Ніва № 39 (2368), 30 верасня 2001 г.

Далягляды Беларускага ПЭН-клуба

Юры ГУМЯНЮК

Напярэдаднi прэзiдэнцкiх выбараў у Мінску адбыўся Агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтра i мiжнародны „круглы стол” памяцi Алеся Адамовiча, прысвечаны праблемам мастацкага перакладу. Мне давялося прадстаўляць на гэтым форуме Гродзеншчыну.

У пэўным сэнсе сход аўтарытэтнай пiсьменнiцкай i праваабарончай сябрыны быў этапным i лёсавызначальным, бо абмяркоўвалася справаздача Рады Беларускага ПЭН-цэнтра, пасля чаго адбылiся перавыбары на пасаду першага вiцэ-прэзiдэнта. Дагэтуль яе займаў вядомы перакладчык Карлас Шэрман, якi сышоў у адстаўку. Паводле пiсьмовай прапановы народнага пiсьменнiка Беларусi i прэзiдэнта Беларускага ПЭН-клуба Васiля Быкава, якi, як вядома, зараз жыве ў Нямеччыне, на пасаду вiцэ-прэзiдэнта быў безальтэрнатыўна i адзiнагалосна абраны прафесар Адам Мальдзiс. Ён i выступiў з iнаўгурацыйнай прамовай. У абмеркаваннi надзённых праблем Беларускага ПЭН-клуба выступiлi Карлас Шэрман, Рыгор Барадулiн, Уладзiмiр Някляеў, Аляксандр Патупа. У сувязi з фiнансавымi праблемамi, якiя апошнiм часам напаткалi арганiзацыю, на сходзе было вырашана з першага кастрычнiка ўвесцi сяброўскiя складчыны ў памеры 4 000 беларускiх рублёў (крыху менш за тры долары). Гэтыя сродкi маюць пакрыць камунальныя ды iншыя выдаткi, звязаныя з утрыманнем офiса ў Мінску. Паводле слоў выступоўцаў, далягляды арганiзацыi не павiнны ўяўляцца цьмянымi i змрочнымi, калi ейныя сябры будуць дзейнiчаць больш актыўна i зладжана.

Тэма „круглага стала” называлася „Пераклад — сродак спрыяння бесканфлiктнай iнтэграцыi еўрапейскiх нацыяў”. На працягу двух дзён абмяркоўвалiся пытаннi спецыфiкi беларуска-рускага ўзаемаперакладу, магчымасцi i перспектывы пашырэння беларускай лiтаратуры ў свеце. З дакладамi выступiлi прафесары-лiтаратуразнаўцы Уладзiмiр Конан, Мiхась Тычына, Вячаслаў Рагойша, заслужаны артыст Беларусi спявак Вiктар Скарабагатаў, вядомыя перакладчыкi Васiль Сёмуха i Лявон Баршчэўскi, дацэнты БДУ Сяргей Кавалёў i Мiкола Хаўстовiч, паэты Алесь Аркуш, Андрэй Хадановiч, Зiнаiда Дудзюк, аўтар гэтага допiсу ды iншыя зацiкаўленыя асобы.

Вельмi ўзнёсла i цёпла прайшла сустрэча з ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра Чэславам Сэнюхам (Варшава) з нагоды завяршэння iм дзесяцiгадовай працы — перакладу на польскую мову паэмы Якуба Коласа „Новая зямля”. Вядома, не абышлося без чытання ўрыўкаў з гэтага эпахальнага твора па-польску i па-беларуску ды вiншавання перакладчыка.

Напрыканцы iмпрэзы адбылося ўручэнне дзвюх штогадовых прэмiй iмя Алеся Адамовiча. Раней велічыня прэмii вагалася ў памерах 400-500 долараў. Сёлета, зважаючы на вышэйпамянёныя фiнансавыя праблемы Беларускага ПЭН-цэнтра, гэтыя прэмii толькi ганаровыя — з уручэннем дыплома i ордэна. Iмёны лаўрэатаў абвясцiлi пiсьменнiца Святлана Алексiевiч i паэт Алесь Разанаў. Прэмii дасталiся Валянцiну Акудовiчу за цыкл апублiкаваных у перыядычным друку фiласофска-культуралагiчных эсэ i Валерыю Дранчуку за публiцыстычныя артыкулы ў абарону роднай прыроды.