Ніва № 37 (2366), 16 верасня 2001 г.

Экзамены ў пачатку года

Аляксей МАРОЗ

Новы навучальны год у Гайнаўскім комплексе школ з дадатковай вучобай беларускай мовы распачаўся ад супольных сустрэч белгімназістаў і белліцэістаў з настаўнікамі і класнымі выхавацелямі. Дырэктар Яўген Сачко расказаў аб школьных рэформах, новых экзаменах на атэстат сталасці і экзаменах у гімназіях. Ужо ў верасні белліцэісты будуць пісаць пробныя матуры, а вучні трэціх класаў белгімназіі — пробныя завяршальныя экзамены.

— Тое, што вы вучыцеся ў белгімназіі не абазначае, што ўсе будзеце прыняты ў наш ліцэй, — перасцерагаў дырэктар Яўген Сачко вучняў белгімназіі, заклікаючы да саліднай працы. — Не прымем тых, якія слаба здадуць завяршальныя экзамены.

Пасля афіцыйных спатканняў вучні пачалі ўспамінаць, як яны правялі канікулы. Настаўнікі цікавіліся распісаннем урокаў і, мабыць, яшчэ больш за вучняў цешыліся, што дзякуючы намаганням віцэ-дырэктара Аляксандра Лаўрыновіча заняткі будуць канчацца пасля сёмага ўрока.

Рэформы і новыя экзамены

— Я станоўча ацэньваю новыя экзамены на атэстат сталасці, бо ставяць яны, у галоўным, на ўмеласці вучняў і пры шыфраванні прац гарантуюць аб’ектыўнасць ацэнкі. Калі будзем больш развіваць у ліцэістаў умеласці, яны будуць больш новага і станоўчага ўводзіць у прафесійную працу ў будучым. Аднак у цэлым школьную рэформу ацэньваю адмоўна. Лічу, што не трэба выдзяляць з падставовай школы гімназію, каб яе толькі інакш назваць. Настаўнікі, у якіх да выбару па 13 прадметных падручнікаў не ў змозе ўсіх іх прааналізаваць так, каб выбраць найлепшы. У выпадку нашай школы паявілася магчымасць стварэння гімназіі, што пашырае навучанне беларускай мовы ў Гайнаўцы і дае магчымасць даць працу ўсім нашым настаўнікам, — заявіў намеснік дырэктара Аляксандр Лаўрыновіч. — Што тычыцца скарачэння заняткаў да сямі ўрокаў удзень, то толькі дзякуючы доўгай працы ўдалося мне так распрацаваць расклад. Я гуляю ў шахматы і гэта вельмі памагае выпрацоўваць розныя варыянты рашэння праблем звязаных з раскладам урокаў.

Хаця ў новым навучальным годзе не было набору ў першыя класы белліцэя, усе настаўнікі, прынятыя раней на пастаянную працу, засталіся ў школе. Лік 410 белліцэістаў папаўняюць 182 белгімназісты, што гарантуе працу ўсім настаўнікам.

Разгубленасць першакласнікаў

Найбольш разгубленымі ў школе былі вучні двух першых класаў белгімназіі, якім выхавацелі Славамір Чыквін і Ян Місяюк паказвалі кабінеты новай школы і тлумачылі, якія бягучыя справы трэба ім вырашыць у першую чаргу.

— Мне спадабаліся дзяўчаты, якія адважна ставілі пытанні, — заявіў выхавацель першага класа гімназіі Славамір Чыквін. — Хлопцы былі менш адважныя і толькі назіралі за ходам спаткання.

У час канікулаў гаспадарчым спосабам памаляваны былі калідоры на першым паверсе і ў падвале. Зараз вядзецца яшчэ рамонт гімнастычнай залы. Мяняюцца ў ёй бетонная і штучная паверхні, якія вельмі хутка знішчыліся.

— Грошай хапае на бягучыя справы і невялікія рамонты, а за асобныя сродкі з Міністэрства адукацыі абсталявалі мы новы кабінет інфарматыкі для ліцэя. Сказана было, што камп’ютэры трапяць у самы лепшы ліцэй у павеце і аказалася, што ў нашай школе самыя лепшыя паказчыкі вучобы, — сказаў намеснік дырэктара Аляксандр Лаўрыновіч. — Новы камп’ютэр, з доступам да Інтэрнэту, будзе стаяць у бібліятэцы.

Працавітыя канікулы

Для многіх настаўнікаў белліцэя канікулы былі працавітымі, паколькі сабіралі яны дакументы, каб атрымаць прызначэнне да працы настаўнікам (6 асоб) і ступень дыпламаванага настаўніка (Ядвіга Дамброўская і Галена Ёнаш). Аднак, многія педагогі белліцэя не рашыліся прыступаць да конкурсу на званне дыпламаванага настаўніка па прычыне вялікай бюракратызаванасці ўсёй працэдуры. Патрабуе яна скамплектаваць вялікую колькасць пасведчанняў і фатаграфій як доказу пазаўрочнай працы педагогаў.

Настаўнікі беларускай мовы ўдзельнічалі ў курсах для матуральных экзаменатараў, увялі ў белліцэі новыя праграмы навучання і рыхтуюцца да новых экзаменаў на атэстат сталасці па беларускай мове. Будуць стварацца, таксама, новыя праграмы навучання па беларускай мове для белгімназістаў. Зараз вывучаюцца нядаўна напісаныя ў Польшчы хрэстаматыі па беларускай літаратуры і падручнікі па беларускай мове для першага і другога класаў белгімназіі, ствараецца падручнік па граматыцы.

— Маючы на ўвазе новыя праграмы навучання беларускай мовы і новыя экзамены на атэстат сталасці па беларускай мове, стараемся не патрабаваць ад вучняў энцыклапедычных ведаў, а развіваць іх умеласці. Падрыхтоўка да новых матуральных экзаменаў патрабуе ад вучняў уважлівага чытання тэкстаў і ўмелага іх аналізу. На ўроках павінны мы чытаць больш кароткія і зразумелыя тэксты, якія больш даступныя для аналізу, — сказала настаўніца беларускай мовы Вольга Сянкевіч.