Ніва № 42 (2371), 21 кастрычніка 2001 г.

Пасол з Гаркавічаў

Яўген МІРАНОВІЧ

У міжваенны перыяд беларуская грамадскасць Беласточчыны, якая налічвала каля трыста тысяч чалавек, мела толькі аднаго пасла ў Сейме Польшчы — Паўла Валошына. У сапраўднасці быў гэта адзіны пасол, які ў Сейм трапіў са спіска нацыянальных меншасцей. Пасляваенная прысутнасць беларусаў у Сейме гэта вынік ласкі лідэраў польскіх партый. Хаця Валошын парламентарыем быў усяго тры гады, аднак яго прысутнасць у палітыцы заўважылі ўсе, асабліва пракуроры і паліцыянты з Беластока і Гродна. Валошын вылучаўся перш за ўсё надта шчырымі выказваннямі пра дзяржаўную палітыку на землях, дзе пражывалі грамадзяне беларускай нацыянальнасці. Палякі, якія тады пачыналі тварыць міф талерантнай і свабодалюбівай нацыі, вымушаны былі слухаць у Сейме пра катаванні беларускіх сялян у польскіх турмах, пра здзічэласць крэсавай адміністрацыі, пагардлівае стаўленне ўлад да мясцовага насельніцтва. Чулі пра сябе тое, што самі гаварылі пра расіян ці немцаў. Зразумела, прамовы Валошына не маглі падабацца таварышам Рамана Дмоўскага, Вінцэнта Вітаса ці Язэпа Пілсудскага. Таму яго палітычная кар’ера не была надта доўгая.

Павел Валошын нарадзіўся 10 ліпеня 1891 г. у вёсцы Гаркавічы на Сакольшчыне. Быў сынам праваслаўнага селяніна. Пра яго адукацыю вядома толькі тое, што закончыў 6-гадовую школу, праўдападобна ў Крынках. У гэтым мястэчку ў 1908-1912 гадах працаваў тэлефаністам на пошце. Год да вайны быў прызваны ў царскую армію. Змагаўся на нямецкім фронце і на пачатку вайны трапіў у палон. Пасля вызвалення з лагера для ваеннапалонных у 1917 г. выехаў у Расію шукаць сваю сям’ю, якая ў 1915 г., разам з праваслаўным насельніцтвам Беласточчыны, падалася ў бежанства. У Расіі Валошын быў сведкам унутранай вайны. Стаў гарачым прыхільнікам чырвоных, спачатку служыў міліцыянерам, пасля ў нявысветленых акалічнасцях трапіў у армію Дзянікіна. У 1920 г. служыў у Чырвонай Арміі, трапіў у палон да пятлюраўцаў, а пасля вызвалення працаваў на чыгунцы.

Валошыны вярнуліся ў Гаркавічы ў 1922 г., калі ў Польшчы ішла выбарчая кампанія ў Сейм першага склікання. Павел атрымаў тады працу манцёра паштовай інфраструктуры і меў кантакт з рознымі людзьмі Сакольскага павета. Цікавіўся палітыкай і быў адважны, таму вельмі хутка апынуўся ў акружэнні людзей, якія імкнуліся арганізаваць беларускую грамадскасць на Сакольшчыне. Стаў дзеячам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і быў вылучаны кандыдатам у Сейм са спіска Блока нацыянальных меншасцей. Ад жніўня 1923 г. стаў паслом, членам Беларускага пасольскага клуба, якім кіраваў Браніслаў Тарашкевіч.

Валошын шмат ездзіў па Беласточчыне, сустракаўся з беларускім насельніцтвам, заклікаў арганізавацца і смела выступаць за свае грамадзянскія правы, патрабаваць усяго таго, што давала канстытуцыя. Быў адначасова найбольш пільнаваным паліцыяй і агентамі бяспекі беларускім паслом. У паліцыйных дакументах захаваўся змест яго прамоваў да публікі, сабранай пад адкрытым небам. Відаць, пастаянна сачыла за ім некалькі агентаў паліцыі. Беластоцкі і гродзенскі пракуроры не раз звярталіся ў Сейм, каб пазбавіць Валошына імунітэту за непрыхільныя словы ў адрас дзяржаўных улад на мітынгах.

Эканамічная і палітычная дыскрымінацыя беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай нараджала радыкалаў. Калі ў чэрвені 1925 г. узнікла Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Валошын у натуральны спосаб стаў адным з лідэраў гэтай партыі. У Сакольскім павеце, дзе ён меў найбольшы кантакт з насельніцтвам, у рады Грамады ўступалі часам усе дарослыя жыхары вёсак. Валошын быў надта папулярны сярод насельніцтва, а таму і небяспечны для ўлад. Ад восені 1926 г. заўсёды цягнуліся за ім атрады паліцыі. У лістападзе сілай не дапусцілі да з’езду дзеячаў Грамады Сакольскага павета. На з’езд грамадоўцаў Бельскага павета ў Стараберазове ўлады паслалі не толькі атрады паліцыі, але таксама вайсковыя падраздзяленні. Падчас сутычкі сялян з урадавымі фарміраваннямі ў Стараберазове Валошын быў моцна паранены.

У лютым 1927 г. найвышэйшыя дзяржаўныя ўлады вырашылі ліквідаваць Грамаду. Валошын быў сярод 56-ці арыштаваных дзеячаў партыі. Падчас працэсу ў Віленскім акруговым судзе пракурор абвінавачваў кіраўнікоў партыі ў імкненні да знішчэння Польшчы і адлучэння ад яе паўночна-ўсходніх ваяводстваў. Пастановай суда Валошын быў прыгавораны да 12 гадоў турмы. Вызвалілі яго ў 1932 г., два гады пазней чым Тарашкевіча і іншых кіраўнікоў партыі. Сядзеў найдаўжэй з усіх грамадоўцаў. У выніку абмену палітычнымі вязнямі апынуўся ў Савецкім Саюзе. Ездзіў там ад горада да горада і распавядаў пра нацыянальную палітыку польскіх улад. На пачатку 1933 г. стаў працаваць у органах бяспекі. У гэтым самым часе НКУС пачаў арыштоўваць усіх дзеячаў беларускага руху, якія хаця б кароткі час не былі пад яго наглядам. Валошын шмат гадоў прасядзеў у польскай турме за змаганне за нацыянальныя інтарэсы беларусаў. Для саветаў быў гэта доказ яго нацыяналістычнага мышлення. Валошына арыштавалі 1 верасня 1933 г. Пасля доўгіх допытаў партыйны суд прыгаварыў яго да найвышэйшай меры пакарання, але адмяніў прысуд на 10 гадоў лагера на Салаўках. 9 верасня 1937 г. суд ленінградскага НКУС вырашыў расстраляць Паўла Валошына. Прыгавор быў выкананы 3 лістапада 1937 г.

Біяграфія Валошына сімвалічна паказвае, што беларусы не мелі ў ХХ стагоддзі ніякіх саюзнікаў. Суседзі забаранялі быць беларусамі. Адны за гэта саджалі ў турму, другія — расстрэльвалі.