасці і асіміляваць саміх гасцінных гаспадароў-беларусаў, то з пазіцыі нацыянальных інтарэсаў беларускага этнасу асобныя формы праяўлення талерантнасці могуць адыгрываць і адмоўную ролю. Асабліва калі добразычлівыя адносіны да іншых моў і культур суправаджаюцца праяўленнямі нацыянальнага нігілізму, перарастаюць у абыякавасць да роднай мовы (якая, маўляў, розніца — беларуская мова ці руская, галоўнае, каб бульбы і сала было як найбольш). Згодна з вынікамі апытання, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў 2000 годзе ва ўсіх абласцях Рэспублікі, толькі 57,1% яе грамадзян ганарацца сваёй нацыянальнай прыналежнасцю. У той жа час 40,3% апытаных беларусаў не ганарацца ёю і ўсведамляюць сваю нацыянальную прыналежнасць у нязначнай ступені. Паказальна, што нягледзячы на тое, што з часоў распаду СССР і ўтварэння суверэннай Беларусі прайшло ўжо дзесяць гадоў, амаль кожны чацвёрты яе грамадзянін (23,8%) па-ранейшаму ўсведамляе сябе савецкім чалавекам.

Этнічная неталерантнасць знаходзіць праяўленне ў стыгматызацыі (ад грэчаскага „стыгма” — знак, кляймо) — такой з’яве, калі адмоўнае ўспрыманне чалавека вынікае не з-за яго асабістых якасцей ці ўчынкаў, а толькі па прычыне ягонай прыналежнасці да пэўнай этнічнай групы. У сваім дакладзе прафесар Універсітэта ў Беластоку Альжбета Чыквін звярнула ўвагу на з’яву стыгматызацыі ў дачыненні да беларусаў Беласточчыны, прывяла нямала запісаных ёю характэрных выказванняў:

— На працы я размаўляла з сяброўкамі па-беларуску. Мая каляжанка зрабіла мне заўвагу: „Як пані размаўляе! Гэта ж не ўласная кватэра пані, а дзяржаўная ўстанова! Пакуль яшчэ ў польскіх установах абавязвае ўжыванне польскай мовы, а не якой-небудзь там хахлацкай” (жанчына, 29 гадоў);

— У дзяцінстве, пры наведванні Беластока, мама заўсёды спыняла мяне: „Ціха!”, калі ў краме я пачынала гаварыць па-свойму, па-беларуску. Іначай я тады не ўмела (жанчына, 39 гадоў).

Стыгматызацыя адмоўна ўплывае на псіхічны стан асобы, якая пачынае адчуваць сваю моўную (этнічную) непаўнавартасць у параўнанні з прадстаўнікамі дамінуючай нацыі:

— Калі я вучылася яшчэ ў пятым класе, паехалі на канікулы ў Кракаў. І толькі там я заўважыла, што мова, на якой я размаўляла і якую лічыла польскай, моцна адрозніваецца ад пачутай у Кракаве. Цэлы тыдзень праляжала ў ложку і праплакала, бо не ўмела так размаўляць (жанчына, 47 гадоў).

Нярэдкія выпадкі, калі асобы, што належаць да стыгматызаваных этнічных груп, змяняюць свае ўласныя імёны і прозвішчы на ўласцівыя дамінуючай нацыі:

— Жыве ў нашай вёсцы хлопец, які меў беларускае прозвішча Кіслы. Калі збіраўся паступаць у паліцэйскую школу, баяўся, што такое прозвішча перашкодзіць яму ў гэтым і вырашыў замяніць яго на адпаведнае польскае. Быў Кіслы, а цяпер — Кваснеўскі. Але ў тую паліцэйскую школу так і не здолеў паступіць! (жанчына, 30 гадоў).

Нярэдка сутыкаюцца з фактамі непрыняцця, адмоўнага стаўлення да вывучэння і публічнага ўжывання іх мовы таксама прадстаўнікі этнічнай групы кашубаў, на што звярнуў увагу ў сваім дакладзе заснавальнік вядомай кашубскай школы ў Гладніцы, аўтар выдадзенага ў мінулым годзе ў Гданьску „Кашубскага буквара” („Kaszёbscze abecadlo”) Вітальд Баброўскі. Дарэчы, „кашубскі дэсант” на беларускай зямлі быў адным з самых прыкметных: ажно чацвёра вядомых навукоўцаў з Паморскага ваяводства выступілі на канферэнцыі ў Брэсце.

Дасягненне ўзаемаразумення, усталяванне талерантных адносін паміж народамі з’яўляецца неабходнай перадумовай еўрапейскай інтэграцыі. Разам з тым, сітуацыя на інтэграцыйным полі няпростая. Як сведчаць даныя, прыведзеныя доктарам навук Чэславам Вісьнеўскім з Лодзі, падтрымка інтэграцыйных намераў з Еўрапейскім Саюзам з боку польскай грамадскасці мае тэндэнцыю да зніжэння. У перыяд з чэрвеня 1994 г. да цяперашняга часу зніжэнне саставіла 18%. Чым больш інфармацыі аб Еўрасаюзе атрымоўвае польскае грамадства, чым бліжэй тэрмін уступлення ў яго, тым больш цвярозай становіцца ацэнка падзеі, што мае адбыцца. Прыхільнікамі еўрапейскай інтэграцыі з’яўляюцца перад усім жыхары буйных гарадоў, маладыя людзі, а таксама асобы з вышэйшай адукацыяй і высокім узроўнем даходаў. Свае надзеі з далучэннем да Еўрасаюзу маладыя палякі звязваюць перад усім з пашырэннем талерантнасці (38,5%), паляпшэннем адукацыі і павышэннем узроўню ведаў (34,6%), з цывілізацыйна-культурным уздымам (30,8%) і інш. Антыінтэграцыйныя пазіцыі тлумачацца перад усім апаскай перад эканамічнай залежнасцю і звядзеннем палякаў да ролі наёмнай рабочай сілы (57,7%).

З цікавасцю былі сустрэты на канферэнцыі даклады прафесараў, дактароў навук Э. Дарашэвіча, Э. Іофе, Я. Бабосава, А. Ляўко з Мінска, М. Кухарава з Гомеля, А. Кандрашэнкава і С. Вострыкава са Смаленска, Ю. Юркенаса і Л. Бурэнінай з Вільні, С. Яцкевіча з Брэста, М. Барысава з Якуцка, К. Косака-Глуўчэўскага, Т. Малішэўскага, В. Чэрвіньскага (усе з Гданьска), кандыдатаў навук, дацэнтаў В. Белазаровіча з Гродна, Л. Піскун з Мазыра, І. Сінчука і В. Мазанік з Мінска і іншых удзельнікаў. Наступную, трэцюю, канферэнцыю намечана правесці ў Брэсце 10-11 лістапада 2002 года.