Ніва № 30 (2359), 29 ліпеня 2001 г.

Сем гадоў дарогі ў нікуды

Яўген МІРАНОВІЧ

10 ліпеня 1994 года пасля другога тура выбараў прэзідэнтам Беларусі стаў Аляксандр Лукашэнка. Большасць грамадзян Беларусі галасавала на маладога тады палітыка ў надзеі, што створыць ён, як абяцаў, эканамічны дабрабыт, справядлівасць і верне ўладзе моцна паднішчаны трохгадовым кіраваннем дзяржавай Вячаславам Кебічам аўтарытэт. Кебіч, дарэчы, быў галоўным канкурэнтам Лукашэнкі на гэтых выбарах. Галасуючы за Лукашэнку грамадзяне Беларусі выказаліся за змены.

Першы прэзідэнт Беларусі не надта аднак ведаў, што можна зрабіць з гаспадаркай ва ўмовах узніклай рынкавай сістэмы. Не ведалі гэтага яго дарадчыкі, у пераважнай большасці афіцэры савецкага КДБ. Таму ўся актыўнасць новай прэзідэнцкай каманды накіравалася на знішчанне палітычнай канкурэнцыі. Чэкісты рабілі проста тое, што ўмелі найлепш. Не зважалі прытым на факт, што вакол іх усё памянялася. На апазіцыйных дэпутатаў у будынак парламента пасылалі спецыяльныя падраздзяленні міліцыі. Цэнзура і манапалізацыя дзяржавай сродкаў масавай інфармацыі сталі першымі крокамі ў працэсе пабудовы аўтарытарнай дзяржавы.

Пасля першага рэферэндуму ў 1995 г. пайшла атака на асноўныя атрыбуты беларускай незалежнасці. Прэзідэнт, які ў кожнай краіне з’яўляецца гарантам суверэнітэту, у Беларусі стаў ініцыятарам падпарадкавання дзяржавы суседняй краіне. Мову нацыі, якая толькі што вызвалілася ад статуса мовы каланіяльнага люду, лукашысты нанава прывялі ў стан маргінальнасці, а дзяржаўны герб і нацыянальны сцяг памянялі на сімвалы залежнасці ад Расіі. Ліквідавалі нават свята 27 ліпеня, устаноўленае камуністычным Вярхоўным Саветам для ўшанавання памяці аб аб’яўленні Дэкларацыі суверэнітэту Беларусі. Святам лукашэнкаўскай Беларусі стала дата ўваходу Чырвонай Арміі ў Мінск у ліпені 1944 г.

Пасля другога рэферэндуму ў лістападзе 1996 г. ліквідаваны былі астаткі нядаўна ўстаноўленых фундаментаў дэмакратыі. У крытычны момант, калі ад прэзідэнта пачалі адыходзіць людзі з яго акружэння і здавалася, што наступае канец царствавання Лукашэнкі, у Мінск з падтрымкай прыехаў сам прэм’ер-міністр Расіі Віктар Чарнамырдзін, які назначыў тады яго маскоўскім намеснікам у Беларусі.

Сем гадоў кіравання Беларуссю Аляксандрам Лукашэнкам гэта для народа вялікая страта часу. Суседзі Беларусі за той час спрабавалі наладжваць грамадскі і палітычны парадак у сваіх краінах паводле дэмакратычных правілаў. Здаецца, усе навокал добра зразумелі, што гэта не простая дарога, а наадварот, шлях ад таталітарызму да дэмакратыі патрабуе таксама ахвяр у выглядзе беспрацоўных, абкрадзеных усялякімі махлярамі, але нікому яшчэ не захацелася вяртацца да старога свету. У працэсе канфрантацыі мільёнаў супярэчных чалавечых інтарэсаў і пошукаў спосабаў іх вырашэння фарміруецца грамадства, якое будзе несці адказнасць за сваю бацькаўшчыну. Выглядае на тое, што частка зладзеяў са званнем міністраў, дырэктараў ці старшынь таксама ў дэмакратычнай сістэме трапіць там, дзе іх месца. Шляхам пабудовы прававых дзяржаваў пайшлі балты і амаль усе народы Сярэдняй Еўропы. Альтэрнатывай з’яўляецца таталітарызм, але тады грамадству астаецца толькі ўвесь час чакаць ласкавага і справядлівага дыктатара, якога ў прыродзе звычайна не бывае.

Беларусы ў адрозненні ад суседніх народаў былі пазбаўлены магчымасці грамадзянскай адукацыі. Не ўзніклі там самаўрадавыя структуры, якія прымушаюць усялякіх лакальных палітыкаў улічваць у сваёй дзейнасці, апрача сваіх, таксама інтарэсы мясцовага грамадства. У таталітарнай дзяржаве асноўным паказальнікам для такіх палітыкаў з’яўляецца вышэйшы рангам чыноўнік у вертыкальнай сістэме падпарадкавання.

У Беларусі грамадства ніколі не стала суб’ектам палітыкі. У той час, калі іншыя посткамуністычныя народы вучыліся дэмакратыі, беларусы маглі толькі падпарадкоўвацца дэкрэтам Лукашэнкі або пратэставаць супраць дыктатуры. Не ўзніклі ў рэспубліцы ўмовы, якія прымушалі б грамадзян думаць катэгорыямі дзяржавы і браць адказнасць за яе лёс. У гэтым сэнсе ў Беларусі яшчэ нават не пачаўся працэс пабудовы грамадства. Нават калі б нейкім цудам адышоў Лукашэнка і прэзідэнтам стаў перакананы дэмакрат, вымушаны быў бы ён кіраваць дзяржавай, карыстаючыся зразумелымі жыхарам краіны механізмамі ўлады. Усё трэба было б пачынаць з нуля.

Сем гадоў дыктатуры Лукашэнкі гэта не толькі катастрофа для нацыянальнай і грамадзянскай адукацыі, але таксама нявырашаныя ўсе гаспадарчыя праблемы. Парваная сувязь са светам не спрыяе мадэрнізацыі гаспадаркі. Сярод дзяржаўнага кіраўніцтва няма таксама зразумення для рынкавай гаспадаркі. Карупцыя, нягледзячы на арышты чарговых дырэктараў вялікіх прадпрыемстваў, не стала меншай чым у іншых краінах, а ценевая зона ў гаспадарцы ахоплівае палову абмену фінансавых аперацый. Устанаўленне, побач дзяржаўнай, прэзідэнцкай адміністрацыі, а затым і маёмасці, вярнула толькі логіку ўласнасці, характэрную царскай Расіі. Упарадкаванне палітычнай і гаспадарчай сістэмы ў Беларусі патрабуе доўгіх гадоў, пры ўмове, што ў найбліжэйшым часе наступіла б нейкая змена ў найвышэйшым кіраўніцтве. Гэта аднак малапраўдападобна.