Ніва № 43 (2372), 28 кастрычніка 2001 г.

31 у адным

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Трыццаць адзін паэт і празаік — героі толькі што выдадзенай кнігі Аляксандра Баршчэўскага Творцы беларускага літаратурнага руху ў Польшчы 1958-1998*. Усе з іх былі ці ёсць звязаны з Беларускім літаратурным аб’яднаннем „Белавежа” і нашым тыднёвікам. Разгляданая творчасць сягае пачаткаў „Нівы”, паколькі наўкол яе і тагачаснага галоўнага рэдактара Георгія Валкавыцкага ўзнікла БЛА (1958 г.), якое пасля ахрышчана было імем „Белавежы”. Таму нядзіўна, што пераважная большасць аналізаваных твораў выдадзена была ў Беластоку і ў значнай ступені накладам Аб’яднання. Несумненна, кожны раздзел кнігі можа быць зачаткам самастойнай публікацыі пра кожнага з пісьменнікаў.

Баршчэўскі падрабязна распавядае пра тэматыку творчасці сваіх герояў, апісвае настроі і формы, у якіх яна выяўлялася. Праследжвае чарговыя творчыя этапы аўтараў. Усё сінтэтычна, скрупулёзна, прытым небескрытычна. Да тае ступені, што кніга Баршчэўскага можа быць навуковым дапаможнікам для ўзорных, хаця крыху лянівых вучняў ці студэнтаў, або нават і падказкай для тых, што хочуць бліснуць на інтэлектуальных паркетах. Тым больш, што яна напісана па-беларуску, што, як сцвярджае аўтар, выходзіць насупраць пастулатам настаўнікаў беларускай мовы, студэнтаў і выкладчыкаў беларускай філалогіі і прадстаўнікоў інтэлігенцыі з Беларусі і заходняй эміграцыі. Выдадзена кніга пад шыльдай Кафедры беларускай філалогіі, факультэта прыкладной лінгвістыкі і Усходнеславянскіх філалогій Варшаўскага універсітэта ды Польскага інстытута ў Мінску. На жаль, у тыражы ледзь трохсот экземпляраў, і, усё ж, шкада, што толькі па-беларуску. Ідэалам было б, калі б было гэта двух- ці трохмоўнае (беларуска-польска-англійскае) выданне. Час брацца за пераклады.

* Аляксандр Баршчэўскі, Творцы беларускага літаратурнага руху ў Польшчы 1958-1998, Мінск 2001, сс. 422.