Ніва № 44 (2373), 4 лістапада 2001 г.

Фестываль Артымовіч

Аляксандр МАКСІМЮК

Такога яшчэ не бывала з нашымі пісьменнікамі. У Гданьску на афішах — на публічным, адзначу гэта адразу, відавоку — віселі фрагменты вершаў творцаў нацыянальных меншасцей Польшчы. Быў сярод іх і кавалак верша беларускай паэтэсы з Бельска Надзеі Артымовіч. Нікога ў Гданьску такі мастацкі прыём з ног не збіваў, ну, можа, акрамя нас — паруасабовай групы прыбылых з Беласточчыны. Мы не мелі ніякіх сумненняў, што такі анонс імпрэзы немагчымым быў бы ў нашым панурым, панылым, змрочным, але пры гэтым як жа ўтульным Беластоку. Wynocha na Bialorus — такой была б самая мяккая рэакцыя нашых талерантналюбівых і нацыянальнацярпімых грамадзян Беластока на кірыліцу ў публічным абароце.

Гданьск то файны горад. Не дзіва, што тут пяты ўжо год адбываецца Фестываль нацыянальных меншасцей і этнічных груп. Арганізуюць яго нямецкія, украінскія, беларускія, татарскія і кашубскія суполкі горада пры падтрымцы мясцовых СМІ і, як у гэтым годзе, Генеральнага консульства Нямеччыны. Ганаровы патранат над мерапрыемствам трымаў прэзідэнт Гданьска.

V Фестываль нацыянальных меншасцей — 20-22 кастрычніка — не меў нічога супольнага з рок-канцэртамі. Было гэта свята культуры: вечары паэзіі, сустрэчы з творцамі слова, агляды фільмаў, крышку рэгіянальнай ежы для каларыту. Аўтар удзельнічаў у сустрэчах з удзелам паэтэсы Надзеі Артымовіч ды гродзенскага акцёра і барда Віктара Шалкевіча. Такіх сустрэч было тры: вечар паэзіі ў Двары Артуса (тут прысутнічалі творцы розных нацыянальных меншасцей), сустрэча з беларускай грамадой Гданьска ў святліцы прыхода св. Мікалая і сустрэча ў Гданьскім універсітэце (тут, хаця няма беларускай філалогіі як асобнага кірунку, ладная групка студэнтаў вывучае беларускую мову як дадатковую замежную; усе яны, як прынцып, з небеластоцкімі каранямі). Адметнасцю першай сустрэчы быў украінскі паэт Астап Лапскі і літоўскі Сігітас Біргеліс. А. Лапскі заяўляе, што паходзіць „з-пад Кобрына на Украіне” (шмат хто не пагадзіўся на такое разуменне геаграфіі), але пасля аднаго дня апрацоўкі Віктарам Шалкевічам паэт, быццам, прызнаўся, што ён беларус. С. Біргеліс крануў усіх сваёй дэкламатарскай манерай, якую не так ужо і проста выявіць на паперы. Але калі вам давялося бачыць некалькі фільмаў Джэймса Камерана — класіка кінафільмаў жаху — дык падобны прыём часамі стасуецца ў тых фільмах пры нагодзе ўзаемапранікнення розных рэальнасцяў. С. Біргеліс вядомы не толькі ў Польшчы, але і ў Літве, дзе з’яўляецца членам пісьменніцкага саюза гэтай краіны. Тое ж можна сказаць і пра нашых белавежцаў, хаця з уступленнем у рады Саюза пісьменнікаў Беларусі было складаней. Нашы творцы збунтаваліся, што СПБ прад’явіў ім для запаўнення бланкі на рускай мове. Не бунтавалася адна Міраслава Лукша, для якой руская мова такая ж лёгкая, што і беларуская (яна звычайна той бланк запоўніла).

Сустрэча з гданьскай беларускай грамадой у прыхадской святліцы адзначылася тым, што прыцягнула шмат асоб, якія не так ужо і рэгулярна ўдзельнічаюць у багаслужбах. Пра гэта мне аб’явіла беларуская суарганізатар Фестывалю Лена Глагоўская. Даказвае гэта толькі, што туга гданьскіх беларусаў па Беласточчыне, якую яны дзесяцігоддзі назад пакінулі ў пошуках працы, усё жывая з’ява, а сустрэчы з беластачанамі — уяўляюць гданьшчанам выключную цікавасць. Неспадзеўкай быў таксама выступ Н. Артымовіч перад студэнтамі Гданьскага універсітэта. Выкладчыца беларускай мовы ў ім, Леакадзія Сухвала, запрасіла на сустрэчу не толькі сваіх навучэнцаў, але наогул студэнтаў філалагічнага факультэта. Такая аўдыторыя была неспадзеўкай перш за ўсё паэтэсе, якая часта паўтарала „Czy to jest wam jasne? Czy ja sie jasno wyrazilam?” На думку аўтара, паэтэса вельмі ясна выказвалася, а задаволенымі ад сустрэчы засталіся абодва бакі.

Былі і сустрэчы неафіцыйнага характару, самай запамінальнай з якіх стала гасціна ў Часлава Мекіна — віцэ-старшыні Лены, як сам заяўляе (намесніка старшыні Беларускага культурнага таварыства „Хатка” ў Гданьску).

На заканчэнне некалькі слоў пра іншых удзельнікаў беларускай групы, без якіх удзел паэтэсы Н. Артымовіч у Фестывалі, магчыма, быў бы немагчымым (даруйце каламбур). Абслугоўванне СМІ забяспечылі Аліцыя Петручук (Радыё Беласток) і Анна Шайкоўская (Радыё Рацыя). За паэтэсай — наогул пільна — сачылі Алег Латышонак і аўтар. Гэтыя апошнія былі кімсьці накшталт „санітараў”, а сама паэтэса, калі трымацца гэтай наменклатуры — „пацыенткай”. Свой удзел у Фестывалі нацыянальных меншасцей пацыентка стала перажываць ужо месяц да яго. Санітары ўсё тое хваляванне асабліва моцна адчулі ў апошні перад мерапрыемствам тыдзень. Сам жа Фестываль стаў для Н. Артымовіч адным няспынным паэтычным кайфам. Санітары, разумеючы далікатнасць абстаноўкі, ні на крок ад пацыенткі не адступіліся, пасля чаго забяспечылі ёй і беспраблемнае вяртанне з Гданьска ў родны Бельск. Дакладваючы аб усім гэтым беларускай грамадзе ў Польшчы, з націскам на акуратнасць і шчаслівае завяршэнне нашай місіі ў Гданьску, застаюся ў павазе.