Ніва № 43 (2372), 28 кастрычніка 2001 г.

20 000 $ за партрэты гродзенскiх губернатараў

Людвiк САРОКА

Гродзенская абласная фiлiя Саюза беларускiх мастакоў знаходзiцца ў цяжкiм матэрыяльным становiшчы. Ейны старшыня — Сяргей Асапрылка — цэлы год не атрымлiваў заробку i працаваў „на грамадскiх пачатках”. Больш таго, многiя сябры фiлii занепакоены скандалам, якi разгортваецца вакол так званай „партрэтнай галерэi гродзенскiх губернатараў”.

Матэрыяльныя, творчыя i арганiзацыйныя праблемы абмяркоўвалi мясцовыя мастакi 15 кастрычніка на справаздачна-выбарчым сходзе абласной фiлii Саюза беларускiх мастакоў.

Вельмi цiкавым падалося выступленне дырэктара Гродзенскага унiтарнага прадпрыемства (былы камбiнат „Мастацтва”) Сяргея Дзям’янава. Аказваецца, прадпрыемства, праз якое мастакi атрымлiваюць заказы, цудам выжывае ў сённяшнiх умовах. Справа ў тым, што ў Гродне заказаў мора, але ў патэнцыйных заказчыкаў няма грошай на аплату. Больш таго, прадпрыемства плацiць 17 вiдаў падаткаў! З-за недахопу сродкаў двух чалавек давялося скарацiць, шэсць супрацоўнiкаў перайшлi на палову стаўкi, а трынаццаць чалавек два месяцы не атрымоўваюць заробку.

Шмат хто з выступоўцаў наракаў на абыякавае стаўленне мясцовай улады да праблемаў мастакоў. Напрыклад, Мiкола Лук’янаў казаў, што творчым людзям вельмi часта даводзiцца сутыкацца з элементарным хамствам з боку вертыкальшчыкаў i „начальнiкаў ад культуры”. Ён патрабаваў правесцi расследаванне ў справе стварэння так званай „партрэтнай галерэi гродзенскiх губернатараў” i паiнфармаваць пра гэта шырокую грамадскасць.

Рэч у тым, што рашэнне аб рэалiзацыi гэтай бязглуздай i нiкому непатрэбнай iдэi прыняў яшчэ колiшнi старшыня аблвыканкама Аляксандр Дубко з нагоды 200-годдзя стварэння Гродзенскай губернi. Зразумела, што аплацiць напiсанне партрэтаў вельмi далёкiх ад беларускай культуры, а часам i шкодных для яе губернатараў, планавалася праз абласное ўпраўленне культуры з дзяржбюджэту (прыкладная сума ў памерах 20 000 долараў). Заказ на выкананне гэтай „шляхетнай” працы атрымалi, дзякуючы асабiстым сувязям, мясцовы жывапiсец Уладзiмiр Качан i мастак з Мінска Уладзiмiр Гардзiенка. Прычым усё гэта трымалася ў глыбокай таямнiцы ад абласной фiлii Саюза мастакоў. Зазвычай заказ атрымлiваецца на тэндэрнай падставе — паводле конкурсу. Тым больш, калi заказвае дзяржаўная структура за сродкi падаткаплацельшчыкаў.

Заказ на стварэнне так званай „партрэтнай галерэi гродзенскiх губернатараў” быў выкананы ў рэкордна кароткi тэрмiн. Напэўна быў выплачаны добры аванс. Мастакам карцела як найхутчэй атрымаць астатнiя грошы (прыкладна па 700 долараў за партрэт). Але дзяржкамiсiя з аўтарытэтных музейшчыкаў i мастацтвазнаўцаў цалкам заказ не прыняла, бо мела шмат заўваг да напiсаных на хуткую руку партрэтаў. Што будзе з iмi далей i дзе iх выставяць — невядома.

У рэшце рэшт сход, на якiм прысутнiчала 30 з 46 сяброў абласной фiлii Саюза беларускiх мастакоў, пераабраў на наступны тэрмiн сваiм старшынём жывапiсца Сяргея Асапрылку, а старшынём рэвiзiйнай камiсii выбраў мастака-каваля Юрася Мацко.