Ніва № 43 (2372), 28 кастрычніка 2001 г.

На лiтаратурным фронце без пераменаў

Севярын ДРУЦКІ

Справаздачна-выбарчы сход гродзенскай абласной фiлii Саюза беларускiх пiсьменнiкаў (СБП), што 11 кастрычніка прайшоў у атмасферы скандалу, ледзь не скончыўся бойкай памiж небезвядомым паэтам i публiцыстам Алесем Чобатам i нейкiм спадаром Цюрыным, якi патрабаваў ад прысутных, каб яго прызналi сапраўдным пiсьменнiкам.

У зале Абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасцi на пiсьменнiцкi сход сабралася 13 сяброў абласной фiлii Саюза пiсьменнiкаў, сябры Беларускага ПЭН-цэнтра, Таварыства вольных лiтаратараў, журналiсты. Прысутнiчала i старшыня СБП Вольга Iпатава. Вяла сход паэтэса Данута Бiчэль-Загнетава.

Спачатку разгарэлася дыскусiя наконт дзейнасцi i перспектыўнасцi iснавання ў сённяшнiх умовах Саюза пiсьменнiкаў. Так, празаiк са Слонiма Iван Сяргейчык сказаў, што Саюз пiсьменнiкаў зараз iснуе толькi на паперы, а многiя лiтаратары горшыя за чачэнскiх вакхабiтаў цi муджахедаў з Афганiстана, дзе яму давялося ваяваць. Паэт Юры Гумянюк зазначыў, што каб быць прафесiйным пiсьменнiкам, не абавязкова быць сябрам СБП i што Саюз пiсьменнiкаў павiнен абараняць правы ўсiх лiтаратараў, асаблiва з правiнцыi. Але сёння ён не здольны абаранiць i ўтрымоўваць сябе, не кажучы пра арганiзацыю ў Беларусi нармальнага творчага працэсу. Незалежныя выдавецкiя праекты з поспехам здзяйсняюцца i без дапамогi СБП.

У дыскусii прынялi ўдзел Iван Пяшко са Шчучына, Станiслаў Суднiк з Лiды, паслушнiк жыровiцкага манастыра паэт Зьнiч (брат Алег Бембель), выкладчыкi Гродзенскага дзяржунiверсiтэта Iгар Жук, Алена Руцкая i Мiкола Мiкулiч.

Старшыня СБП Вольга Iпатава ў сваiм выступе прызналася:

— Я нiколi не перастала лiчыць сябе жыхаркай Гродна. Нам, пiсьменнiкам, трэба быць больш актыўнымi i спагадлiвымi, дапамагаць адно аднаму. Трэба дзейнiчаць, каб людзi не забывалi пра беларускую лiтаратуру. Таму Саюз пiсьменнiкаў сёння вельмi патрэбны.

Вольга Iпатава прывяла ў якасцi прыкладу старшыню гомельскай фiлii СБП Васiля Ткачова, якi ходзiць па розных дзяржаўных i камерцыйных установах i „жабруе” — лiтаральна вымольвае грошы на выданнi сваiх мясцовых калегаў. (Наўрад цi гэты прыклад варты гонару сапраўднага пiсьменнiка — аўтар). Старшыня СБП была зацiкаўлена, каб замест Дануты Бiчэль-Загнетавай абралi новага кiраўнiка абласной фiлii i прапанавала кандыдатуру дацэнта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Iгара Жука, але той адразу адмовiўся.

Прысутны на пiсьменнiцкiм пасяджэннi начальнiк Упраўлення грамадска-палiтычнай iнфармацыi i друку аблвыканкама Уладзiмiр Амелька сказаў, што гродзенская фiлiя СБП дагэтуль незарэгiстраваная i таму фактычна яе няма, але пасля неабходных фармальнасцей яе абавязкова перарэгiструюць. Алесь Чобат увогуле прапанаваў фiлii самараспусцiцца, бо лiчыць сённяшнi СБП абсалютна бессэнсоўнай i недзеяздольнай арганiзацыяй.

У працу схода нахабным чынам умяшаўся нейкi спадар Цюрын, якога нiхто не запрашаў, i на нейкi момант сход ператварыўся ў непрыемную i бессэнсоўную сварку. Яе цудам удалося ўтаймаваць, каб прыступiць непасрэдна да галасавання. Урэшце з трынаццацi прысутных сяброў абласной фiлii СБП сем чалавек прагаласавала за тое, каб Данута Бiчэль-Загнетава засталася лiдэрам абласной фiлii. Такiм чынам абласная арганiзацыя Саюза беларускiх пiсьменнiкаў будзе дзейнiчаць, i яшчэ чатыры гады ёй будзе кiраваць паэтэса Данута Бiчэль-Загнетава.