Ніва № 44 (2373), 4 лістапада 2001 г.

Беларускі дзень у Кракаве

Яўген МІРАНОВІЧ

З 1995 года ў Кракаве вельмі актыўную дзейнасць вядзе Аб’яднанне Віла Дэцыя. Галоўная мэта арганізацыі — стварэнне ўмоў для дыялогу розных культур. У гэтым плане дзейнасці змяшчаецца таксама прэзентацыя культур нацыянальных меншасцей Польшчы. Формы дзейнасці Аб’яднання даволі шырокія — ад музычных канцэртаў і літаратурных сустрэч, мастацкіх выставак, тэатральных спектакляў да абмену палітычнай думкай з удзелам вядомых палітыкаў і інтэлектуалаў Польшчы і Еўропы.

Кракаў — адзін з культурных цэнтраў былой Аўстра-Венгерскай імперыі — бярэ на сябе ролю папулярызатара супольнасці інтарэсаў краін Сярэдняй Еўропы. Віла Дэцыя мае тут вялікі свой удзел, перш за ўсё ў арганізаванні сустрэч культурнага характару. Кракаўскія інтэлектуалы ў сапраўднасці ажыццявілі ідэю сакратара караля Зыгмунта Старога, Людвіка Юстуса Дэцыя, папулярызатара гуманістычнай думкі ў шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай.

Віла Дэцыя гэта не толькі арганізацыя, але таксама рэнесансавы палац ХVI стагоддзя, абведзены старым паркам. Гісторыя вельмі ўдала спалучаецца там з сучаснасцю, што дае камфартабельныя ўмовы для сустрэч інтэлектуальнага характару. Дзейнасць Вілы Дэцыя фінансуе горад Кракаў, а падтрымліваюць яе некалькі банкаў і розных фондаў. У Беластоку, напрыклад, такая ўстанова не мела б ніякіх шанцаў на праіснаванне не толькі па прычыне інтэлектуальнай якасці мясцовай эліты, але таксама па фінансавых прычынах. Банкрутуючы ў нашым трохсоттысячным горадзе і паўтарамільённым ваяводстве адзіны тэатр становіцца сімвалам стану культуры ў рэгіёне.

20 кастрычніка ў Кракаве адбылася дзесятая сесія праграмы, прысвечанай нацыянальным меншасцям. Гэтым разам героямі былі беларусы. Удзельнікамі сесіі былі навуковыя супрацоўнікі некалькіх універсітэцкіх асяроддзяў паўднёвай Польшчы, настаўнікі і кракаўскія грамадскія дзеячы. Канферэнцыі спадарожнічалі дзве выстаўкі мастацкіх прац — прафесара Лодзінскай Мастацкай акадэміі Міколы Давідзюка і Малгажаты Дзмітрук з Бельска-Падляшскага, пастаянна пражываючай у падваршаўскім Валаміне. Малгажата Дзмітрук, апрача карцін, адлюстроўваючых псіхалагічныя і рэлігійныя станы жыхароў усходняй Беласточчыны, прывезла ў Кракаў вязаныя пруткамі світэры, якія былі праявай рэдкага мастацтва. Адзін світэр аўтарка выконвала амаль паўгода.

Тэарэтычная частка пачалася з даклада ніжэйпадпісанага пра гісторыю беларусаў у польскай даваеннай і пасляваеннай дзяржаве. Пасля вядомая даследчыца творчасці „белавежцаў”, прафесар Тэрэса Занеўская расказала пра сучасных стваральнікаў беларускай літаратуры ў Польшчы, а таксама пра беларуска-польскія культурныя сувязі. Для большасці слухачоў усе інфармацыі пра беларусаў — грамадзян Польшчы — былі новымі. Падчас трохгадзіннай дыскусіі, якая адбылася пасля абеду, беларусы — госці Вілы Дэцыя — Сакрат Яновіч, Мікола Давідзюк, Малгажата Дзмітрук, Юры Хмялеўскі, Яўген Мірановіч — адказвалі на пытанні слухачоў. Найбольшае здзіўленне выклікала імкненне беларусаў да самапаланізацыі. Большасць меншасцей — заяўлялі польскія ўдзельнікі дыскусіі — змагаецца за сваю культурную і моўную адметнасць, што асабліва відаць пасля 1989 года.

Вечарам Віла Дэцыя ладзіла сустрэчу з нагоды 65-гадовага юбілею з дня нараджэння Сакрата Яновіча. Сустрэча з пісьменнікам пачалася ад дэманстрацыі фільма аб Віле Сакрат у Крынках, прысвечанага грамадскай і літаратурнай дзейнасці юбіляра. Размову з Яновічам вёў рэдактар „Czasopisa” Юры Хмялеўскі. Аўтарскі вечар Сакрата пераўтварыўся амаль у тэатральны спектакль, герой якога быў адначасова рэжысёрам і выканаўцам галоўнай ролі. Біяграфія Яновіча, прадстаўленая ім самім, несумненна магла б стаць аздобай рэпертуару кожнага драматычнага тэатра, зразумела, толькі не беластоцкага. Кракаўская публіка пасля сустрэчы з беларускім пісьменнікам была проста шчаслівай.