Ніва № 34 (2363), 26 жніўня 2001 г.

Чыноўнікі + дэмакраты = ?

Зміцер КІСЕЛЬ

13 жніўня ў Мінску было падпісана пагадненне паміж прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімірам Ганчарыкам і Сямёнам Домашам „Аб узаемных абавязацельствах адзінага кандыдата і шырокай грамадскай кааліцыі падчас і пасля выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Пад дакументам паставілі свае подпісы пяць былых кандыдатаў у кандыдаты, якія не здолелі сабраць 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў для свайго вылучэння: Павел Казлоўскі, Сяргей Калякін, Міхаіл Марыніч, Міхаіл Чыгір, Аляксандр Ярашук. Далучыліся да пагаднення таксама кіраўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый: БНФ „Адраджэньне”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная Грамада”, Беларускай партыі жанчын „Надзея”, Беларускай партыі працы, Беларускай партыі „Зялёны свет”, Беларускай экалагічнай партыі, руху „За новую Беларусь”, недзяржаўнай арганізацыі „Рэгіянальная Беларусь” і Хартыі ’97. А на наступны дзень Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала чатырох кандыдатаў у прэзідэнты — старшыню беларускіх прафсаюзаў Уладзіміра Ганчарыка, старшыню ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, старшыню гродзенскага аб’яднання „Ратуша” Сямёна Домаша і Аляксандра Лукашэнку. Такім чынам з 14 жніўня на Беларусі пачалася агітацыйная кампанія па выбарах прэзідэнта.

Згодна вышэй згаданаму пагадненню Сямён Домаш павінен зняць сваю кандыдатуру на карысць Уладзіміра Ганчарыка і ўзначаліць Палітычны Савет штаба адзінага кандыдата. У выпадку перамогі Ганчарыка, Домашу гарантуецца пасада прэм’ер-міністра. Тое што „пяцёрка” кандыдатаў, якія былі падтрыманы дэмакратычнымі сіламі яшчэ некалькі тыдняў таму вырашыла вызначыць у якасці „адзінага” Уладзіміра Ганчарыка стала сапраўдным шокам для прыхільнікаў Сямёна Домаша. Апошняга падтрымлівалі і збіралі за яго подпісы найбольш уплывовыя дэмакратычныя партыі, якія маюць добра арганізаваныя структуры па ўсёй Беларусі — БНФ, АГП, частка БСДГ і БСДП „НГ”. Іншыя арганізацыі або кабінетныя, або іх рэальны ўплыў на людзей не выходзіць за межы Мінска. У Домаша амаль на 40 тысяч больш зарэгістраваных Цэнтрвыбаркамам подпісаў выбаршчыкаў. Нават па заангажаваных дзяржаўных апытаннях яго папулярнасць сярод насельніцтва большая чым у Ганчарыка. Сямён Домаш ужо даўно вядомы як апазіцыйна настроены да рэжыму Лукашэнкі палітык, прыхільнік дэмакратыі і незалежнасці Беларусі. Старшыня афіцыйных прафсаюзаў зусім нядаўна стаў апазіцыянерам, да гэтага ён 14 гадоў узначальваў арганізацыю, пра якую больш паўстагоддзя казалі: „Прафсаюзы — школа камунізму”. Нездарма ж па ўсёй Беларусі арганізоўваліся незалежныя прафсаюзы, як альтэрнатыва афіцыйным. Апошнія ніколі не карысталіся папулярнасцю ў насельніцтва і лічыліся адной з галін дзяржаўнай улады. Таму незразумела, чаму „пяцёрка” вырашыла падтрымаць менавіта Ганчарыка. Ён магчыма задавальняе наменклатуру, тую што калісьці была пры ўладзе і тую якая зараз „з-пад палкі” служыць Лукашэнку. Аднак наменклатура далёка не большасць народа. Магчыма такі варыянт больш зразумелы ў Еўропе. Але прафсаюзы ў Беларусі зусім не тое самае, што ў дэмакратычных краінах. Ганчарык далёка не Валэнса. Таму людзі, якія самааддана збіралі подпісы за Домаша і верылі ў перамогу — расчараваны і адчуваюць, што спадзяванняў на хуткія змены ў краіне робіцца ўсё менш. Нядаўна нават ад аднаго з кіраўнікоў гродзенскага Народнага фронту давялося пачуць: „Для нас выбары ўжо скончаны”.

Аднак пагадненне падпісана. Зараз кіраўніцтву партый неабходна пераканаць сваіх сяброў у праўдзівасці абяцанняў Ганчарыка і ў тым, што ён змяніў свае ранейшыя палітычныя погляды і з’яўляецца прыхільнікам дэмакратыі. Згодна прынятаму 13 жніўня дакументу ў выпадку перамогі адзінага кандыдата ад грамадзянскай кааліцыі павінна адбыцца аднаўленне дэмакратычнай улады, пашырэнне паўнамоцтваў урада і органаў мясцовага самакіравання, абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта, праведзены дэмакратычныя парламенцкія выбары. Але адзін пункт у пагадненні насцярожвае. У ім у прыватнасці гаворыцца: „Стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальнай культуры, мовы, традыцый і ўжывання нацыянальнай гістарычнай сімволікі беларускага народа”. Так звычайна гаворыцца пра пашырэнне правоў нацыянальнай меншасці, а не тытульнай нацыі краіны. Лукашэнка так сама сцвярджае, што стварыў спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай мовы. Не зразумела, ці вернецца да беларускай мовы статус адзінай дзяржаўнай, ці стане дзяржаўнай нацыянальная сімволіка.

У выпадку, калі сябры дэмакратычных арганізацый не толькі ў Мінску, але па ўсёй краіне павераць Ганчарыку, або сціснуўшы зубы падпарадкуюцца партыйнай дысцыпліне і пойдуць „у народ” агітаваць за яго, маленькі шанс на перамогу застаецца. Але ці не замала трох тыдняў, каб давесці насельніцтву Беларусі, што старшыня прафсаюзаў, які асабліва нічым да гэтага часу не вызначаўся, выправіць сітуацыю ў краіне?