Ніва № 40 (2369), 7 кастрычніка 2001 г.

Перамога радыкалаў

Яўген МІРАНОВІЧ

Вынік парламенцкіх выбараў у Польшчы яшчэ раз даказвае, што ва Усходняй Еўропе няма краіны, у якой магчыма прадбачыць ход палітычных падзей. Хаця не здзіўляе факт дэкласацыі партый, якія чатыры гады кіравалі краінай, але ў Заходняй Еўропе такога паражэння не бывае. Кампраметацыя салідарніцкага лагера і Уніі вольнасці спрыяла ўсім палітычным групоўкам, якія дэманстратыўна заяўлялі аб намеры весці зусім іншую палітыку.

Яшчэ тыдзень да выбараў найбольш арганізаваная апазіцыйная партыя — Саюз левых дэмакратаў — магла разлічваць на падтрымку паловы выбаршчыкаў. Аднак пару дзён да выбараў адзін з палітыкаў СЛД — Марэк Бэлька, кандыдат на міністра фінансаў — выявіў свае планы ратавання фінансаў краіны. Хаця і так вядома, што за ўсе памылкі, карупцыю і зладзейства палітыкаў заплаціць грамадства, шчырасць Бэлькі адняла ў СЛД амаль дваццаць працэнтаў электарату. Гэтая партыя будзе вымушана кіраваць краінай, не маючы належнай падтрымкі ў Сейме або шукаць чарговага кааліцыйнага саюзніка, што на практыцы абазначае неабходнасць купляць за публічныя грошы палітыкаў ПСЛ ці іншай палітычнай групоўкі. Доўгачаканай палітычнай стабілізацыі не будзе не толькі таму, што СЛД не мае за сабой парламенцкай большасці, але і па прычыне апазіцыі, якая, па волі выбаршчыкаў, зойме пасольскія крэслы.

Сапраўдным пераможцам гэтых выбараў стаў Анджэй Лепэр, лідэр маргінальнай плебейскай партыі „Самаахова”. Выбарчую кампанію праводзіў ён у стылі Аляксандра Лукашэнкі. На найбольш складаныя пытанні даваў вельмі простыя адказы. Лепэр абяцаў, што калі толькі будзе пры ўладзе, навядзе ў Польшчы парадак, дабрабыт і справядлівасць. У справе інтэграцыі з Еўрасаюзам — паводле лідэра „Самааховы” — палякі павінны акрэсліць умовы, на якіх гэта адбудзецца. Антыеўрапейская рыторыка ў апошнія гады прыцягвае штораз большую ўвагу польскага грамадства. Кожны дзесяты выбаршчык прагаласаваў на партыю Лепера, паверыўшы ў яго дэмагагічную праграму выратавання краіны шляхам павышэння сельскагаспадарчай вытворчасці і спажывання.

Вялікага выбарчага поспеху дасягнула каталіцка-нацыяналістычная Ліга польскіх сем’яў. На партыю, якая месяц да выбараў мела амаль нулявую падтрымку, прагаласавала сем працэнтаў выбаршчыкаў. Кампанія ў касцёлах і ў эфіры Радыё „Марыя” прыцягнула да арганізацыі Антонія Мацярэвіча, Зыгмунта Вжодака, Габрыеля Яноўскага і Яна Лапушанскага жалезны ўльтракаталіцкі электарат. Праграма Лігі засяроджваецца на лозунгах кшталту „Польшча палякам”. Партыя адкідае ўсе ідэі еўрапейскага лібералізму, як чужыя польскаму народу. У час выбарчай кампаніі дзеячы лігі падкрэслівалі, што з Захаду прыйшла не толькі маральная гніль, але і эканамічнае зняволенне. Польшча павінна пашыраць кантакты з Усходам дзеля таго, каб экспартаваць туды тавары, каб палякі мелі працу і сродкі для дэмаграфічнага развіцця нацыі.

Пра вялікі поспех могуць гаварыць палітыкі дзвюх іншых партый, якія ўзніклі пару месяцаў да выбараў — Грамадзянскай платформы і Права і справядлівасці. Абедзве арганізацыі стварылі дзеячы салідарніцкай кааліцыі і Уніі вольнасці, якія, прадбачваючы палітычную катастрофу сваіх арганізацый, пакінулі іх і стварылі новыя палітычныя структуры. Права і справядлівасць вырасла на папулярнасці яго лідэра, былога міністра юстыцыі Леха Качынскага, які рабіў уражанне змагара са злачынцамі шляхам абвастрэння крымінальнага кодэкса. Грамадству, якому надаеў страх перад бандытамі ды паўсюдная карупцыя, вельмі спадабаліся прапановы Качынскага. Людзі, проста, хочуць перастаць баяцца.

Безумоўна сярод прайграных апынулася другая сялянская партыя — ПСЛ, якая ўспрымалася як арганізацыя, зацікаўленая перш за ўсё ўладкаваннем сваіх членаў, а не вырашэннем праблем грамадства.

У новаабраным Сейме пяць патэнцыяльных апазіцыйных партый, якіх з сабой спалучае няшмат. Найбольшая апазіцыйная структура — ліберальная і праеўрапейская Грамадзянская платформа (каля 13 працэнтаў мандатаў) — будзе мець побач сябе „Самаахову” і Лігу польскіх сем’яў, якія палітычную пазіцыю будавалі на антылібералізме і антыеўрапейскасці. У Сейме апынуўся вялікі дэструктыўны патэнцыял, які дзеля ідэалагічных мэтаў гатовы далей руйнаваць гаспадарку, а ў выніку і краіну.

Каментуючы выбары ў польскім тэлебачанні, прафесар Памяноўскі заўважыў, што правадыроў маюць таксама прымітыўныя плямёны, але толькі ў цывілізаваных краінах правадыроў мае апазіцыя, гатовая ў любую хвіліну замяніць уладу без шкоды для дзяржавы і грамадства. Такой апазіцыі ў польскім Сейме няма.

Апрача СЛД у польскім палітычным тэатры няма арганізацыі, якая заставалася б дзейным акцёрам даўжэй за восем гадоў. Мала хто ўжо памятае назвы партый, якія чатыры гады таму стварылі Акцыю выбарчую „Салідарнасць”. Лідэры гэтых арганізацый паспелі памяняць — у чарговы ўжо раз — погляды і партыйныя колеры. Тыя ж воблікі кожныя пару гадоў аб’яўляюць польскаму люду новыя праўды, якія зараз абяртаюцца ў поўны фальш. Па гэтых прычынах больш за палову грамадзян пастаянна не хоча ўдзельнічаць у выбарах. Раней дэмакратыю байкатавалі плебейскія колы. У гэтым годзе вялікім адсутным была інтэлігенцыя. Гэта вельмі нядобры прагноз для польскай дэмакратыі.