Ніва № 42 (2371), 21 кастрычніка 2001 г.

Гродна і Ваўкавыск у ІІ Рэчы Паспалітай

Лена ГЛАГОЎСКАЯ

Зараз у Этнаграфічным музеі ў Гданьску знаходзіцца выстава, прысвечана двум гарадам даваеннага Беластоцкага ваяводства — Гродну і Ваўкавыску. Адкрывае яе карта ваяводства з 1933 г. і герб Гродна, выкананы скульптарам Варшаўскай акадэміі мастацтваў Багданам Хмялеўскім.

Далей ідуць здымкі Гродна і яго жыхароў, школьныя і сямейныя памяткі: сшыткі, пасведчанні, альбомы, дакументы, выданні, школьныя штандары. Далей у такой жа чарговасці прадстаўлены Ваўкавыск.

Узбагачаюць выстаўку таксама акварэлі Вітаўта Калбана, народжанага ў 1935 г. у Гродне. Зараз мастак жыве ў Тыхах. У 1994 г. паехаў, упершыню пасля 50-ці гадоў, на бацькаўшчыну. Сантыментальнае падарожжа прынесла плён у выглядзе цёплых акварэляў з відамі Гродна яго дзіцячых гадоў: „Sprobowalem namalowac pejzaze lat dziecinnych, podpierajac sie starymi fotografiami, rycinami, opowiesciami mieszkancow i wlasna miloscia do tego wspanialego grodu”.

Ваўкавышчыну прадстаўляюць рысункі Вітаўта Карпызы, які нарадзіўся ў 1913 г. у Зеленяўцах, а зараз жыве ў Гажове-Велькапольскім. Сярод іх можна знайсці нават рысунак царквы ў Юшкавым Грудзе. Апрача цэркваў і касцёлаў, на рысунках прадстаўлены сінагогі, двары і іншыя помнікі архітэктуры.

Выстава адкрылася 12 ліпеня г.г. і будзе працягвацца да канца кастрычніка. Яе аснову складаюць экспанаты прыватных калекцый — налічыла я 88 іх ахвяравальнікаў.

Пры ўсім сваім багацці выстава ўсё ж аднабаковая — выразна вытрыманая ў стылі польскіх усходніх крэсаў. Дарэчы, гэта чарговая выстава — пасля выставак пра рэпатрыянтаў, Палессе і Валынь — з цыкла „Сантыментальныя падарожжы па даўніх крэсах”. Аўтаркай канцэпцыі выставы з’яўляецца Вікторыя Бляхарская, кіраўнік Этнаграфічнага музея. Сама яна родам з Браслаўшчыны, з вёскі Замошша, адкуль выехала з бацькамі ў Польшчу ў 1959 г. двухгадовай дзяўчынкай. Родную вёску адведала два гады таму.

Выставу дапамаглі сарганізаваць (таксама фінансамі) Таварыства сяброў Гродзенскай і Віленскай земляў з Гнева, Таварыства гродзенцаў імя Элізы Ажэшка з Варшавы і Таварыства сем’яў Ваўкавыскай зямлі з Гданьска, Таварыства „Вспульнота Польска” — Паморскі аддзел. Хаця ў даведніку і на выставе згадваюцца беларусы (пасля палякаў і расіян), цяжка знайсці гэтую нацыянальную мазаіку на здымках ці ў дакументах. Наадварот, яны даказваюць польскасць Гродна і Ваўкавыска, якая з 1919 г. беспардонна ўводзілася на гэтых землях. Тут мне згадаліся лёсы беларускіх інтэлігентаў Гродзеншчыны, Серафімы і Лукі Дзекуць-Малеяў, якіх за беларускую асветную працу польскія ўлады выкінулі з Гродна, паслоў Сяргея Барана і Шымана Якавюка, якіх за беларускую дзейнасць судзілі ў Беластоку ў 1923 г., пасла Уладзіміра Каліноўскага з Ваўкавыска, які не атрымаў польскага грамадзянства і вымушаны быў падацца ў Савецкую Беларусь.

З гродзенскага духавенства паказаны адны каталіцкія ксяндзы. Найбольш месца прысвечана ксяндзу Антонію Курыловічу, старшыні Польскай Мацежы Школьнай і дырэктару пачатковай школы „бернардынкі”. Таксама ў пару месцах выставы можна пабачыць ксяндза Францішка Грынкевіча (на здымку), родам з Новага Двара на Сакольшчыне, як заслужанага для польскасці святара і настаўніка. Гэтая постаць асабліва блізкая беларускаму нацыянальнаму руху. Яшчэ да І сусветнай вайны быў ён ініцыятарам і стваральнікам Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, засяваў беларускую нацыянальную свядомасць сярод навучэнцаў гродзенскіх школ. Вядома, што пасля вайны не мог сеяць беларускасці ў Гродне, калі хацеў там жыць. Тым не менш, яго родны брат Станіслаў і братанак Станіслаў, пад яго духовай апекай, выраслі на беларускіх нацыянальных дзеячаў. Пра беларускасць ксяндза нідзе не згадваецца.

Няма на выстаўцы ніводнага праваслаўнага святара, хаця на здымках Гродна і Ваўкавыска паказаны і цэрквы.

Агледзеўшы выставу, можна сцвердзіць, што Гродна і Ваўкавыск гэта польскія гарады, а пасля ІІ сусветнай вайны адбылася вялікая несправядлівасць, у выніку якой апынуліся яны ў Савецкай Беларусі, а палякі трапілі або ў ссылку, або вымушаны былі ўцякаць у новую Польшчу. Варта тады задумацца — а дзе ж у ІІ Рэчы Паспалітай былі беларусы, ці не было іх у Гродне, Ваўкавыску, калі не мелі сваіх школ, тэатраў і іншых устаноў? Ці можа іхнія правы да беларускага існавання на сваёй зямлі зневажаліся польскай уладай? Гэтыя пытанні стаўлю дзеля змагання з міфам польскіх усходніх крэсаў, які прапагандуюць такія выставы, як гэтая ў Гданьскім этнаграфічным музеі. Тым не менш, калі хто наведае Гданьск да канца кастрычніка, рэкамендую зазірнуць у музей і паглядзець уласнымі вачыма выставу пра беларускія сёння гарады Гродна і Ваўкавыск, каб мець уяву пра іх мінулае ў 20 — 30-я гады ХХ стагоддзя.