Ніва № 45 (2374), 11 лістапада 2001 г.

Канферэнцыя БГКТ у Беластоку

Міхась СВАЯК

27 кастрычніка 2001 года адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Павятовага аддзела БГКТ у Беластоку, які аб’ядноўвае гурткі з тэрыторыі павета і самога горада. Канферэнцыю адкрыла старшыня аддзела Валянціна Ласкевіч, якая прывітала дэлегатаў і запрошаных гасцей, а таксама запрапанавала ўшанаваць хвілінай цішыні памерлых у перыяд гэтага склікання Міколу Гайдука, Міхася Шаховіча і Юрку Налівайку.

Старшынёй справаздачна-выбарчай канферэнцыі дэлегаты абралі Яна Зенюка. Затым старшыня аддзела Валянціна Ласкевіч выступіла з дакладам аб дзейнасці павятовага праўлення ў 1997-2001 гадах. Пералічыла яна ўсе калектывы, якія ахвярна расслаўляюць беларускую песню на фэстах, канцэртах і многіх мерапрыемствах, прыносячы радасць людзям не толькі на Беласточчыне але і па-за межамі краіны, асабліва на Беларусі. Праўленне аддзела ўключалася ва ўсе мерапрыемствы, арганізаваныя Галоўным праўленнем (конкурсы, выбарчыя парламенцкія кампаніі, навагоднія балі, вечарыны, запусты). „Людзі нашага аддзела, — гаварыла дакладчыца, — з’яўляюцца адначасова і дзеячамі Галоўнага праўлення БГКТ”.

У канцы справаздачы старшыня выказала падзяку спонсарам культурна-асветных мерапрыемстваў, а таксама ўдзельнікам мастацкіх калектываў і тым дзеячам, якія пашыраюць беларускасць і прывіваюць пашану да роднай мовы і культуры.

Справаздачу Рэвізійнай камісіі аддзела прадставіла Ірэна Тшэцяк.

Перад дыскусіяй слова ўзяў старшыня ГП БГКТ Ян Сычэўскі, які даў высокую ацэнку дзейнасці Павятовага праўлення. У Беластоку жыве каля 100 тысяч беларусаў, гаварыў ён, але колькі з іх асмельваецца назваць сваю нацыянальнасць — гэта вялікая невядомая. Старшыня ГП паінфармаваў, што дзякуючы яго і беластоцкіх праваслаўных радных намаганням улады горада Беластока анулявалі задоўжанасць у аплатах за памяшканне ГП. Асудзіў ён нашы сродкі масавай інфармацыі і тыя беларускія арганізацыі, якія чэрняць БГКТ і законныя ўлады Рэспублікі Беларусь.

— Яшчэ ніколі не было так дрэнных адносін Польшчы да Беларусі як цяпер. А беларускія радыёперадачы маюць адмоўны ўплыў на гэтыя адносіны, бо распальваюць варожасць. Дарэмна гэтага не робяць. Беларусы беларусаў кусаюць і аплёўваюць, — гаварыла Ніна Цыванюк з Гарадка.

Расказала яна і аб добрых адносінах да беларусіх калектываў у польскім асяроддзі. Гэта ж самае сцвярджала і Ніна Аўгустыновіч з калектыву „Журавінкі” ды Ала Каменская з „Каласкоў”. Апошняя звярнула ўвагу на дрэнны ўплыў тых бацькоў, якія выхоўваюць сваіх дзяцей у духу затойвання сваёй нацыянальнасці. Адна ўдзельніца хору не хацела апрануцца ў народную беларускую вопратку, бо „баялася, каб яе не зарэзалі”, — гаварыла Ала Каменская.

— Варта браць прыклад з украінцаў. Для іх няважна, якога хто веравызнання, важна, каб пачуваўся да ўкраінскай нацыі. Яны не крытыкуюць улад Украіны. А што ў нас? Нават парламентарыі агідна плююць на свайго суседа — Беларусь, аж брыдка слухаць, — гаварыў Янка Крупа, пенсіянер, былы танцор „Лявоніхі”. Ён выказаў жаданне дапамагчы БГКТоўскаму гуртку пенсіянераў. Ініцыятыву падхапіла Галена Арцішэўская з калектыву „Крыніца”, якая прапанавала супольнае дзеянне.

Віктар Швед сваё выступленне прысвяціў недастатковай ролі Праваслаўнай царквы ў прывіванні нацыянальнага духу. А гэтая недастатковасць вынікае з таго, што праваслаўнае духавенства пераважна польскамоўнае і абыякава ставіцца да беларускасці. Мікалай Ваўранюк засяродзіўся на патрэбах моладзі.

Міхась Хмялеўскі выказаўся крытычна наконт клубнай працы ў памяшканні БГКТ у Беластоку. Прапанаваў пашырэнне яе на пенсіянераў, якіх трэба шанаваць, бо менавіта яны, адбудавалі паваенную Польшчу і далі пачатак нашай грамадска-культурнай арганізацыі.

— Пахіляю галаву перад старэйшым пакаленнем, дзейнасць якога ў значнай ступені прычынілася да жыццёвага старту маладога пакалення. Я не ў праве крытыкаваць дзейнасць БГКТ, але хачу сказаць, што крытыку трэба ўспрымаць спакойна і шукаць у ёй станоўчыя імкненні, — сказаў доктар Васіль Сегень з Беластоцкага універсітэта.

Гаварылася на канферэнцыі аб пасіўнасці моладзі, у тым ліку і студэнтаў (карысней было б дапамагаць бедным, чым выдаваць грошы на вечарыны і танцы). Але ж БГКТ не міласэрная арганізацыя. Мае яно рознымі формамі дзейнасці прыцягнуць разбітую моладзь, каб была магчымасць уплываць на яе, выхоўваць. Доктар Васіль Сегень запэўніваў, што ён разам з прафесарам Міхалам Кандрацюком будуць намагацца наблізіць студэнтаў да БГКТ, каб яны навучыліся беларускасці, каб не мелі сумнення ў тым, што яны — беларусы. У гэтым могуць пераконваць запісы гаворак і фальклору Беласточчыны.

У дыскусіі выступіла 12 чалавек. Падсумавала яе Валянціна Ласкевіч. Гаварыла яна таксама аб непрыхільнасці БДА і іншых арганізацый да БГКТ і аб неабходнасці супрацоўніцтва ўсіх беларускіх суполак.

У выніку выбараў 11-асабовае праўленне ўзначаліла Валянціна Ласкевіч (намеснікі — Юрка Астапчук і Васіль Сегень, сакратар — Кастусь Масальскі, скарбнік — Ала Каменская). Старшынёй 5-асабовай рэвізійнай камісіі стаў Антон Семянковіч. Канферэнцыя выбрала 25 дэлегатаў на Краёвы з’езд БГКТ, які адбудзецца 18 лістапада г.г.