Ніва № 45 (2374), 11 лістапада 2001 г.

Адмова ў статусе ўцекача

Рада па справах уцекачоў адмовіла грамадзяніну Беларусі, дзеячу антылукашэнкаўскай апазіцыі Андрэю Жукаўцу ў наданні яму статуса бежанца. Беларускія ўлады абвінавачваюць яго ў крымінальных злачынствах і патрабуюць вярнуць яго ў Беларусь. Аб гэтым 24 кастрычніка г.г. заявілі кіраўнікі Звязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы. Гэтую інфармацыю пацвердзілі супрацоўнікі Рады. На рашэнне Рады Андрэй Жукавец падаў апеляцыю ў Вярхоўны адміністрацыйны суд.

Паводле неафіцыйных паведамленняў з крыніц набліжаных да ЗБПУ, Рада абгрунтавала рашэнне адсутнасцю дастатковых доказаў, якія ўказвалі б на сувязі Жукаўца з беларускай апазіцыяй і падазрэннямі ў здзяйсненні ім крымінальнага злачынства.

Адмова падтрымоўвае рашэнне органа першай інстанцыі, значыць, цяперашняй Управы па справах рэпатрыяцыі чужынцаў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. Рада адмовіла таксама ў наданні статуса ўцекача двум іншым беларусам, членам ЗБПУ — Віктару Нагнібядзе і Сяргею Юцкевічу. У выдадзенай заяве Звяз беларускіх палітычных уцекачоў палічыў, што гэтыя рашэнні ідуць у разрэз з жэнеўскай канвенцыяй аб уцекачах. Да заявы была прыложана адозва да польскай грамадскасці з заклікам падтрымаць беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы. Пад дакументам падпісаліся дзеячы апазіцыйных арганізацый.

У беластоцкім судзе некалькі месяцаў разглядаецца справа аб выдачы Беларусі Андрэя Жукаўца, які абвінавачваецца ў невяртанні 700 тыс. дол. крэдытаў. Пасля папаўнення дакументаў беларускім бокам судовы працэс будзе ўзноўлены ў палове лістапада г.г.

Жукавец заяўляе, што крымінальная справа была прыдумана ўладамі і мае палітычную глебу, звязаную з яго палітычнай дзейнасцю. Сцвярджае ён, што фінансава падтрымоўваў апазіцыю, між іншым, друкаваў ёй прапагандысцкія матэрыялы (яго фірма займалася рэкламай). На пытанне суда адказаў, што яго ніколі не арыштоўвалі (раз быў затрыманы пасля маніфестацыі), але запалохвалі, каб перастаў падтрымоўваць апазіцыю.

Калі на пачатку года Беларусь звярнулася аб выдачы ёй затрыманага ў Польшчы на падставе міжнароднага вышуку Жукаўца, тадышні міністр юстыцыі Лех Качынскі заявіў, што нягледзячы на рашэнне суда ў гэтай справе не згодзіцца на выдачу апазіцыйнага дзеяча ўладам у Мінску.

Паводле ПАП