Ніва № 39 (2368), 30 верасня 2001 г.

Беларусь пасля выбараў

Яўген МІРАНОВІЧ

Тры дні пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі няма амаль ніякага следу падзеі, якая прыцягвала ўвагу паловы Еўропы. Ніякіх плакатаў, ніякіх рэклам кандыдатаў — ні ў Мінску, ні ў правінцыйных мястэчках. Калі б чалавек не ведаў, што пару дзён раней адбыліся там прэзідэнцкія выбары, не заўважыў бы гэтага праехаўшы нават усю краіну. Не даведаўся б таксама шмат з мясцовай прэсы. У газетах з серады і чацвярга пра выбары, якія адбыліся ў нядзелю, толькі скупыя звесткі і каментарыі на далейшых старонках. На вуліцах, у аўтобусах, трамваях і цягніках няма ніякай дыскусіі на гэтую тэму. Большасці народа прэзідэнцкія выбары зусім не кранулі. Усё адбылося як у Савецкім Саюзе — беларусы пайшлі на выбары і зрабілі тое, чаго ад іх чакала ўлада. Іншадумцаў на правінцыі звычайна лічылі правакатарамі, разбуральнікамі палітычнага і грамадскага парадку, або чужымі агентамі. На правінцыі люд стаяў сцяною за Лукашэнкам, а прыхільнікам яго канкурэнтаў не дазваляў публічна выказваць сваіх сімпатый. Чым бяднейшы раён, тым больш заядла яго жыхары дэманстравалі падтрымку Лукашэнку.

Апрача Мінска і вялікіх гарадоў не заўважаецца ніякага чакання змен. Большасць жыхароў вёсак і мястэчак задаволена актуальным станам. На Віцебшчыне, напрыклад, спроба дыскусіі пра магчымасць пабудовы іншага грамадскага ці эканамічнага парадку выклікае ўзбурэнне. „Нам сейчас очень хорошо живется. Пенсию получаем ежемесячно, имеем свое поле, 4-5 свиней в хлеве, а кому здесь плохо, пусть уезжает в Америку, Германию, или Польшу”, — патлумачылі мне каля вясковай крамы, у якой было толькі „Жыгулёўскае” піва, мука, соль, каша, масла і моцна счарнелае мяса. Раніцай быў яшчэ хлеб. У краме людзі курылі папяросы, запіваючы дым „Жыгулёўскім” півам. Пасля некалькіх размоў з людзьмі ў правінцыі я зразумеў, што калі б Лукашэнка пажадаў правесці яшчэ адзін рэферэндум ды — па волі люду — аб’явіць сябе імператарам, можа спакойна разлічваць на станоўчы адказ. Спектакль, які кожны дзень да выбараў ставіўся на дзяржаўным телебачанні з удзелам прэзідэнта, меў свайго канкрэтнага адрасата. Быў ім напэўна не мінскі інтэлігент, які зведаў палову Еўропы і цяпер спадзяецца, што і Беларусь стане краінай накшталт Італіі, Швецыі або Чэхіі.

Нахабная рэклама ў тэлебачанні выклікала б раздражненне ў дэмакратычным грамадстве, але ў беларускай правінцыі ўспрымалася з поўным зразуменнем. З пункту гледжання ўлад у Беларусі непатрэбны ніякія змены. Лукашэнкава палітыка замарожання савецкага грамадства здаецца тут даволі лагічнай. Такім людам вельмі лёгка кіраваць, праводзіць любыя рэферэндумы ды аб’яўляць любыя вынікі. Калі ўладам патрэбная палітычная актыўнасць у выглядзе масавага ўдзельніцтва ў галасаванні, прапаганда можа ў кароткім часе мабілізаваць мільёны людзей, дзякуючы чаму ў Беларусі наглядаецца найвышэйшы паказчык прысутнасці на выбарах.

У Мінску дзеячы апазіцыйных арганізацый у першыя дні пасля выбараў хадзілі атручанымі. Ад шматлікіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі можна было пачуць: „Перад намі чарговыя патрачаныя пяць гадоў”. Апрача вялікага расчаравання наглядаецца пачуццё бяссільнасці. Шмат хто паказвае нумар „Советской Белоруссии” ад 5 верасня, якую праз дзяржаўную пошту атрымала кожная сям’я ў краіне. На першай старонцы, апрача велізарнага партрэта, доўгі спісак найбольш вядомых дасягенняў Лукашэнкі. „А. Г. Лукашенко сохранил суверенность и независимость государства. Лукашенко остановил ползучий процесс агрессивного национализма. Сегодня Беларусь — уютный и теплый дом для людей многих национальностей!”. Апазіцыя — гэта, вядома, „шантаж, угрозы, социальная демагогия” і „зарубежные спонсоры”. „Здравомыслящие люди Беларуси не имеют права отдать своей судьбы и судьбы страны в их руки”, — завяршаецца рэдакцыйны артыкул „Советской Белоруссии”. Змест нумара — прапагандысцкае шоу, у якім ніхто не бярэ адказнасці за словы.

14 верасня апазіцыйная газета „Народная воля” надрукавала „Заявление лидеров политических и общественных движений Беларуси, входящих в широкую гражданскую коалицию”. Заяўляецца там, што Ганчарыка падтрымала „не менее 41% белорусских граждан, за А. Лукашенко — не более 47%. Согласно по закону, должен состояться другой тур президентских выборов”. Лідэры аб’яднанай вакол Ганчарыка апазіцыі — Сяргей Калякін, Павел Казлоўскі, Васіль Лявонаў, Міхаіл Марыніч, Мікола Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Юрый Хадыка, Аляксандр Ярашук — перакананыя, што „большинство белоруссов выказались против того, чтобы проворовавшаяся, погрязшаяся в тяжких уголовных преступлениях клика правила страной еще пять лет”. Адчуваецца аднак, што грамадства Беларусі змірылася з вынікамі выбараў, аб’яўленымі Цэнтральнай выбарчай камісіяй і ніхто не збіраецца ісці на змаганне за „аб’яднаную апазіцыю”. Толькі новаствораная маладзёжная арганізацыя „Зубр” сваёй дзейнасцю як бы падтрымлівае патрабаванні апазіцыі і надпісамі на мурах дамагаецца ад Лукашэнкі здачы ўлады. Ветэранамі апазіцыйнага руху ініцыятывы „Зубра” ўспрымаюцца з вялікай падазронасцю.

Падзеі ў Злучаных Штатах Амерыкі зусім адцягнулі ўвагу жыхароў Мінска ад унутраных праблем. У большасці хатаў людзі шукалі расійскіх тэлеканалаў, на якіх пастаянна падавалася інфармацыя і каментарыі пра тэрарыстаў ды іх ахвяр. У Беларускім тэлебачанні гэта была хутчэй другарадная тэма. Выразна відаць, што зараз пасля выбараў беларусы пакінулі праблемы свае краіны новаабранаму прэзідэнту, ухапіліся за расійскія сродкі масавай інфармацыі ды надалей глядзяць на свет — таксама свой, беларускі — вачамі расійскіх каментатараў.