Ніва № 45 (2374), 11 лістапада 2001 г.

Сумныя песні пяём

Мікола ВАЎРАНЮК

Хаця на сёлетняй „Бардаўскай восені” аж кішэла ад „жывых класікаў” беларускай аўтарскай песні і лаўрэатаў з папярэдніх гадоў, хаця адбыліся прэм’еры новых музычных праектаў, хаця ў каторы ўжо раз акустычны канцэрт даў найлепшы беларускі рок-гурт „Н.Р.М.” — было сумна.

Нават Віктар Шалкевіч, якому за дасціпным словам у кішэню лезці не даводзіцца, пагрузіўся ў нейкія настальгічныя ўспаміны. Вінаватая восень ці пабыўка ў Амерыцы, пасля якой нішто ўжо тут не ўспрымаецца як раней? У адной з песень Віктара з’явілася нават згадка пра эміграцыю.

Сумна было, калі на сцэну выходзілі выканаўцы, якія хутчэй павінны прабівацца на „Славянскі базар” у Віцебску ці фестываль Еўравізіі. Радасць ад уваскрашэння „Белага сну” таксама нейкая зацягнутая смугой. Шкада ўпушчаных сямі гадоў, якія прайшлі ад апошняга публічнага выступлення калектыву. Той канцэрт быў аздобай першай „Бардаўскай восені”, а вобраз 15-гадовай Марты Драль у белай сукенцы запамятаўся не аднаму мне. Смуга на канцэрце Янкі Хохі і кампаніі, гэта няпэўнасць, колькі часу цяпер давядзецца чакаць, каб пачуць іхнюю далікатную і дапешчаную музыку нажыва.

Тое, што Алесь Камоцкі спявае сумныя раманcы, нікому не навіна. Мне шкада іншага: што ён, зрабіўшыся свайго роду сімвалам „Бардаўскай восені”, вязе з сабою маладых бардаў, а сам мала часу праводзіць на сцэне Бельскага дома культуры.

Хоць страх як люблю я „Н.Р.М.” у кожнай іпастасі: на вялікай сцэне і падчас акустычнага кацэрта, сольныя выступленні лідэра гурту Лявона Вольскага і супольныя праекты з іншымі музыкамі, то ўсё-ткі хацелася б, каб арганізатары „Бардаўскай восені” знайшлі які-небудзь іншы сродак, каб падняць публіку з крэслаў. Маладыя людзі сёлета сапраўды падняліся пры музыцы „Н.Р.М.”. Мая знаёмая настаўніца з Беластока захаплялася культурнымі паводзінамі, гжэчнасцю ліцэістаў з Гайнаўкі і Бельска. На жаль, не можна гэтага сказаць пра ахову. Калі сцэну сцеражэ бязмозгі тып, якому здаецца, што бяскарна можна тузаць каго заўгодна, гэта таксама сумна.

Напэўна яркім момантам фестывалю быў канцэрт вядомага з калектываў „Палац” і „Крыві” Зміцера Вайцюшкевіча. На „Бардаўскай восені” адбылася прэм’ера новага музычнага праекта, азагалоўленага „Цацачная крама”, у якім скарыстаны стары як свет літаратурны прыём — героямі становяцца звяры з чалавечымі рысамі. У такі спосаб аўтары баек ва ўсе часы і эпохі маглі сказаць болей і смялей, а чытачы ў гэтых творах праглядаліся як у люстэрку. У Зміцера Вайцюшкевіча звяры не жывыя, а цацачныя, але ён як прадавец не толькі ўмее іх расхваліць, але і ведае характар і норавы кожнага. У ягонай краме ёсць найдурнейшы ў свеце баран і самая разумная варона, ёсць казёл, які не ведаў, што ён казёл пакуль не пачуў гэта ад чалавека, ёсць мядзведзь, які за лыжку мёду гатовы памяняць свае елкі на любы цырк ды певень з малымі мазгамі і нескладанай жыццёвай праўдай: „будуць куры, буду я”.

„Цацачная крама”, паказаная ў Бельску, яшчэ недапрацаваная. Не ведаю, ці будзе разбудаваны інструментарый, бо на сёння апрача Вайцюшкевіча, які час ад часу падыгрываў сабе на кларнеце, былі толькі гітара і скрыпка. Але спектакль выйграе, калі будзе больш тэатралізаваны. За лёс праекта я, аднак, не хвалююся, напэўна яшчэ пра яго пачуем.

* * *

Пераможцам VIII Фестывалю беларускай аўтарскай песні „Бардаўская восень” стаў дуэт „Эйфарыя” з Нарвы. Студэнты Мажэна Русачык і Пётр Казырскі прымалі ўдзел у конкурсе і ў мінулым годзе, але тады беларуская мова яўна давалася ім цяжка ды і спеў быў празмерна эфектны. За год маладыя людзі добра папрацавалі. Іхнія гітары гучаць прыемна для вуха, паправіўся спеў і тэксты. Старшыня журы Лявон Вольскі ад імя астатніх юрораў: Надзеі Артымовіч і Алеся Камоцкага сказаў, што вердыкт быў прыняты аднагалосна. Узнагароду „Эйфарыі” ўстанавіў бурмістр Бельска.

Нарваўскі дуэт атрымаў таксама трыццаць гадзін запісу ў студыі Беластоцкага радыё. А дваццаць гадзін зможа тамака папрацаваць Вольга Чумічова з Мінска, якую можна назваць беларускай Джоэн Баэз. Бельскі аддзел Беларускага грамадска-культурнага таварыства ўзнагародзіў Васіля Аўраменку з Магілёва, падтрымліваючы высокую ацэнку бардаў з гэтага горада. Нагадаю, што два гады таму ў Бельску перамог таксама магілёвец Сяргей Кулягін.

Пералік пераможцаў заўсёды дастаўляе пісаку радасць. Але я і тут не магу канчаткова разагнаць тую сумную восеньскую імглу, якая атуліла мяне ў Бельскім доме культуры. Не магу, бо шкада мне, што арганізатары ўвогуле не дбаюць аб прапагандаванні імпрэзы і, перш-наперш, выканаўцаў у электронных мас-медыях. Можа сцвярджэнне: „калі чагось не было ў тэлевізіі, то наогул не было”, не да канца справядлівае, але зерне праўды ў ім ёсць. А Звяз беларускай моладзі заўпарціўся і тэлебачання на мерапрыемстве бачыць не хоча. Значыць, бардаў пабачаць толькі тыя, хто прыйшоў у Бельскі дом культуры 28 і 29 кастрычніка. Патрабуючы грошай ад Радыё „Рацыя” за права выпускаць у эфір запісы з „Бардаўскай восені” лідэры элітарнай маладзёжнай арганізацыі не толькі зрабілі крыўду ўдзельнікам Фестывалю, але і паказалі сваю здольнасць глядзець шырэй і сягаць вышэй. Свайго носа.