Ніва № 32 (2361), 12 жніўня 2001 г.

Горы, замкі і гарады Славакіі

Мікола ВАЎРАНЮК

Крутую шашу між Жылінай і Марцінам сцерагуць руіны двух замкаў на стромых скалах. У знаёмай з Браціславы папытаўся я быў, што гэта за замкі. А хто іх ведае, адказала яна шчыра, у Славакіі замкаў і руін многа. Павінна гэта спадабацца дзецям.

Калі пераязджаеце мяжу ў Карбялёве, немагчыма абыякава праехаць побач Араўскага граду — замка, які ўзвышаецца на 80-метровай скале. У яго падножкаў размясцілася мястэчка Араўскі Падзамак, дзе можна паабедаць і заначаваць. А на самім добра адрэстаўраваным замку можна паглядзець, як жылі гаспадары гэтай ваколіцы — вянгерскія ваяводы, або па-іхняму жупаны — ад ХІІІ аж да пачаткаў мінулага стагоддзя. Турыстаў чакаюць розныя спектаклі: фехтавання, палявання з дапамогай сокала, крука і савы, сцэнкі з жыцця сярэднявечнага горада.

Не менш уражвае Спіскі град. Ён не такі высокі, але затое намнога большы. У турыстычных брашурах рэкламуецца як самы вялікі замак Цэнтральнай Еўропы. Не захаваны ён так добра як Араўскі, але і тое, што з яго засталося, выглядае імпазантна. Падыход да яго аказваецца даволі цяжкі, але пот і мазалі на нагах узнагароджваюць краявіды, якія бачым з муроў замка. Тут таксама праходзяць розныя спектаклі і канцэрты. За пару каронаў можаце, напрыклад, стрэльнуць з лука, арбарэта або з невялікай гарматкі.

Пад адным з замкаў перажылі мы паразу. Паводле даведніка, Ліптоўскі град быў у сярэднявеччы найвышэй распаложаным замкам. Яго руіны павінны быць на адной з гор каля вёскі Лючкі (вядомай тэрмальнымі купальнямі і вадаспадамі, якія ўтварае горны ручай). Шукалі мы яго некалькі гадзін, узыходзячы на вышыню, ад якой круцілася мне ў галаве, але так і не ўбачылі праслаўленых муроў. Напатканыя палякі сказалі нам, што ўжо другі год стараюцца іх знайсці. Без рэзультату.

Стомленыя паехалі мы адпачываць у Бешанёвую — у цёплых басейнах з вадой цаглянага колеру. Гэтыя басейны найлепш, аднак наведваць зімою, калі навокал снег, а вада ў іх застаецца такая ж цёплая як і летам — за 30 градусаў. У гарачыя дні, кажуць, пах мінеральнай вады перамешаны са спатнелымі целамі, не такі прыемны. Мы былі ў пахмурны дзень і хоць цяжка было знайсці свабоднае месца ў вадзе, было ўсё О.К.

Горы Славакіі ўражваюць! Але пад’езды і спускі, пахіленыя на 18%, хутка стамляюць непрывыклага да такіх умоў падарожнага. Асабліва ў дождж. Мясцовыя абганяюць на такіх дарогах, быццам на аўтастрадзе. Наконт аўтастрадаў — хоць іх нямнога, але славакі іх будуюць. Чаго не можна сказаць пра палякаў.

Славацкія гарады таксама вартыя ўвагі — невялікія, збудаваныя на чалавечую мерку. Нават сталіца Браціслава налічвае нямнога больш за паўмільёна жыхароў. „У меншых гарадах такая атмасфера, як быццам затрымаўся там час, нават прыгарадскія фабрыкі не сапсавалі непаўторнай аўры старых добрых дзён”, — чытаем у даведніку Паскала. Усе, нават найменшыя, маюць выдзеленую пешаходную зону, дзе знойдзецца патрэбная турыстам інфармацыя, добрыя рэстараны, піва пад парасонамі. Самая прыгожая пешая зона — у Кошыцах, самая прыемная для нас была ў Банскай Быстрыцы, дзе праходзіў міжнародны фальклорны фестываль.

Дасканала захаваным помнікам гарадской сярэднявечнай архітэктуры з’яўляецца Левоча. Гэтае невялікае, соннае па-за турыстычным сезонам мястэчка абмінула пасляваенная індустрыялізацыя. Таму ўсё тут выглядае як у казцы: рынак з рэнесанснай ратушай, познегатычным саборам святога Якуба (з найбольшым алтаром, вышынёй на 18 метраў, аўтарства разбяра ХV стагоддзя — майстра Паўла з Левочы) ці навейшым пратэстанцкім зборам, навакольныя вулічкі, на адной з якіх размяшчаецца найстарэйшы славацкі ліцэй, дзе ў ХІХ стагоддзі навучаў будзіцель нацыянальнай свядомасці славакаў Людавіт Штур, і акаляючыя горад муры са старажытнымі брамамі.

Асобнае месца — гэта Браціслава, якая вякамі жыла ў цяні суседніх метраполій Будапешта і Вены, а 70 гадоў ХХ стагоддзя — Прагі. Цяпер мусіць справіцца з роляй сталіцы малой прыемнай краіны ў Цэнтральнай Еўропе, сімвалам якой могуць быць майкі з абрысам межаў дзяржавы і слядамі босых ног, скіраванымі ў розныя бакі. Сапраўды, Славакію топчуць замежнікі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень. Турызм становіцца важнай крыніцай прыбытку для ўсё большай групы славакаў, замяняючы цяжкую пасляваенную індустрыю як галоўную крыніцу нацыянальнага прыбытку. Гэтую тэндэнцыю асабліва выразна відаць якраз у Браціславе. Калі з граду глянуць на Дунай, дык другі плоскі бераг аброс шматпавярховымі дамамі-спальнямі, а яшчэ далей пакрываецца дымам з многіх комінаў. Затое стары цэнтр, які пастаянна рэстаўруецца — гэта роскаш для душы і асабліва цела: у старых камяніцах многа крамаў, піўнушак, рэстаранаў. Праўда, цэны на Міхальскай вуліцы ўдвая вышэйшыя чым дзве вуліцы далей, але такое правіла ва ўсім свеце: там, дзе многа турыстаў, дзяруць з іх скуру.

Калі ідзе пра славацкую кухню, рэкамендую паспрабаваць лангаш, інакш перапечку на дражджах, галушкі з авечым сырам і капустай, стронгу з рушту, запечаны сыр, бараніну або індычыну робленыя ў розны спосаб, а на дэсерт — палачынкі, то-бок венгерскія бліны з сырам і экзатычнымі фруктамі. Мне спадабалася таксама закуска ў звычайных прадуктовых крамах — марынаваныя сардэлькі ў вялікіх слоіках, быццам нашы агуркі. Мясцовыя бяруць іх да слівавіцы.

Блізкасць славянскіх моў можа быць крыніцай камічных непаразуменняў. У пансіёне „Энды” ў Медзілабарцах у надрукаваным „па-польску” меню можна прачытаць, што некаторыя стравы niezbedne zamawiac dzien przodem, a waga miesa prytacza sie w stanie surowym. А можа хтосьці з чытачоў ведае, што такое rostowana piers z kurczaka?