Ніва № 32 (2361), 12 жніўня 2001 г.

Усходы па Нобелеўскую прэмію

Ганна КАНДРАЦЮК

— Найбольшую рэкламу Беларусі ў Скандынавіі зрабілі Чарнобыль і Лукашэнка. Баюся, што калі не будзе Лукашэнкі, не будзе і цікавасці да Беларусі, — сказаў Дзмітры Плакс cа Швецыі, зорка трэцяга трыялога „Беларусь — Скандынавія — Расія”. Госць з краіны Нобелеўскай прэміі ехаў на салоны Villa Sokrates у заходнім стылі: найперш самалётам, пасля цягніком, далей на таксі, на канец перасеўся на фурманку.

— І кожную гадзіну мне тэлефанаваў, — жартаваў пасля Сакрат Яновіч.

— Я тэлефанаваў не таму, што заблудзіў, — не аставаўся ў даўгу госць, — а таму, што хацелася з вамі пагаварыць!

To jest impreza na poziomie

Den Vitryska Trialogen Vitryssland — Skandinavien — Ryssland (Беларускі трыялог Беларусь — Скандынавія — Расія), арганізаваны аб’яднаннем Villa Sokrates, праходзіў з 27 па 29 ліпеня г.г. у Лапічах непадалёк Крынак. У агратурыстычны пансіён спадарства Маршалкаў з’ехала 14 гасцей з Беларусі, Швецыі, Польшчы і Расіі. Удзельнікі трыялога заняліся праблемай літаратурнай Скандынавіі і Расіі ў дачыненні да Беларусі.

На адкрыццё мерапрыемства прыехаў прыхварэлы войт Багуслаў Мар’ян Панасюк:

— То jest impreza na poziomie, elitarna. Stad idzie dla nas reklama w swiat, — войт найперш прывітаўся па-польску а пасля адазваўся і па-беларуску.

— Швецыя ў адрозненні ад Расіі нам дапамагае, — гаварыў Сакрат Яновіч, гаспадар трыялога, — бо ў нас як у шведаў падобны мужыцкі менталітэт, нас спалучае сялянскі лёс.

Ларыса Шчавінская і Юры Лабынцаў, расійскія даследчыкі беларускай тэмы, не пагаджаліся з закідам. Аднак часта пра беларускую культуру казалі „наша” і як адзіныя сярод гасцей не карысталіся беларускай мовай.

Свята братоў Кабацаў

На добры пачатак гаспадары падрыхтавалі мастацкі пачастунак, родам з-пад Белавежскай пушчы. Трыпціх братоў Кабацаў — „Тры краявіды памежжа”: прэзентацыю літаратурна-перакладчыцкай творчасці Яўгеніюша Кабаца, вернісаж Віктара Кабаца і фотавыстаўку архітэктуры Яна Кабаца.

Жывапіс Віктара Кабаца насычаны колерамі і стыхійнай атмасферай Белавежскай пушчы.

— Гэтую цудам ацалелую святыню натуры можна маляваць без канца, жаль толькі, што жыццё для гэтага закароткае, — гаварыў мастак.

— Царква Святога Духа ў Беластоку інспіраваная маімі ўспамінамі з дзяцінства, — архітэктар Ян Кабац здзівіў нават Сакрата Яновіча, якому манумент хутчэй спалучаўся з Ноўгарадам. — Царква ўяўляе сабой божае полымя, а яно мне нагадвае сярэдзіну царкоўкі ў Нараўцы, са згараючымі свечкамі, іх пахам, святлом і цеплынёй.

Наконт Ноўгарада таксама пайшлі заўвагі, бо ў сутнасці ён паўтарае полацкі стыль.

Яўгеніюш Кабац, эсэіст і перакладчык, аўтар „П’янага анёла”, гаварыў таксама пра ўплыў на яго творчасць часоў дзяцінства і маладосці, праведзеных пад Нараўкай (народжаны ў Ваўкавыску на Беларусі). Творчасць эсэіста таксама свайго роду польска-беларуска-італьянскі трыпціх.

Заалагічная экзотыка

Ці атрымае ў найбліжэйшы час Нобелеўскую прэмію Васіль Быкаў? Вінаватыя ў першую чаргу беларускія інтэлектуалы. Гэта ім найперш трэба заняцца ствараннем добрага грунту дзеля матэрыялізацыі гэтага пытання. Наколькі зараз беларускай папулярнасці спрыяе паганая слава Чарнобыля і Лукашэнкі — шанец вялікі!

