Ніва № 40 (2369), 7 кастрычніка 2001 г.

Няцяжкая матура

Аляксей МАРОЗ

У Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы 18 і 19 верасня г.г. 135 белліцэістаў прыступілі да пробных экзаменаў на атэстат сталасці па матэматыцы і замежных мовах.

Перад дзевятай гадзінай раніцы 19 верасня вучні ўвайшлі ў два класы і актавую залу, дзе настаўнікі чарговы раз паінфармавалі аб ходзе экзаменаў па замежных мовах. Згодна матуральным правілам, прысутнічалі ў іх па адным настаўніку з іншай школы. У белліцэі тэхніка не падвяла і вучні спакойна выслухалі чытанне тэксту на замежных мовах і адказвалі на пытанні лектараў. Затым вучні чыталі тэксты і адказвалі на пытанні. Пасля перапынку пісалі па два кароткія сачыненні.

Калі я наведаў настаўніцкі пакой, адзін з настаўнікаў расказаў аб здарыўшыхся няправільнасцях: „Спачатку замест матэрыялаў да экзамену па нямецкай мове прывезлі плёнкі і тэксты па англійскай мове. Калі дырэктар патрабаваў памяняць матэрыялы, прывезлі плёнкі да першай часткі экзамену па нямецкай мове. Толькі за трэцім разам прывезлі адпаведныя матэрыялы, але праверыць іх можна было толькі ў час экзамену”.

Вучні сказалі, што экзамены па матэматыцы, на якіх трэба было рашыць больш дзесяці задач, і замежных мовах не былі цяжкімі. Дырэктар Яўген Сачко, які наглядаў за ходам экзаменаў, сам прымаў працы ад экзаменатараў і вазіў у Акруговую камісію ў Беласток. Там зашыфраваныя працы будуць правярацца вызначанымі экзаменатарамі.

— Калі новыя экзамены на атэстат сталасці будуць добра ўведзены, то апраўдаюцца змены. Спрычыняцца яны да больш самастойнай працы вучняў і лепшага іх развіцця. Вынік экзаменаў будзе аб’ектыўным адлюстраваннем працы вучняў, бо ўсе працы ў краіне будуць правярацца паводле аднолькавых крытэрыяў. Разумеецца, змены апраўдаюцца, калі ніхто з вучняў у краіне не будзе раней ведаць пытанняў, — заявіў дырэктар Яўген Сачко. — Да экзаменаў па беларускай мове, якія будуць праводзіць вясной, акруговая камісія, нашы вучні і настаўнікі падрыхтаваны. Ніколі раней не было такога добрага супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі і школамі нацыянальных меншасцей як цяпер.

Некаторыя вучні хацелі б па-старому здаваць экзамены па матэматыцы і дадатковым прадмеце, а па-новаму — па беларускай, польскай і замежнай мовах.

Да канца верасня ўсе вучні чацвёртых класаў павінны выбраць тэмы для падрыхтавання прац на ўнутраны экзамен на атэстат сталасці па беларускай мове. Вясной вучні будуць прэзентаваць свае працы і адказваць на тры пытанні настаўніка беларускай мовы наконт працы. Плануецца, што ў час вонкавага матуральнага экзамену па беларускай мове вучні будуць адказваць на пытанні звязаныя са зразуменнем тэкстаў і пісаць сачыненні на такіх самых прынцыпах, як на экзамене па польскай мове.

— Новыя экзамены на атэстат сталасці па беларускай мове лепшыя за старыя, бо аддаюць перавагу лагічнаму думанню і ўмеласцям вучняў, а не толькі энцыклапедычным ведам, — лічыць настаўнік беларускай мовы Ян Карчэўскі, які ўдзельнічаў у працы матуральнай камісіі.

— Нам хацелася б яшчэ здаваць матуральныя экзамены па-старому, паколькі вучыліся мы паводле старых праграм. Спачатку павінны ўводзіцца новыя праграмы і толькі пасля такія ж матуры. Некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы будуць прымаць у студэнты без экзаменаў, але лепшыя ўстановы, куды мы сабіраемся паступаць, плануюць арганізаваць экзамены, — заявіла белліцэістка, з якой згадзіліся сяброўкі.