Ніва № 47 (2376), 25 лістапада 2001 г.

Інтэграцыйнае трохгалоссе

Аляксей МАРОЗ

Пасля школьных элімінацый да конкурсу прыступілі 48 вучняў з падставовых школ і гімназій Бельска-Падляшскага, Храбалоў, Орлі і Ягуштова. Дзеці і моладзь дэкламавалі па два творы: адзін на польскай, а другі на беларускай, украінскай, рускай і польскай (калі гэта быў пераклад іншамоўнага твора) мовах. У час конкурснай часткі мерапрыемства перад вучнямі выступілі беларускі калектыў „Дзявочыя ноткі”, украінскі „Ранок”. Мерапрыемству спадарожнічалі практычныя заняткі, якія вёў Пётр Дамулевіч — акцёр і заадно прафесар Тэатральнай акадэміі ў Беластоку.

— Я высока ацэньваю сёлетні ўзровень дэкламатараў. Рэпертуар, за малымі выключэннямі, быў падабраны адпаведна да ўзросту вучняў. Мы не адчулі нават, што праслухалі так многа ўдзельнікаў. У кожнай мове ёсць свае адметнасці і гэта зрабіла конкурс цікавым, — заявіла старшыня журы Ева Якубашак з Ваяводскага асяродка анімацыі культуры ў Беластоку.

У катэгорыі вучняў падставовых школ за верш Валянціна Лукшы „Падснежнік”, які быў дэкламаваны ў перакладзе на польскую мову, першае месца заняла Ева Мартынюк з Падставовай школы н-р 4 у Бельску-Падляшскім, а ў групе гімназістаў перамагла Ева Карыцкая з Гімназіі н-р 2 у Бельску-Падляшскім, якая на польскай мове дэкламавала верш Івана Крылова „Тrojzeniec”. Сярод вучняў падставовых школ другое месца заняла Ева Ярашук з ПШ н-р 1 у Бельску, трэцяе — Юліяна Дораш з ПШ н-р 3 у Бельску, а вылучэнні атрымалі Альжбета Коршак і Ганна Мордань з ПШ у Храбалах, Марта Вайцюк з ПШ н-р 3 у Бельску і Сільвія Фалькоўская з П-Ш н-р 1 у Бельску. У катэгорыі гімназістаў другое месца заняла Марта Неліпінская з Гімназіі н-р 3 у Бельску (яна сёлета заваявала ўзнагароду Гран-пры ў конкурсе „Роднае слова”), трэцяе — Анна Пахвіцэвіч з Гімназіі н-р 3 у Бельску, а вылучэнні — Вольга Рыжык і Аксана Міхальчук з Гімназіі н-р 2 у Бельску, Юстына Вышкоўская з Гімназіі ў Ягуштове, Эвэліна Вайдакоўская і Юліяна Шчурак з Гімназіі н-р 1 у Бельску. Пераможцы конкурсу атрымалі вартасныя ўзнагароды, а ўсе ўдзельнікі — дыпломы і кніжкі. Узнагароды ўручалі дырэктар БДК Сяргей Лукашук і метадыст беларускай мовы Тамара Русачык.

Арганізатары мерапрыемства адзначылі, што конкурс праводзіцца з мэтай пашырэння культуры мовы і жывога слова сярод моладзі Бельска-Падляшскага і наваколля і інтэграцыі шматнацыянальнага насельніцтва. Праект мерапрыемства ўдзельнічаў у конкурсе „Зразумець іншых”, арганізаваным Цэнтрам анімацыі культуры ў Варшаве, і ў чэрвені гэтага года атрымаў адну з трох узнагарод (6 000 зл.), прысвоеных установам культуры. Грошы выкарыстаны былі на арганізацыю конкурсу і ўзнагароды. Мерапрыемства падтрымалі выдавецтва „Ортдрук”, тыднёвік „Ніва”, Саюз украінцаў Падляшша, Беларускае грамадска-культурнае таварыства і Музей малой айчыны ў Студзіводах.

Пасля абвяшчэння рэзультатаў лаўрэаты, якія занялі першыя тры месцы, дэкламавалі падрыхтаваныя на конкурс вершы. Паміж іх выступленнямі спявалі вучні са Студыі песні, якая дзейнічае пры БДК, ды танцавалі і спявалі ўкраінскія школьныя калектывы „Ранок” і „Яр”.