Ніва № 44 (2373), 4 лістапада 2001 г.

... і ў Беластоку

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У Беластоку патрыярх Павел у суправаджэнні сербскага і нашага духавенства маліўся ў цэрквах Мудрасці Божай і Святога Духа ды ў саборы Святога Мікалая. У царкве Мудрасці Божай (Агія Сафія) настаяцель а. Анатолій Конах падарыў госцю ікону і медаль, а патрыярх Павел падарыў гаспадару крыж і кадзіла. Такімі ж падаркамі саноўны госць абмяняўся ў кафедральным саборы з епіскапам Іакавам. У Свята-Мікалаеўскім саборы разам з праваслаўнымі іерархамі маліліся і каталіцкія на чале з беластоцкім мітрапалітам, архібіскупам Войцехам Зембам.

Епіскап Іакаў у сваёй пропаведзі прыгадаў, што патрыярх Сербіі наведвае Беласточчыну другі раз за нашу гісторыю. Упершыню нашу зямлю наведаў патрыярх Гаўрыіл, які ў 1582 годзе быў госцем Супрасльскага манастыра.

Патрыярх Павел у сваёй пропаведзі выказаў асаблівы боль за лёс Праваслаўя ў Косаве і Метохіі. Прыгадаў ён, што сербскі народ за сваю гісторыю адстойваў сваю веру і адкідаў спакусы зямной выгады ў карысць царства нябеснага.

Сербскі першаіерарх нарадзіўся ў той час, калі Гаўрыла Прынцып са сваімі таварышамі дэтанаваў бурныя падзеі мінулага стагоддзя. Сёння, пераступіўшы парог чарговага стагоддзя, адмысловае змаганне за нябесны рай цягне за сабою наступ зямнога пекла.

Патрыярх Павел заклікаў прысутных да малітвы за мір, да малітвы за сябе і сваіх сапернікаў. Гэтае выказванне нельга разглядаць як толькі рытарычную фразу, бо госць нашай Царквы быў відавочнікам усіх тых жахаў ваеннага пекла, якія выпалі на долю сербскага народа.

Патрыярх Павел, апрача Гайнаўкі і Беластока, наведаў таксама Святую Гару Грабарку, Бельск і Кленікі. У Варшаве сербскі першаіерарх сустрэўся з прымасам Польшчы, кардыналам Юзэфам Глемпам.