Ніва № 31 (2360), 5 жніўня 2001 г.

Купалле ў час электроннай цывілізацыі

Яўген МІРАНОВІЧ

У адрозненні ад рэдакцыйных калегаў на сёлетняе „Басовішча” я паехаў не дзеля музыкі, але па звычайнай цікаўнасці пабачыць як выглядае свет альтэрнатыўнай культуры, беларускі Яроцін. У плынях сучаснай авангарднай музыкі зусім не разбіраюся, таму маю ўвагу прыцягвала перш за ўсё спантаннасць тэатральных форм жыцця маладога пакалення.

На „Басовішчы” не быў я ўжо пяць гадоў, таму шмат усялякіх новасцей зразу кідалася ў вочы. Едучы з Заблудава ў напрамку Гарадка на дарозе заўважалася шмат невялікіх груп маладых людзей, якія несумненна накіроўваліся на гэты фестываль. За Міхаловам рух на дарозе напамінаў паломніцтва да святога месца. Выглядала так, быццам усе маладыя жыхары мястэчка падаліся ў бежанства ў Гарадок. Паклоннікі рок-музыкі з Міхалова вымушаны былі праходзіць побач разбітага пару хвілін раней самахода, у якім жыццё патраціла іх двух калег. Ад „Паланеза”, на якім маладыя людзі ехалі ў Гарадок, асталіся толькі фрагменты канструкцыі.

Жыхары Гарадка, каб паслухаць музыку, не патрабавалі нават ісці ў адлеглы на 1,5 кіламетра Барык. На вуліцах Гарадка можна было нават пачуць змест песень, адрозніць паасобныя словы артыстаў. Ля эстрады, прынамсі для мяне, гэта здалося немагчымым. Раздаваўся так вялікі галас, што векавыя сосны хісталіся ад хваляў, выплываючых з гукаўзмацняльнікаў. Музыка гэтая зусім не парушала некалькіх маладзёнаў, якія хіба ад шчасця абамлелі і цэлым целам прытуліліся да маці-зямелькі.

У лесе вакол эстрады сваімі справамі займаліся некалькі тысяч маладых людзей. Арыгінальнасць вопраткі і прычосак большасці хлопцаў і дзяўчат была проста захапляючая, а атмасфера неабмежаванай свабоды была выразна адчувальнай. Паводле маіх уяўленняў, прыблізна так магло выглядаць старажытнае Купалле, калі кожны малады чалавек мог зусім спантанна прадэманстраваць сваю адметнасць і арыгінальнасць, а яго паводзіны не выклікалі нічыйго абурэння. Купальскія ночы, арганізаваны шматлікімі нашымі дзеячамі, а асабліва з удзелам пенсіянерак у ролі дзяўчат пускаючых вянкі на ваду, гэта праява нечага зусім супярэчнага з натуральным парадкам свету.

Спантаннасць на „Басовішчы” відавочная была перш за ўсё каля самой эстрады, дзе пару дзесяткаў чалавек выконвалі рухі, якія іншыя называлі танцам. Калі на сцэну выходзілі артысты, якія пачыналі іграць больш дынамічна, група танцораў маланкава пабольшвалася. Пыл, які падымаўся ад гэтых сапраўды эмацыянальных танцаў, быў найлепшым паказчыкам рэакцыі на тое, што адбывалася на эстрадзе.

Арганізаваць „Басовішча” ў канцы васьмідзесятых гадоў пачынала пакаленне, якое адчувала патрэбу адраджэння беларускасці сярод моладзі. Музыка мела быць толькі дадаткам да ідэі. Пасля дзесяці гадоў ветэраны „Басовішча” пасівелі, палыселі і ў два разы сталі шырэйшымі чым былі ў студэнцкі час. Іх даўнія ідэі маглі б хутчэй за ўсё рассмяшыць удзельнікаў сёлетняй імпрэзы. Сучасны фестываль гэта перш за ўсё музыка, якая стварае нагоду для непасрэднай сустрэчы людзей пакалення электроннай і пластмасавай цывілізацыі. Адчуваецца, што для большасці ўдзельнікаў найважнейшай ідэяй сучаснага „Басовішча” з’яўляецца проста быць разам у сваёй кампаніі, на пару дзён адпачыць ад усялякага маралізатарства, і таго, што акружэнне называе нармальнасцю. Гэта несумненна нейкая форма бунту пакалення супраць дамінуючага над ім устарэлага свету. Там нават маладым палякам, якія хіба ўжо складаюць большасць удзельнікаў фестывалю, не перашкаджае беларуская мова на эстрадзе. Хто ведае, можа гэта іх своеасаблівае супраціўленне бацькоўскаму нацыяналізму. Універсалізм імпрэзы абмяжоўваецца аднак выразна да моладзі.

Жыхары Гарадка, якія раней масава прыходзілі ў Барык, дзе адбываецца фестываль, у гэтым годзе былі незаўважальнымі. Маючы асабісты вопыт, магу толькі здагадвацца прычын іх адсутнасці. Хаця цікава было паглядзець на гэты тэатр, які адбываўся ў гарадоцкім лесе, а атмасфера маладосці, спантаннасці і свабоды магла прывесці ў добры настрой нават найбольшых катастрафістаў, мой устарэлы чэрап доўга не вытрымаў пануючага там шуму. „Басовішча” гэта імпрэза для маладых і для тых, якія хочуць адчуваць сябе маладымі.