Ніва № 32 (2361), 12 жніўня 2001 г.

У спадзяванні змен

Яўген МІРАНОВІЧ

У другой палове ліпеня над Польшчай прайшлі навальніцы, у выніку якіх, як і чатыры гады таму, вада заліла палову краіны. Разам з прыходам дэмакратыі заўсёды, калі толькі восенню маюць адбыцца парламенцкія выбары, летам неба пачынае плакаць і становіцца так мокра, што людзям вада вокнамі ў хаты ўліваецца. У 1997 г. да стырна ўлады ўсплыла асаблівая кампанія таварышаў, якія сваім кіраваннем нанеслі грамадзянам большыя затраты, чым вада, вылітая на вуліцы гарадоў з усіх рэчак і ручайкоў.

Чытаючы ў газетах пра Гжэгажа Вячэжака, Владыслава Ямрожага, Эміля Вонсача, Тамаша Шышку і Рамуальда Шарамецева чалавек усведамляе сабе, чаму ў дзяржаўным бюджэце няма грошай на ахову здароўя, адукацыю, культуру і навуку. Аказваецца, што цяпер плацім найвышэйшыя ў свеце кошты за тэлефонныя паслугі. Нашы грошы аднак трапляюць і будуць трапляць на рахунак французскай тэлекамунікацыйнай фірмы, якая „пераканала” былога хрысціянскага міністра Тамаша Шышку, што грамадзянін Польшчы за тэлефон павінен плаціць больш за немца або амерыканца. Карумпаваны ЗХНаўскі чыноўнік, хаця адклікалі яго з пасады, застаецца на свабодзе і можа карыстацца — як гаворыць — „сумленна” заробленымі грашыма. Ніхто і нічога яму не дакажа. Таксама ў добрым самаадчуванні пасля цяжкай працы ў ПЗУ і ЗУС знаходзяцца Вячэжак і Ямрожы, не ўспамінаючы пра іх палітычнае акружэнне, якое доўгімі гадамі дазваляла ім рабаваць дзяржаву і суродзічаў.

У старажытнай Рымскай імперыі дзяржаўнае заканадаўства прадбачвала карумпаваным чыноўнікам высокія кары — асабліва губернатарам правінцый. Праз сотні гадоў існавання імперыі ніякія службы нікому і ніколі не даказалі парушэння гэтага заканадаўства. Кожны рымскі чыноўнік ведаў, што красці трэба столькі, каб забяспечыць сабе і сваім дзецям будучыню ды падарункі пракурорам і суддзям. Праблема толькі ў тым, што нават такая рацыянальная дзяржава як Рым не вытрымала карупцыйнага шаленства.

У тэлебачанні кожны дзень паказваюць палітыкаў, якія ездзяць па ўсіх кутках Польшчы і пераконваюць грамадзян, якімі яны будуць справядлівымі, сумленнымі, як яны не пераносяць карупцыі ды гатовыя з ёю змагацца адразу восенню гэтага года, калі толькі сядуць у дэпутацкія крэслы. Яны кажуць нам як за пару месяцаў стане бяспечна на нашых вуліцах, колькі (не сваіх) грошай адвядуць на асвету, ахову здароўя, культуру і дапамогу беспрацоўным. Самы смешны спадар Ежы Бузэк, які расказвае пра вялікія дасягненні свайго ўрада, а асабліва пра рэформы, якія зрабілі Польшчу цалкам новай краінай. Няцяжка ўявіць, як сябе адчувае беспрацоўны або жанчына, якая кожны дзень стаіць 12 гадзін за прылаўкам за 400 злотых у месяц, калі слухаюць фінансавую справаздачу нашых палітыкаў. Прэзідэнт Варшавы, Павел Піскорскі, якому толькі 30 гадоў, паспеў зарабіць ужо на чатыры вялікія кватэры ў сталіцы, прыдбаў некалькі соцень тысяч новых злотых на ашчаднай кніжцы, удзелы ў некалькіх фірмах і з задавальненнем падкрэслівае, што трэба выбіраць у парламент такіх як ён, якія ўмеюць клапаціцца пра сябе і сваю сям’ю.

Прапанова, каб на паслоў і сенатараў выбіраць багатых — рацыянальная. Такая практыка здаўна вядомая ў найбольш заможных краінах. У багатых найчасцей таксама багатыя калегі, добрыя дамы, самаходы, запоўненыя рахункі ў банках ды ёсць надзея, што не будуць яны так нахабна красці, як новыя людзі, якія толькі што прыйшлі да ўлады. Практыка апошніх чатырох гадоў паказвае, што новыя кідаюцца на публічныя грошы ў перакананні, што гісторыя дала ім пяць хвілін і малапраўдападобна, што другі раз атрымаюць такі шанц. Цягнуць яны за сабой усю павятовую галоту, калегаў, кумоў, шваграў, ствараюць новыя цэнтральныя ўстановы, камітэты і інстытуты, самі сябе назначаюць старшынямі, дырэктарамі, дзяржаўнымі сакратарамі. Аказалася, напрыклад, што грошы з ЗУС, якія павінны былі ісці на рахункі будучых пенсіянераў, выцякалі на патрэбы нейкіх дзіўных парафіяльных камітэтаў, фондаў падтрымкі павятовым або гмінным арганізацыям, якімі кіравалі сваякі дзяржаўных чыноўнікаў. Малапраўдападобна, што забраныя працоўным грошы калі-небудзь вернуцца ў іх пенсійныя фонды.

Найгоршае аднак тое, што пасля 10 гадоў дэмакратыі звычайны чалавек не ведае, на каго галасаваць. Пра палітыкаў людзі інакш не кажуць як „зладзеі”. Кожная гутарка пра выбары канчаецца адным сказам: „А для мяне ўсё адно хто красці будзе наступныя чатыры гады”. Усё менш грамадзян верыць у дэмакратыю. Магчыма, што гэта таксама вынік сацыяльнага становішча большасці польскіх сем’яў, але адмоўнае мышленне выразна дамінуе. У такой псіхалагічнай абстаноўцы нарадзілася ў васьмідзесятых гадах „Салідарнасць”. Сёння няма альтэрнатыўнай ідэі, замежных пратэктраў, ні Касцёла, які зараз ідэйна атаясамліваецца са скампраметаванай уладай. Ёсць толькі пачуццё безнадзейнасці і разгубленасці вялікай часткі грамадства. Інакш чым чатыры гады таму сярод польскіх элітаў не адчуваецца спадзявання на змены пасля выбараў. Гэта не найлепшы знак часу.