Ніва № 45 (2374), 11 лістапада 2001 г.

Судзяць шэрагоўцаў „эскадрону смерці”

Зміцер КІСЕЛЬ

24 кастрычніка ў Мінску распачаўся судовы працэс над былымі байцамі спецпадраздзялення „Алмаз”. Валерыя Ігнатовіча, Максіма Маліка, Сяргея Савушкіна і Аляксея Гуза абвінавачваюць у выкраданні аператара Грамадскага расійскага тэлебачання Дзмітрыя Завадскага і ў шэрагу іншых цяжкіх злачынствах, у тым ліку забойствах.

Дзмітры Завадскі стаў вядомым пасля 1997 года, калі з карэспандэнтам ГРТ Паўлам Шараметам некаторы час прасядзеў у гродзенскай турме за рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы. Раней ён быў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі і добра быў з ім знаёмы. Неўзабаве пакінуў „боса” і разам з былым журналістам беларускага тэлебачання Паўлам Шараметам пачаў перадаваць інфармацыйныя паведамленні з Беларусі на ГРТ. Аднак пасля 1997 года абодва былі вымушаны працаваць у Расіі. Завадскі здымаў у розных месцах, у тым ліку і ў Чачні. Летам 2000 года ён знаходзіўся ў Мінску, дзе жыве яго сям’я. 7 ліпеня аператар паехаў у аэрапорт сустракаць Шарамета, але па дарозе знік.

У хуткім часе быў арыштаваны адзін з кіраўнікоў прафашыстоўскага Русского Национального Единства (РНЕ) у Беларусі, былы баец спецназа Валеры Ігнатовіч. У яго машыне знайшлі рыдлёўку са слядамі крыві, група якой адпавядала крыві Завадскага. Паступова следства выходзіла на новых падазроных. Пачала праглядвацца сувязь паміж знікненнем Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Нарэшце следчыя выйшлі на камандзіра спецпадраздзялення ўнутраных спраў падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлючэнку. Але ён правёў за кратамі ізалятара КДБ усяго адну ноч і быў вызвалены па загадзе Аляксандра Лукашэнкі. За тое, што пасмелі арыштаваць яго вернага служку генеральны пракурор Алег Бажэлка і старшыня КДБ Уладзімір Мацкевіч былі зняты з пасад. Падчас перадвыбарчай кампаніі ў незалежнай прэсе з’явілася шэраг дакументаў, што сведчылі пра існаванне ў Беларусі „эскадронаў смерці”, ніці кіравання якімі цягнуцца на самы „верх”. Улады зразумела ўсё абвяргалі.

І вось распачаўся суд. Афіцыйная версія знікнення Завадскага наступная: падчас працы ў Чачні ён сустрэў Ігнатовіча, які спачатку ваяваў наёмнікам у чачэнцаў, а пасля перайшоў да расійцаў. Нібыта пра гэта Завадскі паведаміў у друку і Ігнатовіч вырашыў адпомсціць. Але ўзнікае пытанне, калі ўсё так банальна, чаму працэс закрыты? Згодна паведамленняў ГРТ, на судзе Ігнатовіч ляжыць на насілках, нібыта з-за дрэннага стану здароўя. Па гэтай прычыне ў першы дзень працэс працягваўся вельмі кароткі час. Па ўсім відаць, што прысуд будзе вынесены не хутка, калі наогул будзе вынесены.