Ніва № 42 (2371), 21 кастрычніка 2001 г.

Падвойная канферэнцыя

Аляксей МАРОЗ

ІХ Міжнародная навуковая канферэнцыя „Шлях да ўзаемнасці”, якая з 5 па 7 кастрычніка праходзіла ў Белавежы, была арганізавана многімі міжнароднымі ўстановамі: Кафедрай беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, Польскім беларусазнаўчым таварыствам, Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў у Мінску, Польскім інстытутам у Мінску, Беларускай бібліятэкай імя Францыска Скарыны ў Лондане і Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Канферэнцыя ў гэтым годзе была арганізавана ўжо другі раз. Першая яе частка праходзіла ў Беларусі.

— У першапачатковых планах нашага супрацоўніцтва з Цэнтрам імя Францыска Скарыны ў Мінску рашылі мы арганізаваць канферэнцыю „Шлях да ўзаемнасці” наперамен у Польшчы і Беларусі. Якраз у гэтым годзе канферэнцыя мела быць у Беларусі. У сувязі з тым, што кіраўніцтва Беларускага грамадска-культурнага таварыства заявіла ў Беларусь, што мы нелегальна арганізуем канферэнцыю, якая ім належыцца, Дзяржаўны камітэт па справах нацыянальных меншасцей і рэлігій забараніў нам праводзіць у Мінску канферэнцыю пад назовам „Шлях да ўзаемнасці”. У такім выпадку мы правялі ў Мінску ў чэрвені гэтага года канферэнцыю пад змененым названнем — „Праз навуку да праўды”. Але, каб не здавацца поўнасцю, мы працягваем ладзіць нашу канферэнцыю „Шлях да ўзаемнасці” і арганізуем дзевяты яе выпуск у Белавежы. Канферэнцыю не запачаткаваў ніхто іншы толькі я і мною было прыдумана яе названне. У наступным годзе або ў Беларусі, або ў Польшчы правядзем юбілейны дзесяты выпуск „Шляху да ўзаемнасці”, — заявіў галоўны арганізатар канферэнцыі, загадчык Кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта прафесар Аляксандр Баршчэўскі.

Канферэнцыю адкрылі прадстаўнікі белавежскіх улад. Войт гміны Станіслаў Куявяк паінфармаваў пра турыстычныя козыры Белавежы і Белавежскай пушчы ды расказаў пра інвестыцыі ў гміне. Сказаў і пра цяжкасці — у гміне нізкія заробкі, уцякае адсюль моладзь. Намеснік старасты Гайнаўскага павета Ежы Сірак гаварыў пра шматкультурнасць, шматрэлігійнасць і шматнацыянальнасць Гайнаўшчыны, а арганізатар канферэнцыі, прафесар Аляксандр Баршчэўскі, паведаміў, што мерапрыемства адбываецца дзякуючы Польскаму інстытуту ў Мінску. Дырэктар Інстытута, Цэзары Карпінскі, удзельнічаў у канферэнцыі як ганаровы госць і расказаў пра дзейнасць палякаў у Мінску.

У гэтым годзе ў Белавежу прыехала многа дакладчыкаў з Беларусі. Хаця канферэнцыя датычыла польска-беларускага памежжа, то яе ўдзельнікі засяродзіліся, у галоўным, на беларускай літаратуры, беларускай мове і яе дыялектах. У першы дзень закраналіся культурныя, публіцыстычныя, палітычныя і гістарычныя тэмы. З дакладамі выступілі прафесар Адам Мальдзіс з Мінска, які гаварыў пра ўклад беларусаў і Беларусі ў польскую культуру і прафесар Сяргей Габрусевіч з Гродна, які пры нагодзе свайго даклада пра фундаментальныя каштоўнасці беларускай і польскай культур, адклікаўся яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Звярнуў ён увагу на вялікую падтрымку ў Беларусі для прарасійскай арыентацыі Аляксандра Лукашэнкі як сярод сялян, так і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў. Дыскусію выклікаў даклад доктара Яўгена Мірановіча аб прарасійскай і прапольскай арыентацыях у беларускай палітычнай думцы на зломе ХІХ-ХХ стагоддзяў. Шмат невядомых падзей наблізіў прафесар Анатоль Грыцкевіч у дакладзе пра беларуска-літоўскую дывізію ў польскім войску, якая дзейнічала ў 1919-1920 гадах.

Яшчэ ў першы дзень канферэнцыі яе ўдзельнікі паехалі на экскурсію ў Гайнаўку, дзе наведалі Беларускі музей, Свята-Троіцкі сабор і Дом культуры.

— Ужо надрукаваныя даклады мінулагодніх канферэнцый у першым томе „Acta Albaruthenica”, а другі том зараз рыхтуецца да друку ў Беларусі. Не хапіла нам грошай на яго хуткае выданне. Трэці том будзе датычыць сёлетняй падвойнай канферэнцыі, — сказаў прафесар Аляксандр Баршчэўскі.