Ніва № 33 (2362), 19 жніўня 2001 г.

Мёртвы сезон

Яўген МІРАНОВІЧ

Ужо некалькі гадоў з пачаткам ліпеня ў Польшчы мяняецца характар дзейнасці большасці публічных устаноў. Зразумела, што ў канікулярны час традыцыйна пустуюць школы і універсітэты — там, апрача дзяжурнай сакратаркі, цяжка каго-небудзь сустрэць. Зусім аднак невядома, чаму пануе пустэча ў большасці адміністрацыйных устаноў. Прынцыпова ніколі няма таго чыноўніка, які акурат нам патрэбны, а яго калега найчасцей не мае ніякіх паўнамоцтваў, каб адказаць нам на зусім простыя пытанні. Спроба аформіць справу канчаецца найчасцей прапановай прыйсці за месяц, тады напэўна нехта пацікавіцца нашымі праблемамі. У недыпламатычнай форме такі адказ гучаў бы: „Ідзі чалавеча к чорту, не бачыш, што ў нас канікулы!”

Калі, напрыклад, нехта захоча ў Беластоку пайсці ў кіно, найчасцей патрапіць на фільм, дапасаваны да інтэлекту дзесяцігадовага негра з амерыканскіх сламсаў. Тэатр закрыты да восені. У дзяржаўным тэлебачанні ўжо хіба дваццаты раз капітан Клос паспяхова змагаецца з хітрымі гестапаўцамі, а чатыры танкісты і іх сабака Шарык бяруць Берлін. На прыватных тэлеканалах агент 007 чарговы раз ратуе нашу планету ад шаленцаў, а Рэмба, выконваючы місію ў В’етнаме, у дзве гадзіны забівае сотні, а можа і тысячы салдат В’етконга і савецкай арміі. На іншых каналах знаходзім ідыёцкую сям’ю Кепскіх або праграму аб жыцці моладзі, зачыненай у адмысловым памяшканні, пад загалоўкам „Амазонкі”. Палітычныя праграмы сталі такімі нуднымі, што нават у лістападаўскі вечар немагчыма было б іх глядзець.

У цэнтральных бібліятэках і архівах краіны час працы скарочаны амаль напалову, але і карыстальнікаў там зусім не бывае. Таму дзяжурны архівіст заўсёды здзіўляецца, калі нейкі фанат працы перашкаджае яму паглыбіцца ў чытанне службовых журналаў.

Найгорш у час канікулаў хвораму чалавеку. Лекар, які апекаваўся мною, адпачывае на моры, а практыкантка, якая яго заступала, прымаючы вельмі дастойную позу ўсёведнага медыка, накіравала мяне да спецыяліста, які можа заняцца маімі хваробамі толькі пры канцы кастрычніка.

Мёртвы сезон летам — гэта зона ўсялякай бюракратычнай дзейнасці. У гэтым годзе, у сувязі з набліжаючыміся парламенцкімі выбарамі, тысячы партыйных актывістаў вылезлі з кабінетаў і ў спякоце збіраюць подпісы ў найбольш людных пунктах Беластока, Варшавы і іншых гарадоў. У Беластоку летам працуюць найчасцей тыя, якіх грамадскую пазіцыю вызначае статус беспрацоўнага. Лета — спрыяльны час для будаўніцтва і рамонтаў. Таму беспрацоўныя маюць працу, а дробныя інвестары танных выканаўцаў, за якіх не плацяць абавязковых ды касмічна высокіх падаткаў.

Тым часам на вёсцы пенсіянеры і нешматлікія фермеры перажываюць найбольш працавіты час. У агародах, на палях і лугах усё даспела. Селянін не пераносіць такога стану, калі нешта марнуецца ў полі ці агародзе.

Неўзабаве вернуцца з адпачынку інспектары, рэферэнты, дацэнты, дырэктары і іх сакратаркі, а пры канцы жніўня павінна вярнуцца ў нармальнасць грамадскае жыццё.