Ніва № 42 (2371), 21 кастрычніка 2001 г.

Самаабароны праўда аб Польшчы

Міхал МІНЦЭВІЧ

У сродках масавай інфармацыі працягваецца фестываль Самаабароны. Палітыкі і каментатары высвятляюць прычыны поспеху Анджэя Лепэра і яго партыі на парламенцкіх выбарах.

У апошнюю нядзелю жніўня, пасля абеду, на пляцы перад пажарным дэпо ў Малінніках адбылася сустрэча кандыдатаў у паслы ад Самаабароны. Удзельнічала ў ім пад 300 асоб з усяго наваколля. Сустрэчу арганізавалі солтыс вёскі Ніна Іванюк, салэцкая рада і мясцовыя пажарнікі.

Ад імя Самаабароны сабраных прывітала Генавефа Віснеўская (цяпер ужо дэпутат Сейма), якая падзякавала за хлеб ды соль. Затым голас узяў Анджэй Лепэр, які выказаў свой погляд на шэраг спраў. Гаварыў крытычна і палымяна, а слухачы перарывалі яго выступленне апладысментамі і воклічамі „брава”. А вось некаторыя меркаванні лідэра Самаабароны.

Аб грамадсте: Цешуся, што столькі людзей з адной мясцовасці прыходзіць на спатканне. Напэўна гэта сведчыць аб тым, што грамадства пачынае думаць, разважаць аб тым, што дзеецца ў Польшчы.

Аб перспектывах: Адзінаццаць гадоў перамен, адзінаццаць гадоў абяцанняў, надзеі на лепшае. І што бачым? Што жывецца нам штораз горш. Штораз меншыя шанцы для маладых, для нашых дзяцей і ўнукаў. Штораз большае зладзейства, карупцыя, раскраданне краіны.

Аб дзяржаве: Польшча — гэта не прыватны фальварак. Належыць яна нам усім, бо будавалі яе нашы бацькі і дзяды. А яны [кіраўнікі — рэд.] паставіліся да яе як да ваеннага трафея пасля пераможнай бітвы.

Аб уладзе: Адзінаццаць гадоў гаворым праўду аб Польшчы, аб тым што дзеецца ў краіне. Гаворым праўду аб зладзействе, аб карупцыі, аб фальшы. Сто трыццаць судовых працэсаў супраць мяне за тое, што гавару ім праўду ў вочы. Абражаюцца, калі тых, што дайшлі да ўлады пасля 1989 г., называю бандай злодзеяў.

Аб замежным гандлі: Час заблакіраваць імпарт з захаду і адблакіраваць экспарт на ўсход. Гэта наша дарога! Калі мы, як Польшча, не зразумеем гэтага, то прайграем. Захад гандлюе з Расіяй, Беларуссю, Украінай. Захад не гаворыць, што ў Расіі няма грошай, толькі кожны дзень пасылае з таварам тысячы аўтафураў, якія нішчаць польскія дарогі. Пара перастаць касавурыцца на Расію, Беларусь і Украіну. Польшча можа прадукаваць многа добрых тавараў, а рынкам збыту мусіць быць Усход.

Аб дзяржбюджэце: Дэфіцыт у гэтым годзе дасягне 100 млрд. зл., а даходы складуць 161 млрд. зл. Гэта абазначае катастрофу для дзяржавы. Да таго давяла гэтая банда злодзеяў. Не стае грошай на пенсіі і сацыяльную дапамогу. Але яны не шукаюць грошай у кішэнях багатых прадпрымальнікаў, не сцягваюць падаткаў ад фірм, толькі шныраць па кішэнях пенсіянераў, беспрацоўных, бедных людзей.

Аб фондах і агенцтвах: Палова бюджэту ідзе на фінансаванне фондаў і агенцтваў, у якіх працуюць паплечнікі кіруючай краінай каманды. Побач Міністэрства транспарту існуе Агенцтва па будове аўтастрадаў, хаця аўтастрады не будуюцца. Існуюць Міністэрства будаўніцтва і Установа па справах жыллёвага будаўніцтва; Міністэрства працы і Установа па працаўладкаванні; Міністэрства сельскай гаспадаркі і агенцтвы: сельскагаспадарчага рынку, рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, сельскагаспадарчай уласнасці і пад 150 фондаў, якія займаюцца польскай сельскай гаспадаркай. Усе, што там працуюць, бяруць казённыя грошы.

Анджэй Лепэр аднёсся таксама да асобы былога міністра фінансаў і цяперашняга старшыні Нацбанка Лешка Бальцаровіча, называючы яго „самым вялікім шкоднікам і знішчальнікам Польшчы, які каштуе Польшчу 500 тыс. зл. у месяц”. Столькі палітыкі на гэтым свайго роду фэсце жыхары Маліннік і навакольных вёсак ніколі яшчэ не чулі. А калі надышла пара ставіць пытанні, Ілья Мартыновіч з Кашалёў спытаў пра адносіны Самаабароны да беларускай меншасці. Анджэй Лепэр адказаў яму наступным чынам:

— Станоўчыя! Лукашэнка ў тым што робіць у Беларусі, у большасці мае рацыю. Не ўпускае злачынцаў з Захаду і добра робіць. Не прадае ім беларускай зямлі, у адрозненні ад тых нашых. Аб тым, што там бяда, мы ведаем. Але сапраўды мы станоўча ставімся да беларускай, рускай, украінскай, нават і яўрэйскай меншасцей. Тых парадачных яўрэяў, якія жывуць у Польшчы, шануем. Навошта змагацца паміж сабою, жывем жа ж у адной краіне, маем аднолькавыя правы і мы напэўна аб беларускай меншасці, калі будзем у парламенце, не забудзем.

І хаця лідэр Самаабароны адказваў цьмяна і блытана, сабраныя выстуленне ўзнагародзілі воплескамі і сардэчнымі падзякамі. Многія сяляне і пенсіянеры падыходзілі да стала, бралі мікрафон у рукі і ставілі гасцям пытанні наконт сельскай гаспадаркі. Анджэй Лепэр тлумачыў ім, што ўсе іншыя партыі, якія выказваюцца за далучэнне Польшчы да Еўрасаюза, хочуць дакончыць сельскую гаспадарку. Калі не зменіцца сацыяльная і гаспадарчая палітыка, Самаабарона выведзе людзей на мірныя дэманстрацыі, каб сказаць уладам: хопіць ужо злодзеям і юдам кіраваць Польшчай! Абяцаў ён яшчэ зменшыць на 75% зарплаты парламентарыям, міністрам і дзяржаўным чыноўнікам. І зноў пачуліся бурныя апладысменты, а адзін пенсіянер назваў лідэра Самаабароны „цудоўным чалавекам, які адкрыта і сумленна гаворыць нам, што дзеецца ў краіне”.

Госці атрымалі кветкі і паслухалі беларускіх песень у выкананні калектыву „Красуні” з Краснага Сяла. Анджэй Лепэр падпісаў на памятку выбарчыя буклеты. Затым чальцы Самаабароны паехалі на чарговыя спатканні.

У выніку Самаабарона ў Арлянскай гміне заняла другое (пасля кааліцыі СЛД-УП) месца.