Ніва № 41 (2370), 14 кастрычніка 2001 г.

Канферэнцыя, кніга і газета

Віталь ЛУБА

У пачатку кастрычніка на Беласточчыне пабываў прэзідэнт Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына”» прафесар Анатоль Грыцкевіч. Удзельнічаў ён у канферэнцыі „Дарога да ўзаемнасці”, якая ў днях 5-7 кастрычніка праходзіла ў Белавежы. Высокі госць наведаў і нашу рэдакцыю. Карыстаючыся нагодай, папыталі мы чым займаюцца выбраныя на ІІІ З’ездзе ўлады ЗБС.

— З’езд прыняў 21 праект на найбліжэйшыя пяць гадоў, — сказаў праф. Анатоль Грыцкевіч. — Цяпер ствараем камісіі па накірунках, далучаем да іх іншыя грамадскія арганізацыі для агульнай падрыхтоўкі паасобных праектаў. Напрыклад, рыхтуем канферэнцыю „Беларускія цэрквы ў замежжы”, будзем перавыдаваць кнігу, прысвечаную тысячагоддзю Беларусі, намерваемся выдаваць сваю газету.

МГА ЗБС „Бацькаўшчына” вялікую ўвагу прыдае пашырэнню беларускай мовы і нацыянальнай гісторыі. Па словах прафесара Анатоля Грыцкевіча, у сённяшніх умовах беларускія гісторыкі вяртаюцца да тых форм працы, якія былі ў пачатках перабудовы. Не маючы доступу да сродкаў масавай інфармацыі, ладзяць яны публічнае абмеркаванне паасобных тэм па айчыннай гісторыі. Частка навукоўцаў стаіць на нацыянальных пазіцыях, таксама як новае пакаленне аспірантаў, якое не ведае савецкіх рэалій. Але падручнікі па гісторыі зноў пішуцца па старых прынцыпах, пад саюз з Расіяй (усё, што рабіла Расія — гэта добра). Скарачаецца таксама сфера ўжывання беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах. Цяпер толькі на кафедры гісторыі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры ў Мінску, якой загадвае праф. Анатоль Грыцкевіч, і лекцыі, і справаводства вядуцца на беларускай мове. На іншых аддзяленнях гэтай ВНУ выкладчыкі, асабліва сацыёлагі, філосафы і артысты, вяртаюцца да выкладання на рускай мове.