Ніва № 40 (2369), 7 кастрычніка 2001 г.

Прачыстая

Паўліна ШАФРАН

Пад канец верасня прыпадае адно з большых праваслаўных святаў — Прачыстая. У свядомасці праваслаўных бяльшчан Прачыстая з’яўляецца завяршэннем лета і павітаннем восені. Існуе перакананне, што да Прачыстай трэба выкапаць бульбу. У гэтым годзе аднак дажджы не дазволілі справіцца з гэтым. Парадкаванне хаты і падрыхтоўка да свята доўга працягваліся. Духоўная падрыхтоўка таксама патрабавала часу. У чацвер, 20 верасня, вечарам пачалася ў Прачысценскай царкве вячэрня, у якой удзельнічалі епіскапы Міран і Грыгорый ды свяшчэннікі бельскіх гарадскіх прыходаў. Літургію ў дзень свята ўзначаліў мітрапаліт Сава, які хрэсны ход закончыў малітвай на прыцаркоўных магілах.

Аднак у гэтым годзе Прачыстая прайшла ў сціплым афармленні. У адрозненні ад мінулых гадоў, людзей сабралася няшмат. З году ў год лік вернікаў на Прачыстую падае, заявіў адзін з бацюшкаў. Раней людзям не перашкаджаў ані дождж, ані працоўны дзень. Адсутнічала і моладзь. Нягледзячы, што ўрокі ў белліцэі і „тройцы” былі скарочаны, нават у час перапынкаў не было відаць хмары зацікаўленых ларкамі дзяцей.

У афармленне сёлетняга свята ўвайшоў затое новы элемент — выбары. Кепскае ўражанне пакінуў кандыдат Уніі працы, які з вялізнай усмешкай і адданасцю справе раздаваў каля царквы свае лістоўкі.

Прачыстая мяняецца з году ў год. Лік удзельнікаў змяншаецца, набор ларкоў павялічваецца. Нязменным застаецца толькі адзін элемент — пажылыя людзі, пенсіянеры і рэнтысты з горада ды навакольных вёсак, якія прыбываюць у бельскую царкву ды горача просяць дачакаць свята і ў наступным годзе.