Ніва № 37 (2366), 16 верасня 2001 г.

Аб’яднанне Беларусі

Яўген МІРАНОВІЧ

17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія перасякла межы Польшчы і на поўначы заняла тэрыторыю па ліні рэк Піса, Нарва і Буг. Уся Беласточчына і Ломжынскі павет Варшаўскага ваяводства апынуліся пад савецкім панаваннем, а неўзабаве былі далучаны да Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Уваход Чырвонай Арміі на тэрыторыю Польшчы адбываўся пад лозунгамі абароны беларускіх і ўкраінскіх працоўных мас. У сапраўднасці ў выніку дагавору Сталіна з Гітлерам былі вызначаны сферы ўплываў Савецкага Саюза і Нямеччыны ва Усходняй Еўропе. Паход Чырвонай Арміі на захад 17 верасня 1939 г. быў вынікам успомненага дагавору. Першае пагадненне, падпісанае паміж савецкімі і нямецкімі дыпламатамі, прадугледжвала вызначэнне такой лініі ўплываў па рацэ Вісле і падзел тэрыторыі Літвы. Толькі ў час вайны, напачатку верасня, абодва бакі дайшлі да паразумення, што саветы возьмуць усю Літву, а немцы — тэрыторыю Польшчы паміж Віслай і Бугам.

Палякі, хаця мелі некалькі соцень тысяч салдат на ўсходняй мяжы, нават не прабавалі стрымоўваць паход саветаў. Толькі ў ваколіцах Гродна дайшло да некалькіх сутычак, малаістотных для лёсаў гэтай вайны. Больш ахвяр стала вынікам змагання польскай паліцыі і вайсковых падраздзяленняў з партызанскімі групоўкамі, арганізаванымі беларускімі і яўрэйскімі камуністамі. Два дні беларуска-яўрэйскі атрад змагаўся з палякамі за Скідаль, а ў дзесятках мясцовасцей камуністычныя групоўкі атакавалі пастарункі паліцыі, асаднікаў, леснікоў, чыноўнікаў, а нават настаўнікаў. Палітыка польскай дзяржавы ў адносінах да беларусаў, у новай палітычнай сітуацыі, выклікала хвалю варожасці да людзей, з якімі атаясамліваліся арышты, турэмнае зняволенне, здзек і прыніжэнне.

Аднак намнога больш было выпадкаў дапамогі з боку беларусаў прадстаўнікам польскіх элітаў, якія скрываліся ад савецкіх паліцыйных службаў.

Стаўленне беларусаў да Чырвонай Арміі і савецкай улады не было адназначнае. Большасць успрымала Савецкі Саюз як новую форму расійскай дзяржаўнасці і ўсё што адбывалася бачыла як аднаўленне, пасля дваццацігадовага перапынку, стану, які існаваў да першай сусветнай вайны. Палякі не здолелі прыцягнуць беларусаў да свае дзяржавы. Адмаўляючы належных нацыянальнай меншасці правоў, выклікалі стан чакання змен. А несла іх савецкая ўлада, якой якасці амаль ніхто не ведаў. Беларускія палітыкі і дзеячы ў Польшчы наогул арыентаваліся ў тым, што да 1939 г. адбывалася за ўсходняй мяжой. Яны найчасцей уцякалі ў нямецкую зону ўплываў, аднак не пратэставалі супраць інкарпарацыі паўночна-ўсходняй Польшчы і далучэння гэтай тэрыторыі да Савецкай Беларусі. Нацыяналістам найважнейшае было аб’яднанне тэрыторыі, населенай беларусамі ў адну дзяржаву. Вялікая частка беларускіх несавецкіх дзеячаў стан пасля 17 верасня 1939 г. бачыла як аб’яднанне ў адну акупаваную дзяржаву, што было ліквідацыяй вельмі небяспечных для будучыні нацыі паслядоўнасцей Рыжскага дагавору. Нацыянальныя дзеячы разлічвалі аднак, што сітуацыя такая не будзе вечнай. Прадбачвалі хуткі нямецка-савецкі канфлікт, які створыць надзею на пабудову новай формы беларускай дзяржаўнасці.

Па зусім іншых прычынах тое, што здарылася пасля 17 верасня, адабрылі камуністы і людзі падобнай палітычнай арыентацыі. Яны звычайна дажылі дня, якога чакалі. Хаця іх арганізацыя — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі — была ліквідавана Сталіным, а лідэры расстраляны, тагачасныя камуністы былі людзьмі ідэі і глыбока верылі ў прыгажосць камуністычнага свету. Неўзабаве атрымалі яны магчымасць будаваць гэты свет сваімі рукамі. Пачалі ствараць рэвалюцыйныя сялянскія камітэты, атрады народнай міліцыі і адчуваць сябе гаспадарамі на сваёй зямлі. Хутка аднак чэкісты, якія прыйшлі разам з Чырвонай Арміяй, растлумачылі ім, што ў іх буржуазнае ўяўленне пра ўладу, і што іх абавязак — выконваць загады партыйных і ваенных улад.

Савецкія ўлады вырашылі даказаць свету, што іх уваход у межы Польшчы поўнасцю акцэптаваны мясцовым насельніцтвам. Вырашылі яны правесці выбары ў Нацыянальны сход Заходняй Беларусі, у якім, паводле афіцыйных звестак, узяло ўдзел амаль 97 працэнтаў выбаршчыкаў, з ліку якіх 90 працэнтаў прагаласавала за прапанаваных уладамі кандыдатаў. Выглядала на тое, што на працягу месяца саветам удалося пераканаць да свае палітыкі амаль усё грамадства, у тым і палякаў. У ліку дэлегатаў Сходу былі 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэі, 53 украінцы і 43 рускія. Усе яны аднагалосна прагаласавалі за далучэнне Заходняй Беларусі да БССР.

У кастрычніку 1939 г. у складзе Беларусі была Вільня, Беласток і Ломжа. Рэспубліка налічвала 10,5 мільёна жыхароў. Сталін, плануючы захоп Літвы, вырашыў на асалоду даць літоўцам Віленшчыну, з трыстатысячным, у пераважнай большасці беларускім, насельніцтвам. Мала праўдападобна, што ў межах Беларусі асталася б таксама Беласточчына. Сталін планаваў стварэнне польскай савецкай рэспублікі і неўзабаве вымушаны быў бы купляць прыхільнасць палякаў. Гісторыя яго панавання паказала, што дзяліў ён народы і землі так, як яму было ў даны момант выгадна. Сцэнарый падзей на гэтай тэрыторыі ў гэты час пачаў пісаць аднак Гітлер і не ўсе планы Сталіна маглі ажыццявіцца.