Ніва № 43 (2372), 28 кастрычніка 2001 г.

Экзамен і што далей?

Аляксей МАРОЗ

У Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску-Падляшскім 103 вучняў з падставовай школы і 108 гімназістаў адпаведна 2 і 16 кастрычніка пісалі пробныя экзамены. Іх працы правяраюцца настаўнікамі, вызначанымі Акруговай экзаменацыйнай камісіяй у Ломжы.

16 кастрычніка перад гімнастычнай залай спатыкаю гімназістаў, якія выходзяць з экзамену.

— У матэматычна-прыродазнаўчым тэсце былі даволі складаныя заданні і пытанні, — заяўляе гімназістка, якая прысела на лавачцы ля гімнастычнай залы. — Канешне, лепш было б не здаваць пробныя экзамены. Думаю, што лепей было б здаваць адразу ў сярэднюю школу.

— Для мяне пытанні па польскай мове былі лёгкімі, — уключаецца ў размову другая гімназістка. Адказвала яна на пытанні тэста па гуманістычных прадметах, якія тычыліся польскай мовы і гісторыі. — Пробны экзамен лічу патрэбным, бо даведаліся мы як будзе праходзіць праўдзівы.

Гімназісты адзначаюць, што экзамен па матэматычна-прыродазнаўчых прадметах быў больш цяжкі, паколькі апрача матэматыкі былі яшчэ пытанні па фізіцы, хіміі, біялогіі і геаграфіі.

Асветныя ўлады вырашылі, што адна палова вучняў будзе пісаць пробныя тэсты па гуманістычных прадметах, а другая — па матэматычна-прыродазнаўчых. У час праўдзівых экзаменаў у маі трэба будзе адказваць па двух тэстах.

Дырэктара Комплексу школ Васіля Ляшчынскага, заадно старшыню Школьнай экзаменацыйнай камісіі, спатыкаю ў ягоным кабінеце. Экзамен праходзіць без складанасцей, але дырэктара хвалюе сама ідэя экзаменаў у апошніх класах падставовых школ і гімназій.

— Праверачныя працы ў падставовых школах і пробныя экзамены ў гімназіях нічога не даюць. Яны непасрэдна не ўплываюць на павышэнне ўзроўню навучання ў школах, а вучні толькі непатрэбна хвалююцца. Можна лічыць, што кожны вучань, які прыступіць да пробных экзаменаў, здае іх паспяхова. Калі нават вучань атрымае нуль балаў за сваю працу, то нармальна канчае вучобу ў сваёй школе і паступае вучыцца далей. У гімназіях вучоба абавязковая і ўсіх вучняў падставовых школ трэба прыняць на далейшую вучобу. Няма, пакуль што рашэння, што на падставе завяршальных экзаменаў будуць гімназістаў прымаць у сярэднія школы, хаця з публічных выказванняў працаўнікоў Міністэрства адукацыі можна меркаваць, што такія вырашэнні рыхтуюцца. Прапануецца, што сярэднія школы будуць прымаць выпускнікоў гімназій на падставе крытэрыяў, улічваючых ацэнкі на пасведчаннях і вынікі экзаменаў. Аднак не сакрэт, што зараз рэзка скарачаецца колькасць вучняў і сярэднія школы будуць лавіць кожнага гімназіста, — заяўляе Васіль Ляшчынскі. — Рэзультаты праверачных прац у падставовых школах не ўплываюць на ацэнкі вучняў. Яны будуць свайго роду праверкай працы настаўнікаў, школ і стануць для асветных улад матэрыялам, на падставе якога можна будзе ў нейкай ступені ацэньваць узровень падрыхтоўкі вучняў і рэалізацыю праграм навучання. Але ці на падставе праверачных і экзаменацыйных прац можна будзе зрабіць нейкія канкрэтныя высновы? Увялі экзамены і што далей?

За гімназістамі са спартыўнай залы выходзяць члены экзаменацыйнай камісіі. Сярод іх — Тамара Русачык, старшыня аднаго з экзаменацыйных аддзяленняў.

— Ніякіх цяжкасцей і неспадзевак у час экзамену не было. Вучні выкарысталі прадбачаныя для іх 120 хвілін і спакойна адказвалі на пытанні. У час экзамену не было прадметных настаўнікаў і таму нельга ацаніць ці экзамен быў цяжкім. Можна толькі сказаць, што пытанні па гуманістычных прадметах правяралі ўмеласці вучняў, патрабавалі добрага разумення тэкстаў і ўмення вышукоўваць інфармацыю, — сказала Тамара Русачык.

Пасля экзамену настаўнікі наклейваюць на працы гімназістаў коды вучняў, профіляў прац і школы. Затым дырэктар адносіць іх у магістрат. У Бельск-Падляшскі прывозяць працы дырэктары гімназій Бельскага і Гайнаўскага паветаў. Будуць яны правярацца на працягу сарака дзён. Пасля гэтага тэрміну школы пазнаёмяць вучняў з рэзультатамі экзаменаў.