Ніва № 47 (2376), 25 лістапада 2001 г.

Праваслаўны віцэ-ваявода

Яўген МІРАНОВІЧ

Некалькі тыдняў таму афіцыйна аб’явілі, што падляшскім віцэ-ваядодам назначаны Ежы Паўяновіч. Не было б у гэтым ніякай сенсацыі, калі б журналісты не выявілі, што гэты чыноўнік — праваслаўнага веравызнання. Пасыпаліся каментарыі, што гэта кандыдат нацыянальных і рэлігійных меншасцей, што гэта форма падзякі СЛД беларусам і праваслаўным за падтрымку на чарговых у гісторыі ІІІ Рэчы Паспалітай выбарах.

Пасля 1944 г. шмат высокіх чыноўнікаў у Беластоцкім ваяводстве было выхадцамі з беларускіх вёсак. Хаця ўсе аб гэтым ведалі, а палякі паміж сабою гаварылі, што ваяводствам кіруюць „кацапы”, афіцыйна ніхто і ніколі не заявіў, што той, ці іншы таварыш з’яўляецца беларусам, ці праваслаўным. Наадварот нашы Ваські, Міколкі, Толікі, Веркі і Любы дэманстравалі асаблівую форму польскага нацыяналізму. Калі толькі публічна бралі голас, абавязкова імкнуліся даказаць, што з’яўляюцца не толькі добрымі камуністамі, але таксама шчырымі палякамі. Часам партыя пасылала сваіх таварышаў праваслаўнага паходжання рэалізаваць сваю праграму ў беларускім асяроддзі. Так было напрыклад у 1955 г., калі стваралася рэдакцыя „Нівы” і БГКТ. Большасць — разам з прафесіяй беларускага дзеяча — атрымала, можа лепей знайшла, сваю нацыянальнасць.

Пасля 1989 г. даволі хутка пачысцілі рады чыноўнікаў Беластоцкага ваяводства з усялякіх „рускіх”. Нічога не дапамагла ім нават змена імёнаў і прозвішчаў. Амаль усе праваслаўныя Эдварды, Патрыкі, Станіславы і Бэаты са структур улады адплылі ў зону бізнесу. Мелі яны больш вопыту, чым салідарніцкія рэвалюцыянеры, якія прывучыліся да найбольш прымітыўных метадаў прысвойвання публічнай маёмасці. Назначаныя каталіцкімі епіскапамі ваяводскія і гарадскія чыноўнікі кампраметавалі толькі сваіх пратэктараў. Апошні ваявода, Крыстына Лукашук, была ўвасабленнем тэзісу бальшавіцкага правадыра Уладзіміра Леніна, які аб’явіў, што нават кухарка можа кіраваць дзяржавай. Чатыры гады ўлады Крыстыны Лукашук пацвярджае трапнасць ленінскага мышлення. Нічога асабліва праз гэты час не здарылася. Як заўсёды пасля зімы прыходзіла вясна, а пасля лета — восень. Кожны ваявода, які зойме крэсла Лукашук, будзе цяпер бачыцца як Напалеон ці Рузвельт.

Чатыры гады таму, калі пераможцамі на парламенцкіх выбарах сталі салідарнікі, з Варшавы прыйшоў сігнал, што беластоцкім віцэ-ваяводам павінен стаць нейкі беларус. Неўзабаве высветлілася, што ўсур’ёз у якасці кандыдата на гэты пост разглядаўся былы дзеяч „Салідарнасці” Алег Латышонак. Ажыццявіць гэту ідэю аднак не давялося з-за супрацьдзеяння беластоцкіх нацыяналістаў, якім у галаве не памяшчалася думка, што w wolnej Polsce jakis kacap moze byc u steru wladzy, хаця б у толькі лакальнай. У „Ніве” мы тады пісалі, што пасля наступных выбараў хтосьці з праваслаўных напэўна будзе пры ўладзе.

Ежы Паўяновіч, як віцэ-ваявода, не памяняе сітуацыі ні праваслаўных, ні беларусаў, але ў вачах электарату СЛД паказалася як партыя вартая даверу. Апрача Паўяновіча, дзякуючы структурам СЛД, павышэнне ў палітыцы атрымаў вядомы царкоўны актывіст Яўген Чыквін. Партыя паслала нашаму электарату так моцны сігнал, што смела можна прагназаваць вынік галасавання ў парламент таксама падчас чарговых выбараў. Адны называюць гэта прафесіяналізмам, другія — цынізмам. Вядома толькі — гаворачы словамі Джугашвілі — што „в политике нет сентиментов”. Найлепш аб гэтым мог пераканацца Ян Сычэўскі, які звычайна не пасаваў да складу партыйнай зборнай Лешка Мілера, гуляючай на сёлетніх выбарах. Вялікая падтрымка беларускага электарату ў нічым не дапамагла Сычэўскаму ў змаганні за сенатарскі мандат. Чатыры гады таму лідэру БГКТ дастаткова было набраць у камандзе СЛД дзве тысячы галасоў, каб стаць паслом, у гэтым годзе самастойна набраных шасцідзесяці тысяч было мала, каб стаць членам польскага парламента.