Ніва № 30 (2359), 29 ліпеня 2001 г.

Полацка чарадзейны воблік

Ганна КАНДРАЦЮК

Усе шляхі Беларусі вядуць у Полацк. У сэрца краіны. Мы, як старажытныя варагі, прыімчалі сюды ад поўначы, шашой паўз Заходнюю Дзвіну.

— О-го! Заваяваць такі горад, хай сабе і ў турыстычным сэнсе, не хаханькі!

Яшчэ з-за Дзвіны, калі толькі спазіралі на горды Полацк, на душы рабілася жэшка. Распальвала панарама з Сафіяй. Трывога, не меншая за Дзвіну, выцякала аж з самой старажытнай крыніцы — „Слова пра паход Ігаравы” — там палонены ў Кіеве Усяслаў Чарадзей чуў званы Сафійскай царквы.

* * *

Наш першы прыпынак ля помніка Францішку Скарыну. Манумент першадрукару Усходняй Еўропы паставілі адносна нядаўна, у 1974 годзе. Палачанін Скарына, адукаваны ў еўрапейскіх універсітэтах, таксама пачынальнік беларускай пісьмовай паэзіі. Хараство ён лічыў праявай разумнай гармоніі жыцця. Мастацтва — сілаю, што можа звязаць чалавека з сэнсам жыцця, навесці гармонію ў душы, ачысціць яе ад страху і зайздрасці.

Далей, каб не псаваць полацкі смак сучаснай саветчынай, мы падаліся ў Верхні замак.

У Богаяўленскай царкве ХVI ст. рыхтаваліся да багаслужбы. Царква выяўляе ўдалае спалучэнне стыляў барока і класіцызму. Разам будынкі манастыра, дзе зараз размешчаны Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.

Сярод экспанатаў старадрукі ХVI-XVIII стст., у прыватнасці „Вучыцельнае Евангелле” (Вільня 1595), „Катэхізіс” (Гродна 1792), рукапіс „Пяцікніжжа Майсеева”, напісанае на пергаменце ў канцы XIX ст. на іўрыце, выданні XIX-ХХ стст., а таксама сучасная друкаваная прадукцыя беларускіх выдавецтваў.

— А ці ёсць у вас арыгінальнае выданне Францішка Скарыны? — папыталі мы спадарыню-гіда.

— На жаль, у нас толькі муляж, — пачуўся для ўсіх нас сарамлівы адказ.

— Жах! — каб у родным Полацку не мелі Скарыны?

* * *

У музеі мы зведалі мастацкую выстаўку Тацяны Козік „Птушыны рай”. Габелены Тацяны Козік сатканы на матывы беларускіх паэтаў, сугучных полацкай метафізіцы. Сярод іх падляшскі матыў — габелен паводле першага твора Надзеі Артымовіч „Ой, ляцелі гусі”. Прысутнасць бельскай паэткі ў старажытным горадзе Рагнеды, Усяслава Чарадзея, Еўфрасінні Полацкай, Францішка Скарыны яднала нас духова з месцам і яго хараством.

Далей... пайшло чыстае чарадзейства. Ля выхаду з музея мы сустрэлі полацкую паэтку Іну Снарскую.

— А вы тут што робіце? — прывіталася з Ленай Глагоўскай не менш здзіўленая Іна Снарская. Паэтка прыехала разам з сынам з Палтавы на некалькі дзён у родны горад.

— Пайшлі да Сафіі, — заапекавалася намі Іна Снарская. Раней мы заказалі абед у рэстаране, што размешчаны ў падвалах Богаяўленскага манастыра.

* * *

Ля старажытнай Сафіі Іна Снарская прачытала свае вершы. Яны ўспрыняліся як малітва, якую ўдыхалі мы разам з духам горада і відам старажытнай святыні. У гонар аўтаркі зборніка „Пачакай, мая птушка”, пісаў Рыгор Барадулін:

Іна Снарская. Паэтка са слаўнага места Полацка. З шляхетнага роду. Пра паноў Снарскіх узгадвае Ян Баршчэўскі ў сваёй кнізе „Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.

Іна Снарская паэтка апантаная, утрапёная. Вершы жывуць у ёй... Вершы прыходзяць да паэткі ў снах. А сны вешчыя Полацк упадабаў яшчэ ў сівую даўніну. Гэта ў Полацку княжыў Усяслаў Чарадзей. Памятаеце, у „Слове пра паход Ігаравы”: „Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана ў званы ў святое Сафіі, а ён той звон чуе ў Кіеве”.

Лёс кінуў паэтку на Украіну, як Усяслава Чарадзея. І як птушкай з выраю, піша Барадулін, ляцяць дадому акрыленыя радкі Іны Снарскай.

Разам з малітвай-паэзіяй Іны Снарскай мы каштавалі прыроду і міфалогію беларускай зямлі. На здзіў — яна паказалася свойскай і блізкай Падляшшу, нашай духовасці.

* * *

Вандроўку па горадзе завяршаем наведаннем Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. У старажытнай царкоўцы Еўфрасінні, якую паэты параўноўваюць з белай птушкай, пахла стагоддзямі. З муроў натхнёна глядзелі анёлы і святыя. Пакланіўшыся святыні, мы рушылі ў далейшую дарогу. Пасля доўгіх пошукаў мы знайшлі ціхую вёсачку Будобаль над ракой Обаль. Тут сустрэла нас людская цеплыня і ветлівасць. І радасць ад сустрэчы са звычайнымі сялянамі.