Ніва № 40 (2369), 7 кастрычніка 2001 г.

Канец ізаляцыі?

Мікола ВАЎРАНЮК

— Беларусь прайшла чарговы этап на дарозе да дэмакратыі, — падвёў вынікі прэзідэнцкіх выбараў Леанід Каравайка, генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку. — Не адна краіна магла б ад нас многаму навучыцца.

На прэс-канферэнцыі 26 верасня консул прыгадаў не толькі шырокавядомыя афіцыйныя вынікі, паводле якіх Аляксандр Лукашэнка накаўтаваў сваіх супернікаў, але і прывёў іншыя даныя: 20 тысяч назіральнікаў, у тым 718 замежных (з 34 краін), місіі Еўрапейскага Саюза, Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, цэнтральна-еўрапейскіх краін і Садружнасці Незалежных Дзяржаў сачылі за выбарамі ў Беларусі. Тое, што назіральнікі ад грамадскіх арганізацый, АБСЕ і Еўрасаюза налічылі шмат парушэнняў і прызналі выбары недэмакратычнымі, гэта вынік разыходжанняў між выбарчымі кодэксамі паасобных дзяржаў, — лічаць беларускія дыпламаты. Выбары застаюцца важнымі. Найважнейшае, што міжнародныя назіральнікі ў сваіх заявах палічылі ізаляцыю Беларусі шкоднай.

Цяпер час аднаўляць старыя і наладжваць новыя сувязі. У гэтым кантэксце выбары ў Польшчы прынеслі абнадзейваючыя рэзультаты. Асабліва асоба Владзімежа Цімашэвіча, будучага міністра замежных спраў, дае спадзяванне на ацяпленне двухбаковых стасункаў. Такое меркаванне выказаў не толькі Леанід Каравайка, але і, больш-менш у той жа час у Мінску, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Павел Латушка.

— Усё больш простых людзей у Польшчы, сялян, прадпрымальнікаў, разумее, што Еўрасаюз гуляе не зусім чыста, калі загадвае будаваць сцяну на мяжы з Беларуссю, — сказаў консул Л. Каравайка. — Тымчасам бачым, што звольненае польскімі фірмамі месца займаюць заходнія.

Для памежнага польска-беларускага супрацоўніцтва, аднак, рыхтуецца новы ўдар. Польскае МЗС паведаміла беларускіх партнёраў, што ў сувязі з рамонтам з 21 кастрычніка да канца 2002 года будзе зачынены дарожны пераход у Кузніцы. Беларускі бок лічыць, што гэтыя тэрміны яшчэ канчаткова не вырашаны. У выніку перамоў, можа хоць часткова пераход у Кузніцы будзе адчынены раней.

— Калі мы плануем падобныя інвестыцыі, — сказаў Леанід Каравайка, — ніколі не зачыняем пераходных пунктаў цалкам. Заўсёды ў нейкім працэнце яны прапускныя. Калі ўвесь легкавы і грузавы транспарт пойдзе на Баброўнікі — Бераставіцу, будуць чэргі, пратэсты, будзе многа праблем.

Канчаюцца затое праблемы Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку з памяшканнем. У нанятых ад Гарадской управы чатырох пакоях па вуліцы Варынскага консульству было зацесна. Таму з самага пачатку вяліся росшукі новай сядзібы. Накіраваная ўжо ў міністэрствы ўнутраных і замежных спраў Польшчы просьба даць згоду на куплю будынка па вуліцы Электрычнай 9. Гэта камяніца рымска-каталіцкай парафіі святога Вайцеха.

— Парафія хоча будынак прадаць, а мы маем грошы, — заявіў консул Леанід Каравайка журналістам. — Спадзяемся, што польскія ўлады неўзабаве дадуць згоду на гэта і наступным разам спаткаемся ўжо ў новых, больш утульных умовах.