Ніва № 40 (2369), 7 кастрычніка 2001 г.

З Орлі на Святую Гару Грабарку

Міхал МІНЦЭВІЧ

19 чэрвеня 2001 г. адбылася пятая ўжо рэлігійная экскурсія вучняў Пачатковай школы ў Орлі. На гэты раз вучні наведалі найбольшае святое месца Праваслаўнай Царквы — Святую Гару Грабарку.

Экскурсія мела характар пілігрымкі. Паломнікамі былі вучні IV і VI класаў (2000/2001 г.). Некаторыя з іх былі тут першы раз. Экскурсію сарганізавала настаўніца беларускай мовы Яўгенія Тхарэўская, каб пазнаёміць сваіх навучэнцаў з духоўным цэнтрам праваслаўнай моладзі і дзесятак тысяч паломнікаў, якія прыбываюць сюды з розных краін у дзень Праабражэння Гасподняга.

У час падарожжа ў аўтобусе айцец Анатоль Такаюк пазнаёміў вучняў з гісторыяй Святой Гары ад найдаўнейшых часоў, калі жылі тут манахі з Кіева-Пячэрскай Лаўры.

Да нядаўна на гары стаяла драўляная царква XIX стагоддзя. На жаль, у ноч 12 ліпеня 1990 г. рука злачынцы спаліла яе, але дзякуючы ахвярнасці вернікаў пабудавана ўжо новая царква сярод крыжоў і высокіх соснаў.

Вучні з Орлі агледзелі наваколле Св. Гары, каменную агароджу вакол яе, другую царкву, у якой моляцца манашкі жаночага манастыра, дом для паломнікаў і манашак, а таксама могільнік.

Вучні напіліся святой вады, якая выплывае з крынічкі з-пад Св. Гары. Крынічная вада прыносіць хвораму чалавеку аздараўленне. Памыўшыся ёю, паломнікі астаўляюць палатняныя хустачкі на беразе крынічкі.

Найбольшае ўражанне на вучнях выклікала мноства крыжоў вакол царквы. Прыносілі іх даўней і прыносяць цяпер паломнікі на Спаса. Ідуць цэлую дарогу ад дому на Грабарку пяшком і абыходзяць на каленях тры разы царкву для ўласнага збаўлення ад граху, для перамены жыцця і духоўнага аздараўлення.

Паломнікі таксама прынялі ўдзел у малебне за здароўе. Пасля малебна вучні прылажыліся да Іверскай Іконы Божай Маці, якую ў мінулым годзе падарылі манахі з гары Афон, што ў Грэцыі. Зацікаўленыя сувенірамі маглі сабе купіць іконкі, крыжыкі, ланцужкі і кніжачкі. Можна было зрабіць сабе здымкі (па-за царквой).

У зваротнай дарозе а. Такаюк запрапанаваў наведаць царкву ў Такарах, што ў лесе ля самай граніцы з Беларуссю. Яна была зачынена і можна было толькі на двары памаліцца і набраць свянцонай вады з калодзежа.

* * *

Такія экскурсіі патрэбныя моладзі таму, што не ўсе могуць паехаць з бацькамі на Святую Гару, а асабістае сутыкненне з тым, што для іншых святое, вучыць пашаны для другіх і розуму пра самога сябе.

Трэба адзначыць вялікую адданасць і сардэчны падыход у арганізацыі рознах форм зацікаўлення сваёй малой айчынай, у тым і ў духоўным плане — настаўніцы Яўгеніі Тхарэўскай. Яна дае добры прыклад іншым школам.