— Для звычайнага шведа Беларусь успрымаецца як заалагічная экзотыка. Апошнімі гадамі рэкламу зрабіў Лукашэнка, бо яшчэ пяць-шэсць гадоў трэба было б выкладаць геаграфію Еўропы, каб растлумачыць, дзе тая краіна ёсць, — гаварыў Дзмітры Плакс, мастак, паэт і перакладчык на шведскую мову, эмігрант з Беларусі, пражываючы ў Стакгольме. Ён таксама пацвердзіў падабенства паміж нашымі народамі.

— Шведы гэта багатыя беларусы. Іх цікавіць найперш тое, што ў асабістым агародзе. Навіны ў тэлебачанні пачынаюцца ньюсам тыпу „Лось перайшоў дарогу”.

Беларуская літаратура па-расійску

Першы беларускі аўтар, якога пераклалі на шведскую мову — Максім Багдановіч. Пасля, за савецкіх часоў, усе беларускія аўтары існавалі як прадстаўнікі савецкай літаратуры, якіх перакладалі з рускай мовы. Васіль Быкаў у сваю чаргу перакладаўся таксама з рускай мовы, аднак успрымаўся як беларускі пісьменнік. Зараз вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі Святланы Алексіевіч пра Чарнобыль. Дарэчы, таксама рускамоўную літаратуру беларускіх аўтараў шведы ўспрымаюць як беларускую. Вялікую ролю ў прамоцыі беларускай культуры на Захадзе выконвае часопіс „Монолог”. Па сённяшні дзень не існуе шведскі пераклад з мовы арыгінала. Таксама як не існуе ў прыродзе шведска-беларускі і беларуска-шведскі слоўнік. Ластаўкай у гэтай справе з’яўляецца нядаўна заснаваны факультэт шведскай мовы на Лінгвістычным універсітэце ў Мінску, — паінфармавала перакладчыца з англійскай мовы Алена Таболіч.

Усходамі па асабістай ініцыятыве

Чарнобыль і дыктатура Лукашэнкі (зноў парадаксальна) спрычыніліся да шэрагу цэнных — гуманітарных, культурных і палітычных акцый. У 1999 годзе Шведскі Інстытут у Стакгольме пачаў рэалізаваць праект „Пратнёрства ў культуры”, накіраваны на Прыбалтыку, Расію і Беларусь. У рамках праекта была выдадзена невялічкая анталогія беларускай сучаснай літаратуры. У верасні 2000 года ў Гётэбаргу ў час кніжніх таргоў вялася прамоцыя беларускай літаратуры „Беларусь — вольнае слова”, якая, дарэчы, карысталася вялікім зацікаўленнем.

У Беларусі ў сваю чаргу (як ва ўсім свеце) шведская літаратура вядомая і пажаданая. Асабліва дзіцячая, тыраж некаторых выданняў сягаў сенсацыйнай (для Беларусі) лічбы — 75 тысяч экземпляраў!

— Калі з’яўляецца ў нас новы пераклад са скандынаўскай літаратуры, — гаварыў перакладчык Лявон Баршчэўскі, — ён па асабістай ініцыятыве аўтара.

Сярод „белавежскіх” літаратараў перакладзеныя толькі апавяданні Сакрата Яновіча — на нарвежскую мову — таксама па асабістай ініцыятыве гданьскай перакладчыцы Івоны Чайко.

— Спадзяюся, што і нас, „белавежцаў”, заўважаць, — гаварыў Сакрат Яновіч, рэдактар „Annus Albaruthenicus” — і дадаў, што чарговы нумар выдання будзе прысвечаны шведска-беларуска-рускім перакладам.

На жаль, сярод удзельнікаў трыялога не пашанцавала сустрэць ні аднаго „белавежца” — нават Віктара Шведа, якога апрача прозвішча спалучае са Скандынавіяй таленавітасць у дзіцячай літаратуры.

Сам Яновіч наракаў на недахоп зацікаўлення і падтрымкі з боку беларускіх інтэлектуалаў. Хаця, як сам адзначыў — у свеце ўсе важныя ініцыятывы трымаюцца на адной галаве.