Ніва № 30 (2359), 29 ліпеня 2001 г.

Рыхтуецца даведнік аб беларускіх дзеячах у Польшчы

Віталь ЛУБА

14 ліпеня 2001 г. у Беластоку адбылося пасяджэнне Управы Беларускага саюза ў Рэспубліцы Польшча.

Першай тэмай, якая ставілася на разгляд, былі вынікі ІІІ З’езда беларусаў свету. Крытычную ацэнку з’езду даў старшыня Літаб’яднання „Белавежа” прафесар Ян Чыквін. Паводле яго, з’езду не хапіла канкрэтнасці, а Вялікая рада аказалася дэкаратыўнай структурай, якая на практыцы не дзейнічае (не склікаюцца пасяджэнні і не прымаюцца пастановы). „Нам трэба рабіць прагматычную пазітывісцкую працу і не вязацца толькі з «Бацькаўшчынай»”, — сказаў Ян Чыквін. Пятро Юшчук, які ўдзельнічаў у сустрэчы ў Савеце Міністраў, паведаміў, што ІІІ З’езд атакаваўся афіцыйнымі чыннікамі як нерэпрэзентатыўны форум (дзяржаўныя ўлады намерваюцца восенню склікаць Форум беларусаў свету, пасля прэзідэнцкіх выбараў). Беларускі саюз у РП вырашыў утрымліваць шчыльныя кантакты са Згуртаваннем беларусаў свету „Бацькаўшчына” і не ўдзельнічаць у палітызаваных акцыях урада Рэспублікі Беларусь.

Чарговай справай, якая абмяркоўвалася на сходзе, быў удзел Беларускага саюза ў выбарчай кампаніі 2001 года. На сёлетніх парламенцкіх выбарах Беларускі саюз вырашыў не ствараць свайго выбарчага камітэта, а толькі падтрымаць асобу Андрэя Карчэўскага — старшыні Беларускага аб’яднання студэнтаў, які балаціруецца са спіска Уніі вольнасці. Вырашана таксама афіцыйна раскінуць выбарчае пагадненне БС з Уніяй працы, паколькі апошняя не стрымала абяцання змясціць на спісках кааліцыі СЛД-УП беларускага кандыдыта, які карыстаўся б падтрымкай Беларускага саюза.

Управа Беларускага саюза вырашыла яшчэ ў гэтым годзе выдаць трохмоўны (на беларускай, польскай і англійскай мовах) даведнік аб беларускіх арганізацыях, згуртаваных у БС. Выкананне гэтай выдавецкай ініцыятывы даручана старшыні БС Яўгену Вапу. Вырашана таксама пачаць работу па падрыхтоўцы біяграфічнага даведніка аб беларускіх дзеячах у Польшчы. Праца над даведнікам разлічана на некалькі гадоў. У выданне праўдападобна будуць занесены прозвішчы тых дзеячаў, якія жылі і працавалі на тэрыторыі цяперашняй Польшчы пасля 1945 года. Каардынатарам прац па падрыхтоўцы біяграфічнага даведніка стаў прафесар Ян Чыквін.