Ніва № 42 (2371), 21 кастрычніка 2001 г.

І хочацца, і колецца

Зміцер КІСЕЛЬ

Гродзенская абласная пракуратура ніяк не можа знайсці больш-менш прыстойных падстаў для закрыцця газеты „Пагоня”. За сваю прынцыповую пазіцыю падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта краіны выданне атрымала ад улад „падзяку” ў выглядзе абвінавачання ў парушэнні заканадаўства па друку і ў абразе прэзідэнта. За апошняе прадугледжваецца крымінальная адказнасць.

На шчасце гэтая справа пакуль „заглухла”. А вось Вышэйшы гаспадарчы суд краіны не можа вырашыць, што рабіць з непаслухмянай газетай. Прававых падстаў быццам бы няма. Нават Дзяржаўны камітэт па друку не ўгледзеў юрыдычных асноў для закрыцця „Пагоні”. Але „наверсе” камусьці хочацца, каб адзіная рэгіянальная беларускамоўная газета перастала існаваць. Судовы працэс пачаўся яшчэ 27 верасня. Аднак быў перанесены на 5 кастрычніка. Але і ў гэты дзень суддзя Валеры Жандараў не пажадаў быць крайнім і перанёс разбор справы на 23 кастрычніка „дзеля правільнага і ўсебаковага высвятлення абставін”.

— Пракурор хоча закрыць газету, але не мае падстаў, — кажа галоўны рэдактар „Пагоні” Мікола Маркевіч. — А я хачу, каб яна працягвала выходзіць і маю на гэта ўсе падставы.