Ніва № 33 (2362), 19 жніўня 2001 г.

Паспець перад дажджом

Аляксей МАРОЗ

У гэтым годзе жніво распачалося ў пачатку жніўня і хутка набліжаецца да канца. Амаль усе гаспадары жнуць цяпер камбайнамі. Вельмі рэдка сустрэнем снапавязалкі або людзей з сярпом ці касою. Вяскоўцы згодна заяўляюць, што сёлетні плён крыху горшы за мінулагодні.

Каб даведацца, як праходзіць жніво ў Старым Беразове, вырашыў я наведаць Юрыя Ялозу, які гаспадарыць на 270 гектарах. Нядаўна купіў ён камбайн „Дон 1500”, якаснасць працы якога пачалі хваліць аднавяскоўцы. Калі дабраўся я ў Старое Беразова, на панадворку спадарства Ялозаў было пуста. Пазней я даведаўся, што пасля вяртання з малачарні гаспадары наведваюць дом сына Юрыя. Там вызначаецца чарговасць працы ягонага камбайна. На неабгароджаным яшчэ ад вуліцы панадворку стаялі некалькі трактароў і камбайн „Бізон” у частках. Дачка паведаміла, што бацька жне непадалёк вёскі і можна туды лёгка даехаць. Я адразу патрапіў на камбайн, які жаў пшаніцу. Хутка паявіўся гаспадар, з якім завёў я размову пра сёлетняе жніво.

— Збожжа ў гэтым годзе горшае, — пачаў паясняць Павел Петручук, — бо нейкі грыб на ім завёўся. Калоссе чорнае і ненарослае. Я, праўду кажучы, не апырскваў збожжа, бо тады трэба было б яшчэ дакладваць да яго вырошчвання. Але і тыя людзі, якія прымянілі адпаведныя сродкі ад грыба, не ліквідавалі яго. Найгорш аднак, што збожжа цяжка прадаць. Хаця агенцтва будзе плаціць толькі па 600 злотых за тону пшаніцы, то і за гэтую цану цяжка будзе яе прадаць. Сёлетняе зерне дробнае, мала ў ім бялка і глютэну.

У час размовы П. Петручук крыху ўсхваляваўся і неспакойна пазіраў у напрамку камбайна, які затрымаўся пасярэдзіне поля.

— Гэты камбайн з Гайнаўскага СКР прыехаў, — сказаў спадар Павел. — СКР ледзь дыхае цяпер, таму і ягоныя машыны псуюцца. Вось там далей „Дон” ездзіць. Людзі кажуць, што добра жне. Хутка ездзіць, шырока бярэ і чыста малоціць.

Даведаўшыся, як дабрацца да поля з камбайнам „Дон”, вяртаюся ў вёску і ў тумане пылу, які ўзнімаецца на пясчанай дарозе, еду да другога камбайна. Тут на паслугі Юрыя Ялозы чакае больш гаспадароў.

— Гэты „Дон” гектар за паўгадзіны жне. Ужо зраніцы я меў пачаць малацьбу, але Юрый адтэрмінаваў прыезд, бо на месцы ёсць што малаціць. Сёлета ўсюды роўна даспела і калі прыедзе камбайн, будзе жаць у мяне да позняга вечара. Каб толькі перад дажджом паспець. Думаю, што ў гэтым годзе нядрэнны плён будзе, хаця ў некаторых месцах збожжа вылегла і парасло. Найгорш, аднак, што ў гэтым годзе драбнейшае зерне, менш у ім бялка, цяжка такое збожжа прадаць, — заяўляе малады гаспадар Уладзіслаў Раманюк з Махнатага, які гаспадарыць на 50 гектарах, распаложаных каля Махнатага, Старога Беразова і Новаберазова. — Чатыры гады таму купіў я 18 гектараў поля, але зараз не хачу ўжо купляць, бо прыбытак невялікі. Два трактары і ўсе свае сельскагаспадарчыя машыны ёсць, адно камбайна не хапае. Не планую купляць, бо ўсё жніво зашмальцаваны прахадзіў бы і для сябе часу не меў.

Калі размаўляю з Уладзіславам Раманюком, пад’язджае камбайн да пустой прычэпы і пачынае высыпаць пшаніцу.

— Я нават і не спадзявалася, што так добра абродзіць збожжа. А такое ж слабое было, — здзіўляецца спадарыня Марыя Палікатус.

— Але колькі ж за яго возьмеце, калі так слаба плацяць, — уключаецца Ян Асіпюк. — У мяне не было прыбытку, дык толькі гектар абсеяў, а ўсё астатняе аблагом ляжыць. Абора, трактар і машыны ёсць, а пакінуў працу на полі і прыватна дарабляю.

— Калісь па два або тры тыдні жалі, а цяпер шукаюць таполі і ў цянёчку чакаюць, калі чарга дойдзе і камбайн змалоціць, а бывае, што і сварацца, калі не могуць дамовіцца, да каго першага мае прыехаць. Я люблю парадак, дык з граблямі на поле прыязджаю і стараюся прыгрэбці крыху, — кажа Грыша Мароз і заграбае салому, рассеяную каля дарогі. — Гэты камбайн „Дон” вельмі добра працуе. Такіх камбайнаў яшчэ не было ў нашай вёсцы. Шырока бярэ, чыста вее і палеглае збожжа добра падбірае.

— Па гэты камбайн ажно пад Варшаву ездзілі, — паясняе Павел Ялоза, бацька камбайнера Юрыя. — Адзін стары камбайн прадалі, другі рамантуецца, а гэты расійскі працуе добра. Хаця ў сына Юрыя 270 гектараў поля, але толькі на 50 з іх збожжа, 80 гектараў цукровых буракоў, а на ўсім астатнім — кукуруза. Найлепшая яна для рэкультывацыі аблагоў. Апошнім часам сын крыху павялічыў гаспадарку. Калі б усё поле было на месцы, у Старым Беразове, дык і яшчэ дакупілі б. Сёння Юрый малоціць для людзей, але заўтра будзе сабе жаць. Другі сын, Ян, з якім і я жыву, прасуе салому людзям, а толькі пазней пойдзе сваё абрабляць.

Калі размаўляю з гаспадарамі, расійскі камбайн накіроўваецца ў вёску, а Павел Ялоза паведамляе, што і ў ім нешта падводзіць. Гаспадары пераконваюцца, што не толькі польская, але і расійская тэхніка час ад часу здае. Калі на полі не стала „Дона”, і я вяртаюся дамоў.