Ніва № 33 (2362), 19 жніўня 2001 г.

150 кіламетраў ад мараў

Анна САДОЎСКАЯ

Дзіўным трафам апынулася я на паломніцтве, арганізаваным а. Леанідам Шэшкам. Дзень перад выездам пазваніў мне сябра з пытаннем, ці хачу ехаць. Я згадзілася. І так пачалося маё паломніцтва па манастырах і цэрквах святой Русі. Нягледзячы на тое, што гайнаўскае паломніцтва было аўтобуснае, а на двары спякота — усё атрымалася знакаміта.

Першым нашым прыпынкам былі Жыровічы — месца, якое ведаюць амаль усе праваслаўныя беларусы, а аб з’яўленні іконы Божай Маці на грушы (цяпер у тым месцы стаіць царква) бабулі расказваюць сваім унукам. Мая бабуля не расказвала мне аб жыровіцкай абіцелі, але падсунула кніжку аб вялікай асветніцы Беларусі, Еўфрасінні Полацкай — княгіні, манашцы, заснавальніцы манастыра ў Полацку, і малітвенніцы. Па яе заказе Лазар Богша зрабіў каштоўны крыж (які загінуў, але Мікалай Кузьмін зрабіў копію). Яна — першая беларуская паломніца ў Іерусалім.

Для мяне Полацк заўсёды асацыіраваўся з дзяржаўнай беларускай мовай, Дзвіной і Еўфрасінняй. Я мела магчымасць (як і іншыя паломнікі) перайсці басанож пад мошчамі святой асветніцы, палюбавацца пахам кветак і паставіць свечу.

Мяжу Беларусі з Расіяй мы перасяклі без праблемаў, аднак у Пскове, дзе хацелі пераначаваць, не хапіла начлежных месц і мы вымушаны былі паехаць у Пячоры, куды мелі з’явіцца назаўтра. Стары Пскоўскі манастыр першапачаткова быў мужчынскім, а пасля 1943 г. стаў жаночым. Большасць паломнікаў (у тым і я) былі захоплены манастыром у Пячорах (яго называюць Пскова-Пячорскім). Нічога ў гэтым дзіўнага, таму што ён выглядае быццам казачны замак — звонку на сценах пісаныя іконы, фрэскі, купалы з зоркамі і ззяючымі ў сонцы крыжамі. Але найбольшае ўражанне выклікалі пячоры, ад якіх узяў сваё названне горад. Уваходзячы ў падзямельныя тунелі, манашка, якая нас праводзіла, дала кожнаму пілігрыму свечку і мы пайшлі. Многія грабніцы і мошчы асветлены лампадкамі. Пад нашымі нагамі пясок, над галовамі таксама пясок і 1,5 м зямлі, і царква. Са свечкамі ў руках мы ішлі за манашкай, а яна расказвала так, што па скуры дрыжыкі праходзілі. Дарогу з камянёў да галоўнай царквы называюць дарогай крыві. Яна абліта кроўю св. Карнілы, якому цар Іван IV Грозны адсек галаву. Карніла, паводле цара, хацеў адкінуць царскую уладу. Калі цар Іван Грозны апамятаўся, узяў галаву святога і, ідучы, трымаў яе ў руках, а кроў цякла па дарозе...

Мая мара — паехаць у Валаам, мужчынскі манастыр на астравах. А калі я даведалася, што з Пюхціч (жаночы манастыр у Эстоніі) да маіх мараў 150 кіламетраў, я абяцала сабе, што яшчэ туды паеду. Па дарозе ў Пюхцічы мяне праследавала верная сяброўка — няўдача. Я ўпала і разбіла калена, а пасля ўбачыла, што ў цела ўпіўся вялікі клешч. На калена мне наклеілі пластыр, а кляшча вынялі. І ўсё было добра.

Пюхціцкі манастыр зрабіў на мне вялікае ўражанне. Я думала, што пабачу малую царкоўку і групку манашак. Аднак маім вачам паказалася мураваная царква на ўзгорку, 150 манашак, 75 гектараў зямлі і вялікая гаспадарка. Пюхцічы — на эстонскай мове — святое месца. Манастыр прысвечаны Божай Маці, якая ўказвае на цудоўную і жыватворную крыніцу, ды прыказала манашкам усё рабіць сваімі рукамі і быць асновай міласціны для ўсіх людзей, нягледзячы на іхняе веравызнанне. Аб тым, што манашкі ўсё робяць самі, я магла пераканацца асабіста. Нам размеркавалі абавязкі — у кухні, агародах, пры бульбе, пры сене. Я была ў групе тых шчасліўцаў, якія паехалі да сена. На другі дзень мне балелі рукі, у мяне былі мазалі на далонях і страшэнна пакусала мяне мошка. Але я была шчаслівая.

— У Пюхцічах пахла ружамі, а тут пахне гаспадаркай, хаця і тут ружы ёсць, — сказала мая сяброўка, калі мы пераехалі ў Рыжскую Пустынь у Латвіі. Маленькая абіцель, жаночы манастыр, дзве царквы — так прадстаўляецца звонку манастыр. Але сапраўды выглядае інакш: страшна кусаюць камары, лес, зычлівыя, добрыя манашкі і драўляная царкоўка, якая выглядам напамінае мінулае стагоддзе. Угары іканастаса з левага боку знаходзіцца вялікая ікона Серафіма Сароўскага, а з правага — прападобнага Сергія Радонежскага.

Тоўстыя бярвенні, драўляныя сцены са старымі пазалочанымі іконамі, семнаццаць мірацякучых ікон, куры, каровы і тры манашкі — як хор.

Нямнога большы хор ёсць і ў Вільні (але гэта тлумачыцца тым, што ў мужчынскім Спаса-Духаўскім манастыры ёсць толькі 10 манахаў). Галоўны сабор пабудаваны ў заходнім стылі. Услаўлены ён святымі Віленскімі мучанікамі Антоніем, Іаанам і Яўстафіем, замучанымі за веру ў 1364 годзе. Да манастыра прыязджаюць і прыходзяць палякі, літоўцы, расіяне і беларусы.

Пачынаючы з Беларусі, а канчаючы на Літве — так успамінаецца мне паломніцтва. Прыгожыя краявіды (не гаворачы ўжо аб манастырах), паездка над эстонскі кусочак Балтыйскага мора, плаванне ў азёрах у вялікую спёку, незабыўныя шпацыры па старой частцы Вільні, Вострабрамская ікона Божай Маці і... вера, што да мараў можа быць зусім блізка.