Ніва № 41 (2370), 14 кастрычніка 2001 г.

Смешна і страшнавата

Яўген МІРАНОВІЧ

Прыглядаючыся больш уважліва вынікам апошніх парламенцкіх выбараў у Падляшскім ваяводстве лёгка заўважыць, што большасць тутэйшых выбаршчыкаў падтрымала г.зв. партыі страху. Такім званнем тыднёвік „Wprost” акрэсліў Самаабарону, Лігу польскіх сем’яў, Польскае сялянскае згуртаванне (ПСЛ), а таксама партыю братоў Качынскіх — Права і справядлівасць. Арганізацыі гэтыя адклікаліся да найбольш разгубленага электарату, палохалі Еўрасаюзам, масонамі, вольнадумствам і абяцалі вярнуць справядлівасць і дабрабыт вельмі простымі метадамі. Карысталіся яны зразумелай для вясковага і гарадскога люду рыторыкай. На гэтыя партыі прагаласавала ў Падляшскім ваяводстве 46,3% выбаршчыкаў. Гэта нашмат больш чым у іншых ваяводствах. Ліберальная Грамадзянская платформа атрымала толькі 8,42% галасоў, а Саюз левых дэмакратаў таксама менш чым у маштабе Польшчы — 37,91%.

Каталіцка-нацыяналістычная Ліга атрымала на Беласточчыне амаль 12% галасоў, калі ва ўсёй Польшчы менш за 8%. Поспех гэтай партыі можна зразумець, беручы пад увагу прапаганду, якая праводзілася ў касцёлах і на хвалях Радыё „Марыя”. У клерыкальным Беластоку або Ломжы ксяндзоў слухаюць вельмі ўважліва. Стары чалавек, які нават хацеў прагаласаваць за СЛД, калі пачуў ад сваіх духоўнікаў, што гэта грэх і перашкода на шляху ў царства нябеснае, не прымаў найчасцей удзелу ў выбарах, каб не саграшыць і не трапіць у пекла. На Беласточчыне ў каталіцкіх асяроддзях існуе таксама перакананне, што галасуючы на „левых” падтрымліваецца „кацапаў”. Вялікае прадстаўніцтва праваслаўных на спісках СЛД з’яўляецца аргументам за такім мышленнем. Са спіска Лігі ў Падляшскім ваяводстве было выбраных двух кандыдатаў — Пётр Крутуль і Анджэй Фэдаровіч, якіх ранейшая дзейнасць вызначала месца на акраінах правага лагера. Увасабляюць яны ўсе прыкметы правінцыйнага каталіцызму і плебейскага нацыяналізму. Талібы — так пішуць пра іх некаторыя журналісты польскай прэсы.

Са спіска Права і справядлівасці ўвайшлі ў Сейм былы прэзідэнт горада Беластока Кшыштаф Юргель і вядомы ломжынскі пасол, нацыянал-хрысціянскі дзеяч Міхал Камінскі. Гэты апошні быў членам дэлегацыі, якая са словамі салідарнасці наведала ў лонданскім арышце былога чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта. Прыхільнік Піначэта будзе прадстаўляць Беласточчыну ў новым парламенце.

Прывезены з глыбі Польшчы дзеяч Грамадзянскай платформы Марэк Загурскі атрымаў найбольшы давер тутэйшых выбаршчыкаў ліберальнай арыентацыі. Гэтая арганізацыя, як і раней Унія вольнасці, вельмі рашуча ўступіла на шлях палітычнай маргіналізацыі. Таму не варта звяртаць асаблівай увагі на сучасную пазіцыю Платформы.

Асноўная колькасць электарату ПСЛ знаходзіцца на тэрыторыі былога Ломжынскага ваяводста. Таму тамашнія сяляне даволі рацыянальна выбралі тых людзей, якія ў нейкі спосаб звязаны з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Вядомы вучоны і публіцыст, былы міністр, прафесар Адам Дабронскі, які кандыдаваў ад гэтай партыі, не атрымаў падтрымкі мазавецка-мазурскіх сялян. Яны звычайна выбралі сваіх — дырэктара малочнатаварнага завода ў Граеве Эдмунда Бараўскага і мясцовага пээсэлеўскага дзеяча Юзэфа Медушэўскага.

Самаабарона мае двух паслоў, дзякуючы, між іншым, падтрымцы праваслаўных сялян. Генавэфа Вішнеўская са Шлёнска, якая, магчыма, і ніколі не была на Беласточчыне, атрымала такі давер мясцовага люду, што па яго волі будзе паслом. Магчыма, у будучыні наведае сваіх выбаршчыкаў. Шмат тутэйшага электарату шукала на выбарчых спісках прозвішча самога Лепэра. Не знайшоўшы гэтай зоркі сучаснай палітыкі, людзі галасавалі на яго аднадумцаў. Такім чынам другім паслом ад Самаабароны будзе нікому невядомы селянін з вёскі Віжайны, што на Сувальшчыне. Да гэтай пары ён звычайна гадаваў коз, даіў іх і вырабляў сыр, які прадаваў на гмінных базарах. Цяпер будзе разважаць пра „макра- і мікраэканамічную палітыку”.

Вялікая падтрымка праваслаўнага электарату для прывезенай з другога кутка краіны Генавэфы Вішнеўскай паказвае на метафізічны характар мышлення нашага электарату. У 1993 г. жыхары ўсходняй Беласточчыны масава прагаласавалі за прывезенага эсэльдоўцамі з Варшавы пенсіянера, кандыдата ў Сенат, Яна Муляка, якога таксама раней ніколі не бачылі. У старажытным Рыме па волі імператара Калігулы сенатарам стаў яго конь. Існуе вялікае праўдападабенства, што таксама па волі галасуючага люду капытны, напрыклад, Генрык Гняды, мог бы стаць членам парламента.

Як і ў час папярэдніх выбараў, праваслаўны электарат непахісна галасаваў на Владзімежа Цімашэвіча. Гэты палітык прыязджае тут некалькі разоў у год — на фестывалі беларускай песні, царкоўнай музыкі, на Спаса на Грабарку. У гэтым годзе не патрабаваў нават рабіць ніякай кампаніі, каб сабраць больш за 70 тысяч галасоў. Іншым кандыдатам са спіска СЛД, у тым ліку і пастаянна дэманструючаму свае сувязі з праваслаўным веравызнаннем Яўгену Чыквіну, астаецца гэтых галасоў няшмат. Дзякуючы галасам Цімашэвіча раней пасламі былі Сяргей Плева і Ян Сычэўскі, а цяпер будзе Аляксандр Чуж. Праваслаўны люд называе іх „нашымі”. Нечакана невялікую колькасць галасоў атрымаў лідэр падляшскага СЛД Мечыслаў Чарняўскі — толькі 9 тысяч. Паслом будзе, але зноў дзякуючы Цімашэвічу і праваслаўным выбаршчыкам. На Ломжынскай зямлі, дзе ён жыве і дзейнічае, прыхільнікаў гэтай арыентацыі было няшмат.

У гэтым годзе ніхто нават не прабаваў арганізаваць Беларускі выбарчы камітэт. Вынікае гэта з глыбокага пераканання дзеячаў, што „наш” электарат хутчэй прагаласуе за Генрыка Гнядага, чым за кандыдата, які падкрэслівае сваю культурную і нацыянальную адметнасць.